Вы тут

Cлова ў абарону смеццеправода


Уважліва прачытаў артыкул Ірыны Асташкевіч «Ё-маё! А смецце чыё?..» («МС» за 12.08.15). Прачытаў і задумаўся: а з якой нагоды мясцовыя чыноўнікі выдаюць знішчэнне смеццеправодаў за новае слова ў вядзенні гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі?

16-15

Я лічу, што смеццеправод — адна з найлепшых вынаходак у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, няхай сабе і «мінулага стагоддзя». Таму я не зайздрошчу гамяльчанам, якія, паводле слоў аўтара артыкула, ужо некалькі гадоў жывуць без яго.

Узнікае пытанне: каму канкрэтна моцна перашкаджаюць смеццеправоды? Жыхарам шматпавярховак? Магчыма, але толькі тым, хто не прывык захоўваць парадак. А вось гаспадарам тых кватэр, якія дамовіліся сачыць за чысцінёй вакол смеццеправодаў, гэтая зручнасць даспадобы. Бо, як вядома, чыста там, дзе не смецяць. Яшчэ больш за 20 гадоў таму мы, жыхары шасці кватэр, дамовіліся падтрымліваць парадак на нашай пляцоўцы ўвогуле і вакол смеццеправода ў прыватнасці. Каля яго заўсёды мяцёлка і савок — на ўсялякі выпадак. Калі нешта высыпалася з вядра ці пакета на падлогу, можна хутка прыбраць. Нас усіх задавальняе наяўнасць смеццеправода ў доме. Таму з адмоўнымі наступствамі кшталту «водар гніення і хлоркі, прусакоў і пацукоў, пажары ад недакуркаў і грукат сярод ночы» мы не сутыкаемся. А калі нешта падобнае здараецца, то гэта ўсё роўна не перакрэслівае ўсе перавагі смеццеправода.

Аўтар вышэйназванага артыкула піша, што ёсць разлікі, згодна з якімі выключэнне смеццеправодаў з праектаў дамоў дапаможа зменшыць кошт іх будаўніцтва. Зразумела. Але ж гэта эканомія — супраць камфорту людзей. Калі выключыць з праектаў, скажам, ліфты, то атрымалася б яшчэ большая эканомія? А чаму б не паспрабаваць эканоміць на зніжэнні кошту праектаў, сабекошту будаўнічых матэрыялаў, павышэнні якасці работ, паскарэнні ўводу аб'ектаў жылля і г. д. Не, лепш пазбавіць насельніцтва выгоды, якая жыццёва неабходна, скажам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, хворым сталым, нямоглым, якія без дапамогі іншых не могуць пакінуць кватэру. Мяркую па сваёй 90-гадовай маці. Па стане здароўя яна не выходзіць з дому. Усё неабходнае ёй прыносім мы. Але наведваем не кожны дзень. Для маці вельмі зручна пазбаўляцца адходаў праз смеццеправод. Між іншым, непатрэбную паперу, тару з пластыку мы выносім у кантэйнеры.

Ёсць у мяне моцнае падазрэнне, што ў ліквідацыі смеццеправодаў у першую чаргу зацікаўлены работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Замінае ім эксплуатацыя гэтай «вынаходкі», вось і вырашылі спрасціць сабе жыццё. Як вынікае з артыкула, сёння ў Гомелі робіцца стаўка на шырокае ўкараненне еўракантэйнераў, дзе кожны запаўняецца, заўважце, не смеццем, а другаснай сыравінай: паперай, плыстыкавымі бутэлькамі, шклом. Наконт апошняга ёсць сур'ёзная заўвага. Цікава, якім чынам яно перарабляецца? У артыкуле ёсць спасылка на багаты замежны (а канкрэтна еўрапейскі) досвед. Калі так, спашлюся і я на яго. Шкло ад бутэлек у цывілізаваных краінах Еўропы збіраецца не проста асобна, а сартуецца ў розныя кантэйнеры: для белага шкла, зялёнага і шкла колеру ёду. Кожны колер такой шкляной сыравіны ідзе на выраб пэўнай прадукцыі. А ў нас шкло ўсіх колераў збіраецца ў адзін кантэйнер. Чаму? З якіх мэт?

І яшчэ адзін факт з замежнай практыкі барацьбы з засмечваннем гарадоў. Падчас шматлікіх сацыялагічных вывучэнняў еўрапейскія даследчыкі прыйшлі да высновы: як ні заклікай насельніцтва быць акуратным, не смеціць у доме і вакол свайго жылля, а таксама на прыродзе, як ні павялічвай на тэлебачанні аб'ёмы спецыяльнай сацыяльнай рэкламы на гэтую тэму, усё роўна ад 10 да 15 працэнтаў людзей будуць смеціць вакол сабе. Думаю, што і ў нас прыкладна такі працэнт, а можа і большы, непераконваемых людзей. Адзіны сродак іх утаймавання — жорсткі кантроль з боку мясцовай улады за захаваннем парадку на падведамаснай тэрыторыі і адчувальныя штрафы за забруджванне навакольнага асяроддзя.

Слова «смецце» — гэта з лексікону савецкіх часоў, калі танны да смешнага бензін у велізарных аб'ёмах выліваўся паабапал дарог, вада з водаправода ніяк не ўлічвалася, страты ад яе бяздумнага выкарыстання клаліся на, як тады ўяўлялася, бязмежны дзяржаўны бюджэт, а даходы тупа складзіравалі на спецыяльных палігонах. Сёння «смецце» ўсё больш асацыіруецца з другаснай сыравінай. Таму на пытанне «а смецце чыё?..» адказ просты — наша. Закопваць у кар'ерах сотні тон гарадскіх бытавых адходаў і небяспечна, і не па-гаспадарску. Як па-гаспадарску? Павучымся ў кітайцаў. Яны набываюць велізарныя аб'ёмы другаснай сыравіны ў ЗША, перарабляюць яе і потым вязуць у Амерыку гатовыя рэчы...

Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.