Вы тут

Святлана Вуячыч: "Я баялася сурочыць сваё шчасце..."


«Непаўторны барытон», «кумір публікі», «арыстакрат эстрады», «узор мужчынскай годнасці», «самы абаяльны і элегантны спявак Беларусі» — як толькі не называлі Віктара ВУЯЧЫЧА журналісты і прыхільнікі яго таленту, адзначаючы прыгожы аксамітавы голас артыста, сардэчную манеру выканання, найвышэйшую сцэнічную культуру, бездакорны густ.

Віктар Вуячыч быў адным з самых прызнаных артыстаў савецкага эстраднага мастацтва. Ён выконваў грамадзянскія, ваенна-патрыятычныя, лірычныя, народныя беларускія і рускія песні, старадаўнія рамансы, оперныя арыі... Для спевака пісалі многія кампазітары, але асаблівы творчы тандэм у яго склаўся з Ігарам Лучанком. І сёння мы памятаем цудоўныя «лучанкоўскія» песні ў выкананні Віктара Вуячыча: «Памяць сэрца» (на словы М. Ясеня), «Верасы» (на словы І. Скурко), «Спадчына» (на словы Я. Купалы), «Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны...» (на словы В. Лукшы)...

Дарэчы, дом, у якім жыў спявак, чымсьці нагадвае брыганціну. Як вялікі белы карабель, ён узвышаецца над Свіслаччу па вуліцы Янкі Купалы, якраз насупраць Цэнтральнага дзіцячага парка імя Горкага. Гэты дом быў пабудаваны ў самым пачатку 1970-х гадоў спецыяльна для творчай інтэлігенцыі сталіцы. Шмат вядомых людзей пасяліліся тут. А сёння ўжо, на жаль, шмат мемарыяльных дошак з гучнымі прозвішчамі змешчана на яго сценах. І сярод іх — дошка памяці народнага артыста Беларусі Віктара Лук'янавіча Вуячыча.

[caption id="attachment_89160" align="alignnone" width="600"]Сям'я Ву­я­чы­чаў. На па­чат­ку 1970-х га­доў. Сям'я Ву­я­чы­чаў. На па­чат­ку 1970-х га­доў.[/caption]

«Карабель» над Свіслаччу

Я завітала ў дом-«карабель» над Свіслаччу, каб пагаварыць пра вялікага беларускага спевака з яго ўдавой, народнай артысткай Беларусі Святланай Вуячыч. Так, Святлана Сямёнаўна — сама чалавек добра вядомы прыхільнікам беларускага мастацтва. Больш за паўстагоддзя яна працуе ў Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі — літаральна з моманту яго заснавання: спачатку шмат гадоў была салісткай гэтага калектыву, потым працавала рэпетытарам, цяпер — загадчыца трупы. Так што шлюб у Вуячычаў быў незвычайны — двое «народных» у адной сям'і! Але гэты шлюб праверыў час: амаль 40 гадоў былі яны разам — у радасці і ў горы. А сустрэліся абое зусім маладымі ў 1957 годдзе ў Беларускім народным хоры, які цяпер носіць імя Генадзя Цітовіча. А тады Цітовіч гэты калектыў узначальваў.

— Віктар якраз толькі прыехаў пасля арміі. Я вяла камсамольскі сход. Ён паглядзеў на мяне — а я была дзяўчына мэтанакіраваная, правільная, — і адразу, з першага погляду, закахаўся. А я яго спачатку не заўважала: высокі, шыя даўжэзная, і наогул — мне было не да заляцанняў!

Святлана, тады яшчэ яе прозвішча было Яскевіч, у гэты калектыў паступіла на 5 гадоў раней, у 1952 годзе. Яе спачатку браць не хацелі — на той час ёй было ўсяго 15 гадоў. Але ўсё ж такі ўзялі. І хутка Святлана вырасла да салісткі ансамбля.

— Ведаеце, я па характары была сарамлівая, ніколі наперад не лезла, але калі выходзіла на сцэну — усё! Гэта было маё! Мяне ўвесь час стараліся паставіць напрыканцы выступлення, таму што я добра круцілася. Я сыходзіла са сцэны апошняя пад гром апладысментаў. У 16 гадоў мяне ўзнагародзілі медалём «За працоўную адзнаку» — настолькі я старалася!

У 1959 годзе яна перайшла ў цяперашні заслужаны калектыў «Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі». Ён стаў для яе лёсавызначальным...

Сваім шляхам, паступова, але настойліва, ішоў у мастацтва і Віктар Вуячыч.

— Ён нарадзіўся ў сям'і, дзе ўсе спявалі — маці і яе радня. Яна казачка была, такая прыгожая. Яны любілі збірацца і спяваць. І ў Віці голас быў ад прыроды. Бацька ж яго — югаслаў з Сербіі, прыехаў у СССР з Амерыкі ў 1932 годзе. У Сербіі не было працы, і ён паехаў у Злучаныя Штаты, а там — таксама крызіс! А тут — маладая Савецкая Рэспубліка, і трэба ўзнімаць прамысловасць. І ён прыехаў у Харкаў на завод, на пасаду галоўнага інжынера. Там пазнаёміўся з Віцінай мамай — яна працавала ў сталовай — і ажаніўся. Яна была маладая, прыгожая, а ён — ужо ў гадах. Нарадзіўся Віця. Яму было 9 месяцаў, калі бацькі разышліся. Спачатку маці забрала дзіця. Потым бацька паехаў да яе і забраў Віцю. І вось, калі пачалася вайна, гэты завод эвакуявалі, і Віця паехаў разам з бацькам. Ён ужо ладны хлопчык быў і ў эвакуацыі працаваў токарам на заводзе. Віця пазней быў у тым горадзе на гастролях, дык там захаваўся яго станок, і нават шыльдачка была!

Трапіў пальцам... у Мінск

Віктар Вуячыч разам з бацькам эвакуяваўся ў горад Рубцоўск, што на Алтаі. Там і прайшло яго дзяцінства, там ён пачаў спяваць у хоры мясцовага Дома культуры.

У 1953 годзе Віктара прызвалі ў войска. Служыў у Ленінградзе, быў артыстам Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. А пасля службы лёс закінуў яго ў Мінск — зусім выпадкова...

— Ехаць пасля арміі да бацькі ў Луганскую вобласць, у станіцу, дзе той жыў, яму ўжо не хацелася. Віця зведаў жыццё ў вялікім горадзе, спяваў у вялікім ансамблі... Зразумела, ён хацеў у горад, але ў які, ён яшчэ сам не вызначыў. І ведаеце, як гэта бывае ў маладосці?! Вісела на сцяне карта, і Віця сказаў хлопцам: «Зараз вочы заплюшчу і куды пальцам тыцну, туды пасля арміі і паеду...» Ну і патрапіў пальцам у Мінск... Прыехаў сюды і паступіў у народны хор.

[caption id="attachment_89170" align="alignnone" width="600"]Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка, якая ві­сіць на до­ме, дзе жыў Вік­та­р Ву­я­чы­ч. Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка, якая ві­сіць на до­ме, дзе жыў Вік­та­р Ву­я­чы­ч.[/caption]

Лёс не падмануў хлопца. Тут, у Мінску, яго чакалі сямейнае шчасце і поспех у жыцці. Але тады ён яшчэ пра гэта не ведаў.

— Мы пажаніліся ў 1962 годзе. Праз год у нас нарадзіўся сын. А да гэтага часу мы сустракаліся. Але не так, як сёння сустракаюцца, разумееце?.. Адносіны паміж дзяўчынай і маладым чалавекам у той час былі абсалютна іншыя. Ды і грошай у нас не было, каб пажаніцца. Мама казала: «Ну, як за такога замуж выходзіць — сама бедная, і за беднага?!.» Яна была супраць Віці. Вельмі! Мама наогул яго не прызнавала ажно да таго моманту, калі мы пажаніліся. І я не магу сказаць, што тады яго кахала. Але Віця сваёй настойлівасцю ўзяў! Да таго ж ён такі адданы быў! І вось так — паступова ўсё перарасло ў тое, што неўзабаве мы проста дыхаць не маглі адно без аднаго!

У 1963 годзе Святлана нарадзіла сына Андрэя. У дэкрэтным водпуску была ўсяго 30 дзён, а потым выйшла на працу. І зноў танцавала і ездзіла на гастролі. З маленькім сынам дома заставалася бабуля. Тая, што была супраць шлюбу Святланы з Віктарам, потым фактычна прысвяціла іх сям'і сваё жыццё — яна ў 40 з невялікім кінула працу і выхоўвала ўнука.

Сям'я дваіх маладых артыстаў без званняў і заслуг жыла бедна. А яшчэ — маленькае дзіця на руках, а яшчэ — маці на ўтрыманні! Жылі фактычна на сутачныя ад камандзіровак. У той час творчыя калектывы ездзілі на гастролі па ўсім Савецкім Саюзе на 2-3 месяцы: па Сібіры, па Украіне, па Сярэдняй Азіі... Віктар ужо скончыў музычнае вучылішча ў Мінску, працаваў у ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі. Святлана была салісткай Дзяржаўнага ансамбля танца, душой калектыву. Колькі цудоўных танцавальных вобразаў стварыла яна на сцэне! У яе — сотні і сотні сольных выхадаў у танцах «Крыжачок», «Перапёлачка», «На Купалле», «Завіруха» і іншых...

«Ён заўсёды мяне сустракаў»

Віктар і Святлана Вуячычы працавалі ў розных калектывах і, вядома, у іх былі розныя гастрольныя графікі. Але ні сціплае фінансавае становішча на пачатку сямейнага жыцця, ні частыя і доўгія расстанні не маглі пагасіць іх каханне. Наадварот, з кожным годам яно мацнела.

— У той час яшчэ тэлефонаў у нас не было — дык мы пісьмы адно аднаму пісалі і на пошту бегалі! А ў мяне тады ўжо Андрэйка вунь які вялікі быў! Віця, калі ўжо стаў салістам і ў нас з'явіліся грошы, дзе б я ні была на гастролях, заўсёды прыязджаў да мяне — на 2 дні, на 3... Віктар мне казаў: «Калі я на гастролях, я так ужо рыхтуюся да сустрэчы з табой, так рыхтуюся!» Заўсёды перад нашай сустрэчай падстрыжэцца... І я, дарэчы, таксама рыхтавалася — бегла ў цырульню, рабіла прычоску. І яшчэ, дзе б я ні была, ён заўсёды мяне сустракаў. Калі пасля канцэрта мы прыязджалі дадому а першай гадзіне ночы ці а другой, ён чакаў мяне ля цырка. Заўсёды! Памятаю, мяне ноччу з аўтобуса высадзілі, гляджу — ідзе ў кажуху, шапку пад барадой завязаў... Мароз!.. Праўду вам скажу: я жыла і баялася спудзіць сваё шчасце. Вось у нас часта дзяўчаты гавораць: «Вой, у той такі мужык, такі мужык!» А я баялася хваліцца, што я шчаслівы чалавек, каб не сурочыць. Столькі гадоў жылі разам і не сварыліся! Пры сустрэчах мы нагаварыцца не маглі, не паспявалі ўсё расказаць адно адному.

Вядома, самы шчаслівы дзень у іх жыцці — той, калі ў 1966 годзе Віктар Вуячыч стаў пераможцам І Усесаюзнага конкурсу савецкай песні. Дзень, які змяніў да лепшага ўсё іх жыццё. І Святлана ў гэты знамянальны момант была побач з мужам.

— Масква, усесаюзны конкурс, там такія глыбы ўдзельнічалі — Кабзон, Мулерман, Макараў!.. Віця ж у той час у ансамблі БВА спяваў. І яму проста прапанавалі з Міністэрства культуры паўдзельнічаць у конкурсе. Пачалі рыхтавацца, стварылі інструментальную групу для музычнага суправаджэння... Гэта сёння можна прыехаць на конкурс, праспяваць адну песню — і будзь здаровы! А тады трэба было спець 15 рознажанравых песень!

[caption id="attachment_89171" align="alignnone" width="400"]Свят­ла­на Ву­я­чыч до­ма. На сця­не — кар­ці­на, якую на­ма­ля­ваў спя­вак. 2015 г. Свят­ла­на Ву­я­чыч до­ма. На сця­не — кар­ці­на, якую на­ма­ля­ваў спя­вак. 2015 г.[/caption]

На конкурсе, які праводзіўся ў тры туры, трэба было праспяваць 5 песень, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, пяць эстрадных шлягераў і пяць сучасных. Да трэцяга тура, у якім трэба было спяваць сучасныя песні, Віктар Вуячыч і яго музыканты не рыхтаваліся — былі ўпэўнены, што не дойдуць. Яны нават твораў такіх не назбіралі. Рэпеціравалі толькі песні Вялікай Айчыннай вайны і прысвечаныя ёй, і перш за ўсё — песню Ігара Лучанка на словы Міхаіла Ясеня «Памяць сэрца» («Не спіцца толькі ветэрану...»)

І гэтая песня так спадабалася журы, што Віктар Вуячыч прайшоў на другі тур! Узначальваў журы легендарны Леанід Уцёсаў. Ён быў проста расчулены, калі пачуў, як Віктар прыгожа і пранікнёна праспяваў песню «Сэрца» (музыка І. Дунаеўскага на словы В. Лебедзева-Кумача). Гэта ж была славутая «ўцёсаўская» песня! І Віктар прайшоў на трэці тур...

— Ён патэлефанаваў мне з пошты: «Света, у нас на трэці тур няма рэпертуару! Не ведаем, што рабіць! Прыязджай, падтрымай!» Я — у Маскву! Віктар з музыкантамі ўзялі яшчэ 5 сучасных песень, хуценька зрабілі аранжыроўкі, парэпеціравалі і — наперад! І трэці тур прайшлі! І вось — чакаем вынікі. Усё чамусьці надта затрымлівалася: ужо гадзіна ночы, а журы не выходзіць. Мы ўсе сядзім у зале, знемагаем... Раптам зашумелі — зараз будуць аб'яўляць месцы! Члены журы выйшлі на сцэну і спачатку сталі называць дыпламантаў. Мы з Віцем думаем: «Ну, можа, хоць які дыплом дадуць!» Не далі! Нэлі Багуслаўскай далі! 3-ю прэмію падзялілі Мулерман і Макараў... 2-ю прэмію атрымаў Кабзон. Мы з Віцем узнімаемся і выходзім ціха, каб нас ніхто не заўважыў. Ён так перажываў, а ў мяне самой сэрца, як у зайца, калацілася, толькі я гэтага не паказвала — хаця б неяк Віцю падтрымаць! І мы ўжо дайшлі да дзвярэй, як раптам аб'яўляюць: «Віктар Вуячыч!» Мне нават кепска стала, і слёзы паліліся... Гэта было такое шчасце, такое шчасце! І тут да нас кінуліся карэспандэнты! Усе! Потым Віцю далі прэмію ў канверце — 250 рублёў! Па тых часах вялікія грошы. Але мы гэтых грошай не ўбачылі: прапілі! Не аднаму ж Віцю іх далі — усяму ансамблю было хоць за што выпіць і закусіць!

Валодаў сэрцамі мільёнаў

Гэта быў трыумф, сапраўдны прарыў беларускіх выканаўцаў на вялікую эстраду! Зазначу, што падзея адбывалася яшчэ ў «дапесняроўскі» перыяд. Віктар Вуячыч адразу стаў шырока вядомым і запатрабаваным артыстам. Ён пачаў выступаць па ўсёй тагачаснай вялікай краіне і за мяжой. Яго прыродны талент, высакародная знешнасць і неверагодная абаяльнасць заваёўвалі глядзельныя залы, артыст завалодаў сэрцамі мільёнаў тэлевізійных і радыёслухачоў. Музычнае кіраўніцтва ахвотна пасылала яго на розныя песенныя спаборніцтвы.

У 1967 годзе Віктар Вуячыч выступіў ў Балгарыі на міжнародным конкурсе вакальных выканаўцаў «Залаты Арфей» і стаў лаўрэатам 2-й прэміі. Праз год, у 1968-м, прыняў удзел у міжнародным фестывалі песні ў польскім Сопаце. У 1971 годзе разам з Ігарам Лучанком яны паляцелі праз акіян — на міжнародны фестываль у Чылі...

У ліпені 1976 года Віктару Вуячычу было прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР. Святлана Вуячыч была ўганаравана гэтым званнем у сакавіку 1978 года.

Гастролі адкрывалі для народных артыстаў Вуячычаў краіны, якія ў той час былі закрытыя для большасці іх суайчыннікаў, — Югаславія, Венгрыя, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Бельгія, Швейцарыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Францыя, Сірыя, Ліван... Праўда, ляталі Віктар і Святлана паасобку, часам сустракаліся... у паветры. Адзін адлятаў на гастролі, другі прылятаў.

А потым прыйшлі 1990-я гады. Пасля распаду Савецкага Саюза Віктар Вуячыч выступаў, у асноўным, толькі ў Беларусі. Ён супрацоўнічаў з Белдзяржрадыё і Белдзяржфілармоніяй. На працягу некалькіх гадоў (да сваёй смерці ад цяжкай хваробы) быў мастацкім кіраўніком дзяржаўнага аб'яднання «Белканцэрт».

Віктар Вуячыч стаяў каля вытокаў музычнага фестывалю «Залаты шлягер» у Магілёве, ён шмат зрабіў, каб гэты песенны форум жыў. І пасля смерці майстра для ўдзельнікаў фестывалю быў заснаваны спецыяльны прыз імя Віктара Вуячыча.

— Цяпер модна пра сябе расказваць. А тады Віця мне сказаў: «Бяда — толькі наша, і каб ніводзін чалавек пра яе не ведаў!» І ніхто не ведаў. Ён ляжаў у бальніцы, я ўзнімалася а 5 гадзіне раніцы і ехала ў Бараўляны. Кожны дзень — уранку і ўвечары... Тры месяцы ён там, потым — дома, потым зноў — туды... І вось ведаеце, пра што я думаю? Недадала!.. Ён жа мяне прасіў: «Светачка, Ланачка, ну што ты ўвесь час бегаеш, ну сядзь, пасядзі!.. Ну паляжы каля мяне!» А калі — «паляжы»?! Мне ж трэба было на рынак! На працу! Працэдуры яму зрабіць!.. «Хуткую» выклікаць, каб укалолі! І ўсё я адна: у сына Андрэя жонка цяжарная была, потым — дзіця маленькае! Ды я і не прывыкла перакладваць свае праблемы на кагосьці. І вось аб гэтым я шкадую цяпер, думаю — трэба было сядзець ля яго!..

Мы амаль 40 гадоў пражылі разам. І каб вялікае каханне спачатку — дык не было яго... А потым — жыць не маглі адно без аднаго! Мне часта гавораць — звычка гэта! Ну якая ж гэта звычка? Каханне!

Віктар Вуячыч пайшоў з жыцця 17 верасня 1999 года. Яго сын Андрэй скончыў інстытут замежных моў, працуе ў дзяржаўнай установе, мае двух сыноў, Аляксея і Мікіту. Святлана Сямёнаўна Вуячыч, народная артыстка Беларусі, па-ранейшаму адданая Дзяржаўнаму ансамблю танца Беларусі...

Тамара БУНТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.