Вы тут

Пачынаем з малога. Што наперадзе?


Стартавы дзень чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў здзіўляў марозным надвор'ем, гарачай падтрымкай гледачоў і… славутымі гасцямі.

[caption id="attachment_72259" align="alignnone" width="600"]19-44 Спартсмену з Бразіліі (на пярэднім плане) было няпроста, але ён, як і ўсе, змагаўся за перамогу.[/caption]

«Упершыню ўзяла ў рукі вінтоўку — у Раўбічах»

Не пазнаць алімпійскую чэмпіёнку 1988 года Анфісу Разцову было немагчыма. Жвавая і неверагодна харызматычная бландзінка ў пярэстым спартыўным касцюме была нарасхват у журналістаў, валанцёраў і звычайных балельшчыкаў. На чэмпіянат свету ў Мінск экс-чэмпіёнка Алімпіяды ў Калгары прыехала з дзвюма дочкамі. Старэйшая з іх, Крысціна, у першы дзень спаборніцтваў выступала ў індывідуальнай гонцы і фінішавала трынаццатай.

Сама ж Анфіса Анатольеўна ахвотна дзялілася ўспамінамі, звязанымі з Раўбічамі.

— Упершыню я тут пабывала ў 1984‑м на зборах каманды мужа. І менавіта ў «Раўбічах» узяла ў рукі вінтоўку. Трэнер мужа казаў: «Біятланісткай будзе!» На што я адказвала: «Ды што вы! Жанчына са стрэльбай? Ніколі!» І вось чым гэта абярнулася.

[caption id="attachment_72258" align="alignnone" width="600"]19-43 Бе­ла­рус­кія ба­лель­шчы­кі ак­тыў­на пад­трым­лі­ва­лі сваю збор­ную.[/caption]

Хуткасць ёсць, меткасць пакуль падводзіць

Але вернемся да першых вынікаў. Найлепшай беларускай у фінішным пратаколе індывідуальнай гонкі, у якой спаборнічалі дзяўчаты да 19 гадоў, стала Крысціна Мазурына. З дзвюма штрафнымі «хвілінамі» (у юнакоў — 45 сек. штрафу. — Аўт.) біятланістка скончыла гонку на 12‑м месцы. Дзяўчына адправілася на дыстанцыю ў ліку апошніх, але, як прызналася карэспандэнту «Звязды», гэта не стала для яе непрыемнай акалічнасцю.

— З надвор'ем пашанцавала: траса была ў добрым стане, не паспела «разбіцца», як звычайна бывае пад канец гонкі. Вецер перашкаджаў толькі на апошнім агнявым рубяжы. Вядома, шкада, што на першай «стойцы» двойчы прамазала. Напэўна, ад хвалявання… Тым не менш першая з беларусак — гэта нядрэнна! У спрынце пасрабую выступіць яшчэ лепш.

У трыццатку трапілі і астатнія беларускі — Дар'я Блашко (17), Дзінара Алімбекава (27) і Ганна Сола (29). Дарэчы, гэтае трыа прадэманстравала выдатную хуткасць на дыстанцыі (Ганна Сола, напрыклад, пры 9 (!) штрафных хвілінах прайграла пераможцы з Украіны крыху больш за 5 хвілін). Так што ў спрынце, дзе толькі два агнявыя рубяжы, наша каманда можа разлічваць на больш высокія месцы.

Больш за ўсіх з прызёраў індывідуальнай гонкі радавалася ўсмешлівая Інгрыд-Ландмарк Тандрэволд з Нарвегіі. Дзяўчына прызналася, што перад прыездам у Мінск не ведала, што траса ў Раўбічах настолькі складаная.

— Мне спатрэбілася шмат трэніровак, каб добра вывучыць трасу і зразумець, на якіх адрэзках можна крыху адпачыць. Напэўна, занадта добра вывучыла — і крыху перабольшыла з адпачынкам, бо сваёй хуткасцю я не вельмі задаволена. На фінішы зірнула на табло і зразумела, што толькі больш-менш стабільная стральба дазволіла ўзысці на подыум.

Госця са Скандынавіі, да якой, між іншым, звычайныя балельшчыкі звярталіся з просьбай сфатаграфавацца, як да сапраўднай «зоркі», кажа, што здзівілася колькасці білбордаў з выявай Дар'і Домрачавай на пад'ездзе да Раўбічаў:

— У Нарвегіі нашы біятланісты, асабліва мужчыны, таксама вельмі папулярныя. Але перш за ўсё дзякуючы добраму піяру і маркетынгу. У вас жа папулярнасць Домрачавай мае іншую прыроду, і гэта выдатна. Вядома, такой неверагоднай спартсменкай, як Дар'я, трэба ганарыцца.

19-49

Дэбют атрымаўся!

Юнакі выйшлі на старт, калі сонейка знікла ў шэрым палатне неба, а мароз стаў больш мяккім. Зрэшты, выступленне хлопцаў таксама адрознівалася значнай колькасцю штрафных «хвілін» і вялікімі адрывамі на фінішы. І толькі ў аднаго біятланіста атрымалася адстраляцца «на нуль». Вызначыўся датчанін Андэрс-Эміл Шылеруп, які ў выніку ўзняўся на другую прыступку п'едэстала.

Беларуса Рамана Шынкевіча, што да апошняга агнявога рубяжа захоўваў шанцы на пападанне ў прызавую тройку, трэцяя штрафная «хвіліна» адсунула на восьмую пазіцыю. Тым не менш, як лічыць сам Раман, дэбют на чэмпіянаце свету атрымаўся.

— Літаральна перад стартам «індывідуалкі» я захварэў. Спрабаваў правільна раскласці сілы па дыстанцыі, але не зусім атрымалася. Ды і апошні промах быў лішнім. Чаму так здарылася? Тут і стомленасць паўплывала, і каласальная адказнасць… На міжнародных спаборніцтвах я ўжо выступаў, але чэмпіянат свету — гэта зусім іншы маштаб. Тым больш хатні старт, дзе хочацца паказаць свой максімум. Спадзяюся, у спрынце гэта ў мяне атрымаецца.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.