Вы тут

Радаслава АЛАДАВА: «Мама была нашым святам!»


 

Унёсак Алены Аладавай у беларускую культуру настолькі значны, што не заўважыць яго немагчыма: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, які лічыцца адным з сімвалаў беларускай сталіцы, — дзецішча Алены Васільеўны. Гэта яна, надзвычай энергічная і працалюбівая жанчына, апантаная справай збіральніцтва і калекцыянерства мастацкіх твораў, стала натхняльніцай яго будавання, напаўнення духоўнымі каштоўнасцямі і беражлівага захоўвання іх для народа і гісторыі.

19-5

Дзіўна склаўся прафесійны лёс гэтай жанчыны. У 1937 годзе Алена Васільеўна стала навуковым супрацоўнікам групы па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая афіцыйна адкрылася ў 1939 годзе. І роўна праз 40 гадоў, у 1977-м сышла з пасады дырэктара гэтай установы — ужо Дзяржаўнага мастацкага музея БССР...

На сталічнай вуліцы Карла Маркса, у доме, які здаўна называецца «пісьменніцкім», у кватэры Аладавых і сёння амаль так, як было пры жыцці Алены Васільеўны. Тут жыве дачка Аладавых Радаслава Мікалаеўна — музыказнаўца, прафесар кафедры гісторыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яна і захавала атмасферу «аладаўскай» кватэры.

Радаслава Аладава нарадзілася ў пераможным, 1945, годзе: трэцяе дзіця ўжо немаладых бацькоў, доўгачаканая дачка пасля двух, ужо падрослых, сыноў. Напэўна, у сям'і звычайнай ёй быў бы наканаваны лёс спешчанага дзіцяці. Але яна нарадзілася ў сям'і незвычайнай. На яе маленства выпала напружаная праца маці па аднаўленні карціннай галерэі і плённая праца бацькі па стварэнні новых музычных твораў.

«Бацькі былі закончанымі працаголікамі, людзьмі, да кроплі адданымі сваёй справе. Я прывыкла ў дзяцінстве прачынацца — а з-за адвечнай цеснаты мой ложак стаяў у нагах бацькоўскага — ад размоў на прафесійныя тэмы, абмеркаванняў тых або іншых службовых сітуацый. Маім выхаваннем займаліся «ўсім светам» — у доме жыло шмат народу: абедзве маміны сястры з дзецьмі, асірацелая падчас вайны татава пляменніца, студэнтка Ганна, якая была на правах дачкі. Апроч таго, гасцявалі сябры братоў, Вальмена і Гельміра, нейкі час знаходзіліся дзеці маскоўскіх сяброў маіх бацькоў, якія сталі студэнтамі мінскіх ВНУ...» — так праз гады напіша Радаслава Мікалаеўна ў сваіх успамінах пра маці і бацьку. Прызнацца, мяне кранула тая цеплыня, з якой былі напісаны гэтыя ўспаміны, дарэчы, пад назвай «Пра маму — з любоўю».

— У дзяцінстве, вядома, яна шмат часу не магла мне аддаваць, і маім выхаваннем займалася Любоў Іванаўна Керкорыус, добры і светлы чалавек, сапраўдны інтэлігент. Але мама — гэта роднае, гэта... нельга выказаць словамі... Калі я ішла з ёю поруч па вуліцы, я вельмі ганарылася. Мама была святам!

Для нас маміна жыццё заўсёды было нагодай для гонару. Для ўсіх нас, яе дзяцей, я ведаю. Магчыма, яшчэ таму, што яна была дырэктар. Бо, калі вакол цябе шмат людзей, у якіх ёсць асаблівае стаўленне да тваёй маці, гэта перадаецца і дзіцяці. Мне здаецца, да яе ўсе ставіліся з пашанай. Мама ж аднолькава паважліва ставілася да ўсіх, нягледзячы на іх пасады. І я бачыла людскую любоў да яе ў адказ...

19-6

Жыццё як раман

Біяграфію Алены Аладавай цяжка расказаць некалькімі радкамі. Жыццеапісанне гэтай выдатнай жанчыны варта захапляльнага рамана.

Алена Васільеўна Аладава (у дзявоцтве — Пук) нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах. Яе бацька, Васіль Ісаевіч, паходзіў з сялян Кобрынскага павета, але быў адукаваны і скончыў у Маскве Настаўніцкі інстытут. Маці, Алена Сільвестраўна, — з сям'і настаўнікаў: яна, тры яе сястры і іх мужы выкладалі ў школах, а родны дзядзька — у Маскоўскім універсітэце.

У 1915 годзе бацькі атрымалі прызначэнне на працу ў Парычы Бабруйскай акругі. Тут Алена скончыла школу 2-й ступені, пачала маляваць, займалася ў драматычным гуртку і спявала ў хоры, якім кіраваў яе бацька.

У 1925 годзе сям'ю спасцігла вялікае гора — памерла маці. Бацька хутка ажаніўся зноў, і сям'я пераехала ў Жлобін. Але ў 1930 годзе яго арыштавалі і расстралялі як контррэвалюцыянера (ён быў рэабілітаваны толькі пасля ХХ з'езда КПСС). Алена, як старэйшая сястра, узяла на сябе ўсе клопаты пра малодшых дзяцей. Гэты абавязак яна пранесла праз усё сваё жыццё. У яе доме заўсёды знаходзілі надзейны прытулак і сапраўдную падтрымку яе родныя, сваякі мужа, сябры і нават зусім чужыя людзі...

У 1921 годзе Алена пачала вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на прыродазнаўча-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта, адначасова працавала ілюстратарам у Беларускім дзяржаўным музеі, увечары наведвала мастацкую студыю пры Доме мастака, а яшчэ паспрабавала сябе ў ролі экскурсавода на Першай усебеларускай мастацкай выстаўцы і пачала друкавацца ў прэсе пад псеўданімам Аглядач... Жыццярадасная, актыўная дзяўчына пастаянна знаходзілася ў віры творчага жыцця.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Васільеўна выйшла замуж за кампазітара Мікалая Ільіча Аладава, будучага народнага артыста Беларусі, аднаго са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай кансерваторыі.

Мікалай Аладаў, нашчадак старажытнага пецярбургскага шляхетнага роду, быў чалавекам энцыклапедычных ведаў і любіў усё прыгожае, незвычайнае. У 1930 годзе у маладой сям'і нарадзіўся сын Вальмен, праз тры гады — сын Гельмір. Калі пасля вайны нарадзілася дачка, бацька даў ёй імя Радаслава.

...Дзяржаўная карцінная галерэя адчыніла свае дзверы ў 1939 годзе і да вайны арганізавала дзве вялікія мастацкія выстаўкі, адна з якіх з поспехам прайшла ў Маскве падчас Дэкады беларускага мастацтва. Алена Аладава ўжо была ў штаце супрацоўнікаў галерэі. Усё складвалася, здаецца, добра. І раптам — вайна!..

«Выратуйце нацыянальныя каштоўнасці!»

Немцы былі ўжо пад Мінскам, а Алена Васільеўна з трыма супрацоўнікамі ўсё яшчэ спакоўвалі экспанаты галерэі. Найлепшыя карціны вымалі з рам і складвалі ў скрыні. Але як вывезці ўсё, калі вадзіцель грузавой машыны галерэі ў першы ж дзень вайны пайшоў у ваенкамат?.. Яны тэлефанавалі ва ўсе інстанцыі: «Дайце машыны! Выратуйце нацыянальныя каштоўнасці!..» Але ніхто машын не даў. А хутка замаўчалі і тэлефоны.

Мінск ужо гарэў, калі дырэктар карціннай галерэі Мікалай Міхалап аб'явіў, што трэба тэрмінова сыходзіць — немцы могуць акупаваць сталіцу ў любы момант. З болем у сэрцы, пакінуўшы галерэю на двух вартаўнікоў, Аладавы разам з іншымі супрацоўнікамі пайшлі ў бок Калодзішчаў. Там, на станцыі, з вялікай цяжкасцю яны селі ў цягнік, які ішоў у Маскву. Але ў рэшце рэшт — дзе на цягніку, дзе пешшу, дзе на спадарожных машынах — апынуліся ў Саратаве.

19-7

Знайсці жыллё ў горадзе, перапоўненым бежанцамі, было не проста. Першы час, пакінуўшы дзяцей у знаёмых, яны начавалі на лаўках у скверах. Яшчэ цяжэй аказалася знайсці працу. Таму бедавалі, галадалі. Муж хадзіў у ваенным лётным шынялі, дзеці — у чужых абносках...

Ці не гэтая страшная нястача ваеннага ліхалецця адгукнецца праз гады ў Алены Васільеўны жаданнем купляць падчас паездак штосьці прыгожае і дарыць блізкім, і перш за ўсё — маленькай дачцэ?

— Памятаю сваю самую прыгожую ляльку, нямецкую — яна была ў мяне ледзьве не да старасці, — з усмешкай расказвае Радаслава Мікалаеўна. — Яшчэ ўзгадваю, як мама мяне апранала. Маім гардэробам асабліва ніхто не займаўся. Я была, бадай што, адзінай дзяўчынкай, якая прыходзіла на вечарыны ў школьнай форме. Гэта, дарэчы, мяне не вельмі хвалявала, таму што ў нас дома не было традыцыі прыбірацца. Але часам у мамы ўзнікала жаданне мяне ўпрыгожыць... Аднойчы яна прывезла мне з Масквы нейкую ўнікальную сукенку. Я была здзіўлена яе памерам і пацікавілася, як у яе ўлезу. А мама спакойна адказвае: «Ну, так, напэўна, не ўлезеш. Але яна была такая прыгожая! Я не магла яе не купіць!» Потым гэтую сукенку камусьці аддалі...

Гэта было ўжо пасля вайны, а тады, у эвакуацыі, страшная нястача прыводзіла Алену Васільеўну ў адчай. І яшчэ яе трывожылі думкі пра пакінутыя экспанаты карціннай галерэі. Пастаянна прыгадвала: каб у той цяжкі час з імі быў вадзіцель грузавой машыны, можа, атрымалася б вывезці хаця б самае каштоўнае... Усё гэта падштурхнула Алену Васільеўну пайсці вучыцца... на шафёрскія курсы. Хутка яна атрымала пасведчанне вадзіцеля 3-га класа. І тут жа ёй прапанавалі пасаду намесніка дырэктара Саратаўскага мастацкага музея імя Радзішчава. А потым і Мікалая Ільіча ўключылі ў штат эвакуіраванай Маскоўскай кансерваторыі. Аладавы сталі атрымліваць зарплату, харчовыя карткі, у іх з'явілася жыллё...

Чамадан,
поўны грошай

У маі 1944 года Саўнаркам БССР выдаў пастанову аб аднаўленні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, і Аладавай было даручана ўзначаліць гэтую работу. У лютым 1945 года вагоны з першымі творамі, набытымі для Дзяржаўнай мастацкай галерэі БССР, адправіліся з Масквы ў Мінск...

Памятаючы пра страчаныя ў гады вайны каштоўныя экспанаты, Аладава вырашыла стварыць музей, які па багацці калекцыі не саступаў бы найлепшым музеям Масквы і Ленінграда. І ў яе гэта атрымалася. У 1957 годзе адчыніў свае дзверы Дзяржаўны мастацкі музей БССР — даўнейшая мара і шматгадовы клопат Алены Васільеўны.

У пасляваенныя гады ў Аладавай адкрыўся сапраўдны талент збіральніцы твораў. Яна расшуквала адрасы і доступ у прыватныя калекцыі Масквы і Ленінграда і сама вяла перамовы з уладальнікамі. Гэта былі калекцыі яшчэ дарэвалюцыйных часоў, і састарэлыя гаспадары ці іх нашчадкі звычайна саступалі тую ці іншую карціну настойлівай госці з Мінска. З грашовым разлікам затрымкі не было. Алена Васільеўна здолела ўпэўніць урад рэспублікі вылучыць сродкі на набыццё новых экспанатаў. Хутка за Аладавай замацавалася легенда, што яна «ездзіць па краіне з вялікім чамаданам, поўным грошай». Ёй пачалі пісаць калекцыянеры з усіх куткоў СССР, і яна ездзіла, глядзела, адбірала, купляла... З многімі калекцыянерамі яна цесна кантактавала. Асабліва пасябравала з Лідзіяй Русланавай, у якой купіла 37 палотнаў. Вядомая спявачка называла яе ласкава «Паляшучкай»... Нярэдка, выпраўляючыся ў дарогу па новую карціну ў Маскву ці Ленінград, Алена Васільеўна брала з сабой пачастункі — бруснічнае варэнне, пірагі, настойкі, засмажаныя кумпякі, а часам проста мех бульбы...

— Аснову калекцыі складалі творы рускага мастацтва, якое было маміным захапленнем. У яе нават з Караткевічам на гэты конт былі спрэчкі. Уладзімір Сямёнавіч, дарэчы, жыў у суседнім пад'ездзе, так што магчымасці для нефармальных стасункаў былі. Ён казаў: «Добрую справу робіш, што гэта знаходзіш». Гэта наконт таго, што ў маці быў асаблівы накірунак пошуку: яна ў першую чаргу старалася адабраць для музея карціны тых рускіх мастакоў, хто меў беларускія карані або, як Шышкін, пісаў беларускую прыроду... У той час з маміным удзелам быў выдадзены набор паштовак «Рускі жывапіс», дзе былі прадстаўлены рэпрадукцыі менавіта гэтых карцін. Уладзімір Сямёнавіч вельмі абураўся з прычыны пазначанай тут нацыянальнай прыналежнасці мастакоў. На яго думку, трэба было пісаць «Беларускі жывапіс».

Трэба адзначыць, што ў 1960-я гады Алене Васільеўне ўдалося расшукаць і вярнуць з музеяў Масквы, Ленінграда, Паўлаўска, Ноўгарада, Вільнюса шмат экспанатаў даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі — тых, за якія так балела душа ў эвакуацыі.

Ужо ў 1946 годзе Аладава арганізавала навуковую экспедыцыю па знаходжанні помнікаў старажытнага беларускага мастацтва. Яе задачай было выявіць і ўзяць на ўлік творы беларускага мастацтва да ХІХ стагоддзя, якія знаходзяцца ў культавых будынках і музейных зборах у розных рэгіёнах Беларусі. Усяго ў 1950 — 1980-я гады адбылося больш за 100 такіх экспедыцый, у выніку былі знойдзены і выратаваны больш за 2000 помнікаў старажытнабеларускага мастацтва: слуцкія паясы, старажытныя абразы, помнікі алтарнай скульптуры і разьбы, старажытныя кнігі, манускрыпты, вырабы ювелірнага мастацтва і ткацтва, творы народных майстроў...

З пасады дырэктара музея Алена Аладава пайшла ва ўзросце 70 гадоў. Па сутнасці, музей стаў справай яе жыцця. Дарэчы, пакінуўшы дырэктарскую пасаду, Алена Васільеўна Аладава да апошняга свайго дня, 29 мая 1986 года, працавала кансультантам музея, без якога не магла жыць...

— Сёння Алена Аладава вельмі ўшанавана, — гаворыць Радаслава Мікалаеўна. — З вялікай помпай адзначылі яе 100-гадовы юбілей. Нават вуліцу назвалі — вуліца Аладавых. Але, галоўнае, пасля выхаду кнігі пра маму «Алена Аладава. Музей — яе лёс» шмат хто змог дакрануцца да яе спраў і думак і, спадзяюся, палюбіць яе...

Тамара БУНТА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.