Вы тут

Развітальныя гастролі


Пяць гадоў таму ў Магілёве адбыўся апошні канцэрт народнай артысткі Расіі Валянціны Талкуновай

Вядучы рэдактар Магілёўскай абласной філармоніі Людміла Мацкела памятае той дзень у падрабязнасцях. У прэсе перыядычна мільгалі звесткі, што ў спявачкі цяжкая хвароба, але прадзюсар з Санкт-Пецярбурга Леанід Радзішэўцаў сам звярнуўся з прапановай арганізаваць у Магілёве яе канцэрт. Запэўніў, што Валянціна ў добрай форме і ў яе вельмі цікавы праект. Планавалася, што яна дасць некалькі канцэртаў у гарадах Беларусі.

19-27

Спявачку сустракалі як даўнюю госцю. Яна неаднаразова прыязджала ў Магілёў на «Залаты шлягер». Праўда, яе «сольнік» у абласным цэнтры павінен быў адбыцца ўпершыню. Машыну падалі прама да перона. Завезлі ў гасцініцу «Магілёў», дзе для яе быў зарэзерваваны нумар. Пасля абеду арганізавалі прагулку па горадзе. У апошнія гады яна аддана верыла ў Бога, наведвала храмы. У Магілёве яе любімым быў Паднікольскі жаночы манастыр.

— Перад канцэртам яна адчувала сябе добра, ні на што не скардзілася, — успамінае Людміла. — Да таго, як адправіцца на рэпетыцыю ў Палац культуры вобласці, паспела зрабіць манікюр і пафарбаваць валасы. Да сустрэчы з гледачамі рыхтавалася вельмі адказна, шмат рэпетавала на сцэне са сваім ансамблем «Элегія». Гэта быў нават не канцэрт, а міні-спектакль з такім, так бы мовіць, патрыятычным падтэкстам аб жыцці, адносінах паміж мужчынам і жанчынай. У яе наогул было ў планах стварыць тэатр Валянціны Талкуновай.

І вось нарэшце гучыць званок, і гледачы займаюць свае месцы ў зале. Шмат людзей сталых, але хапае і моладзі, якая вырасла на яе вядомых усім «Носіках-кірпаносіках». На стылізаванай сцэне стол і крэсла. На стале тэлефон. Па ім спявачка быццам размаўляе са сваімі сябрамі. А песні — гэта наглядныя ілюстрацыі да яе душэўных маналогаў. Сустрэча і насамрэч была па-сапраўднаму цёплай.

— Праграма складалася з двух аддзяленняў, але ўжо на чацвёртай ці пятай песні Валянціна раптам спалатнела, — успамінае Людміла Мацкела. — Прадзюсар загадаў выклікаць «хуткую дапамогу», але спявачка не стала чакаць, пакуль яна прыедзе. Выйшла на сцэну і, абапіраючыся на руку брата, які прыехаў у Магілёў разам з ёй, працягвала спяваць. Толькі пасля таго, як прагучаў апошні акорд песні, яна пайшла з урачамі ў сваю грымёрку. Каб не ўзнікла паўзы, на сцэне заставаўся працаваць яе брат.

Калі ўрачы змералі ціск спявачкі, адразу ж прапанавалі ёй шпіталізацыю. Стан ацэньваўся як перадінфарктны. Але Валянціна Талкунова рашуча адмовілася. Яна так чакала гэтай сустрэчы з гледачамі, што не магла дазволіць сабе яе перапыніць. Нават з пагрозай для свайго здароўя. І праз нейкі час зноў выйшла да гледачоў.

— Чаго гэта ёй каштавала, адчувалі ўсе, — узгадвае Людміла Мацкела. — Людзі, якія сядзелі ў першым радзе, бачылі, як яе лоб пакрываўся потам. На апошніх хвілінах канцэрта яна наогул трымалася за пюпітр, каб не ўпасці. І толькі калі зразумела, што сіл болей няма, дазволіла брату завесці яе за кулісы. Там яе чакалі ўрачы, каб завезці ў бальніцу. Завяршаў канцэрт Сяргей ужо адзін.

Ноч спявачка правяла ў рэанімацыйным аддзяленні абласной бальніцы. На наступны дзень яна адчувала сябе добра, нават жартавала з медперсаналам. Некалькі разоў яе наведаў у палаце начальнік упраўлення культуры аблвыканкама (цяпер упраўлення па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі) Анатоль Сінкавец.

— Яна прызналася, што шчыра любіць Беларусь, узгадвала, што яе продкі з Гомельшчыны, — расказвае ён пра тую сустрэчу. — А ў Мінску жыў яе духоўнік айцец Фёдар, які працаваў настаяцелем аднаго з храмаў. Калі яна трапіла ў бальніцу, ён тэлефанаваў ёй, падбадзёрваў. Валянціна Васільеўна была вельмі ўдзячная ўсім за падтрымку яе ў час хваробы. Казала, што дзякуючы гэтаму яе самаадчуванне палепшылася. Цяжка ўявіць сабе больш светлага і адначасова мужнага чалавека, які так аддана служыў сваёй прафесіі. Яна марыла вярнуцца ў Беларусь, каб адпачыць у адным з санаторыяў, падыхаць лясным водарам. На жаль, не атрымалася.

З Магілёва ў Маскву спявачку даставілі на рэанімабілі, які для яе арганізаваў дэпартамент аховы здароўя расійскай сталіцы. Яна павінна была прайсці абследаванне ў Боткінскай бальніцы. Але 22 сакавіка 2010 года а 6 гадзіне раніцы ўвайшла ў кому і праз 2 гадзіны памерла. Перад смерцю проста ў бальнічнай палаце запрошаны па яе просьбе святар правёў абрад саборавання. Спявачка пахавана на Траекураўскіх могілках у Маскве.

Пасля смерці Валянціны Талкуновай пра яе быў зняты вялікі фільм, у які трапілі і кадры з Магілёва. Супрацоўнікі філармоніі паказвалі маршрут, па якім перамяшчалася спявачка, расказвалі, дзе яна жыла, што наведвала. А летась Людміла Мацкела атрымала запрашэнне на здымкі яшчэ адной перадачы пра Талкунову ў Маскву. Там яна зноў сустрэлася з братам Валянціны Васільеўны Сяргеем. Ён прызнаўся, што Магілёў застаўся ў яго памяці як светлы горад, у якім жывуць вельмі добрыя і чулыя людзі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.