Вы тут

За падарункі плацяць?


І не толькі за іх — нават за адчужэнне маёмасці

Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) нагадвае, што, у адпаведнасці з Падатковым кодэксам Беларусі, фізічныя асобы, якія атрымалі летась даходы, што абкладаюцца падаткамі, абавязаны сёлета ў перыяд з 5 студзеня па 2 сакавіка падаць у падатковыя органы па месцы пражывання падатковыя дэкларацыі (разлікі).

19-38

Пасля продажу жылля і машыны

Хто ж з падаткаплацельшчыкаў абавязкова павінен наведаць інспекцыю ў гэты час? Тыя, хто на працягу года атрымлівалі пэўныя даходы, падаткаабкладанне якіх у аўтаматычным рэжыме не прадугледжана. Да даходаў, якія падлягаюць дэклараванню фізічнымі асобамі і абкладанню падаходным падаткам, адносяцца даходы ад выплатнага адчужэння на працягу пяці гадоў (у тым ліку шляхам продажу, мены, рэнты) больш як аднаго жылога дома з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), больш за адну кватэру, дачу і больш як аднаго садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі. Пад дэклараванне трапляе другі прададзены гараж, не першае машына-месца і чарговы рэалізаваны зямельны ўчастак. Вядома, што перад адчужэннем такой нерухомасці яна павінна была належаць фізічнай асобе на праве ўласнасці (долі ў праве ўласнасці на згаданую маёмасць).

Існуе толькі адно маленькае, але слушнае выключэнне. Гэтае правіла не распаўсюджваецца на маёмасць, атрыманую новым гаспадаром у спадчыну.

Абавязкова дэкларуюцца даходы пасля продажу на працягу каляндарнага года больш як аднаго аўтамабіля, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога не перавышае 3500 кг і колькасць месцаў для якога, акрамя месца кіроўцы, не перавышае 8, або іншага механічнага транспартнага сродку.

Камерцыйная нерухомасць

З прададзенымі кватэрамі, гаражамі і дачамі існуе гранічны часавы перыяд — 5 гадоў. Але сёння прыватная асоба можа прадаваць і іншую, так званую камерцыйную, нерухомасць. У гэтым выпадку даходы ад выплатнага адчужэння на працягу каляндарнага года такой нерухомай маёмасці будуць абавязкова абкладацца падаткам ужо пасля разгляду пададзенай дэкларацыі. Прыкладам такой нерухомасці могуць з'яўляцца адміністрацыйныя і офісныя, гандлёвыя і складскія памяшканні і інш.

Дэкларуюцца і даходы ад выплатнага адчужэння іншай фізічнай асобе на працягу каляндарнага года долі, паю (часткі долі, паю) у статутным фондзе арганізацыі і акцый. Выключэннем з правіла будуць здзелкі па продажы акцый, якія здзяйсняюцца праз брокера, або здзелкі па продажы акцый, якія здзяйсняюцца з іншымі юрыдычнымі асобамі.

Не забыліся спецыялісты падатковай галіны і пра падарункі. Цяпер гэта будуць падаткаабкладваныя даходы, атрыманыя ў выніку здзелак дарэння ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у памеры, які перавышае 37 млн 835 тысяч рублёў. Не падлічваецца кошт падарункаў толькі ад блізкіх сваякоў і асоб, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва.

Пазыкі выключна на год

Падатковыя рэзідэнты нашай краіны павінны дэклараваць даходы, што былі атрыманы імі ад крыніц за межамі Беларусі. Да такіх даходаў адносяцца ў тым ліку даходы ў выглядзе заработнай платы або іншага ўзнагароджання за выкананне работы па найме (аказанне паслуг), атрыманыя па дагаворах, заключаных з замежнымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі замежных дзяржаў.

Цяпер у разрад падаткаабкладваных даходаў трапілі пазыкі і крэдыты ад замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, замежных індывідуальных прадпрымальнікаў (прыватных натарыусаў) і (або) фізічных асоб, якія пастаянна не пражываюць у нашай краіне. Гэтыя даходы не дэкларуюцца і падаткі не плацяцца, калі пазыкі ці крэдыты былі атрыманы і пагашаны (вернуты) на працягу каляндарнага года, або калі яны былі атрыманы ад блізкіх сваякоў ці асоб, якія знаходзяцца ў адносінах сваяцтва.

Пры поўным (частковым) пагашэнні (вяртанні) пазык і крэдытаў раней выплачаныя сумы падаходнага падатку падлягаюць заліку ці вяртанню плацельшчыку ў памеры, прапарцыйным пагашанай запазычанасці.

Вяртанне ўзносаў не дэкларуецца

Спецыялісты МПЗ адзначаюць, што не трэба дэклараваць даходы, атрыманыя ў выніку ўдзелу ў электронных інтэрактыўных гульнях і інтэрнэт-казіно, якія праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам замежных дзяржаў. Не трапляюць у спіс дэкларантаў і даходы ў выглядзе вяртання ўзносаў пры спыненні грамадзянамі будаўніцтва кватэр і (або) індывідуальных жылых дамоў, а таксама пры выбыцці з членаў арганізацый забудоўшчыкаў да завяршэння будаўніцтва — у выпадку прымянення ў дачыненні да сум такіх узносаў маёмаснага падатковага выліку. Цяпер не трэба дэклараваць і страхавыя ўзносы пры скасаванні да заканчэння трохгадовага перыяду дагавораў добраахвотнага страхавання жыцця і дадатковай пенсіі, якія складаліся тэрмінам на тры гады і больш за год, у выпадку прымянення ў дачыненні да сум такіх узносаў сацыяльнага падатковага выліку.

Да 2 сакавіка ўключна

Асобна прэс-служба МПЗ звяртае ўвагу на тое, што традыцыйна апошнім днём падачы дэкларацый з'яўляўся першы дзень вясны. А вось сёлета 1 сакавіка прыпадае на нерабочы дзень (нядзеля), таму гранічны тэрмін падачы падатковай дэкларацыі пераносіцца на 2 сакавіка. Пасля падачы дэкларацыі далей працэдура яшчэ прасцейшая. Падаходны падатак па вышэйпералічаных даходах неабходна будзе выплаціць на падставе паведамлення падатковага органа не пазней за 15 мая.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.