Вы тут

Бяседа ў «мажоры» і «міноры»


Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» вядомы ў першую чаргу тым, хто любіць і разумее каштоўнасць беларускай песні. Той, якая распавядае пра гісторыі мінулага, пра тое, чым жылі яшчэ нашы продкі. Кожная з іх кранае сэрцы, нараджаючы або спагаду і сум, або жаданне даць сабе волю ў весялосці. Чарговы раз у рамках акцыі тэлеканала «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі і грамадскага аб'яднання «Белая Русь», якая праводзіцца пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда», адбыліся канцэрты калектыву ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі.

[caption id="attachment_103606" align="alignnone" width="600"]2-17 «За хві­лі­наю хві­лін­ка ў бя­се­дзе пра­ля­та­юць...»[/caption]

«Любіць Беларусь» — менавіта пад такім дэвізам праходзіць гастрольны тур «Бяседы» па гарадах Беларусі. Стартаваўшы ў Гродне, ансамбль ужо выступіў у гарадах Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей. У пачатку кастрычніка артыстаў чакаюць у Брэсце і Століне, а завершыцца тур 10 кастрычніка ў Мінску. Канцэрты «Бяседы» ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі сталі працягам акцыі на Віцебшчыне. У абодвух населеных пунктах нас сустрэла дажджлівае надвор'е, але гэта не перашкодзіла гледачам прыйсці і паслухаць знаёмыя песні ў выкананні любімага калектыву. У пастаўскім Доме культуры ў фае перад пачаткам канцэрта яблыку не было дзе ўпасці.

— Мяне сюды прывялі любоў да народнай музыкі і прафесійны інтарэс, — дзеліцца ўражаннямі выкладчыца Варапаеўскай музычнай школы Святлана Шыкавец. — У нас ёсць свой народны ансамбль, таму стараюся адсочваць, як працуюць розныя калектывы, каб нешта ўзяць сабе на заметку. І сам ансамбль «Бяседа» мы ведаем даўно, сочым за яго творчасцю ў інтэрнэце. Але кожны раз, калі выпадае магчымасць трапіць на канцэрт, — гэта сапраўднае свята для нас. У іх заўсёды яркія выступленні, прыгожыя касцюмы і, што вельмі важна, рэпертуар складаецца з беларускамоўных песень. Слухаеш нашу меладычную і прыгожую мову і думаеш: «Чаму ж самі так рэдка размаўляем па-беларуску?» Наогул, цікавасць да народнай музыкі ў мяне ад сям'і, бо мае цёткі, бабулі, маці — усе спяваць любілі. Раней жа без песні не абыходзіліся, а цяпер ужо рэдка пачуеш яе.

Публіка, трэба сказаць, была пераважна жаночай, і часцей сустракаліся тут людзі сталыя, але і моладзь прысутнічала. Дырэктар Пастаўскага раённага дома культуры Ала Чарнюк гэта тлумачыць проста:

— Сюды прыйшлі найперш тыя, хто вырас на народнай песеннай культуры і не страціў любові да яе. «Бяседа» сабрала тую аўдыторыю, якую не часта ў нас сустрэнеш на іншых канцэртах, бо іх цікавіць у першую чаргу песня, якую яны чулі ад сваіх матуль ці самі спявалі ў маладосці. Ім хочацца ўзгадаць пра нешта, з настальгіі вярнуцца да сваіх вытокаў.

[caption id="attachment_103607" align="alignnone" width="600"]2-16 У Юнь­ках мож­на бы­ло на­быць су­ве­нір на па­мяць.[/caption]

Хоць і хапае ў народных песнях твораў «у міноры», не менш і такіх, ад якіх хочацца забыцца на ўсе клопаты і пайсці танцаваць. Ужо з першымі песнямі, падоранымі «Бяседай», узнікла такое жаданне... Спачатку прагучала кампазіцыя «Хлеб ды соль», а потым — такія знаёмыя мелодыі, як «А ў Марусі хата на пагосце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты», «Вечарынка»... Варта адзначыць, што сёння ў калектыве працуе некалькі артыстаў, якія самі родам з Віцебшчыны: Ганна і Мікалай Алешкі, Сяргей Бяльцоў.

— Заўсёды з радасцю прыязджаеш кудысьці з канцэртам, але асабліва прыемна выступаць на роднай зямлі. Бо трапляеш туды, дзе прайшло дзяцінства, дзе былі маладымі твае бацькі... І калі ёсць узаемаразуменне, кантакт і радасць з боку гледачоў, то нас, артыстаў, эмоцыі таксама перапаўняюць, — кажа ўдзельніца ансамбля Ганна Алешка. — Народная музыка — гэта душа любога народа. І ў нашым калектыве на кожным канцэрце мы дзелімся ёю з людзьмі і, дзякуючы зваротнай рэакцыі публікі, нават стомленасці не адчуваем пасля выступленняў.

Працягваўся канцэрт, і не зніжаўся ўзровень эмоцый у глядзельнай зале: апладысменты, кветкі, крыкі «брава!». Са сцэны прагучала «Беларускае сала», «А ў садзе рэчанька» і многія іншыя кампазіцыі. Не абышлося і без прэм'ер — песню «Муза ты мая» прысвяцілі ўсім дзяўчатам-прыгажуням у зале. А вось падчас выканання кранальнай кампазіцыі «Бацькоў не забывай» (напісана мастацкім кіраўніком калектыву Леанідам Захлеўным) многія думкамі вярнуліся ў родныя мясціны...

Ты са мною заўсёды, вясковая вуліца,

Дзе дзяцінства далёкага мары жывуць,

Дзе на ўзгорку бярозка высокая свеціцца

І над рэчкай дзявочыя песні плывуць...

— Хочам, каб народ падхопліваў і працягваў спяваць нашы песні. Каб народнай песняй цікавілася падрастаючае пакаленне, — зазначае саліст «Бяседы» Валянцін Кірыленка. — Галоўнае — памятаць, што ўсё ў нашым жыцці трымаецца на любові. А народная песня — гэта сэрца народа. Праз яе можна перадаць усё тое, чым жывуць людзі.

...Аграгарадок Юнькі ў дзень канцэрта жыў сваім святам. Тут адзначалі Дажынкі. Ужо з раніцы тут ладзіліся розныя мерапрыемствы. Можна было і падсілкавацца чымсьці смачненькім, і паглядзець вырабы, прадстаўленыя супрацоўнікамі Пастаўскага дома рамёстваў. Днём прайшло спаборніцтва паміж маладымі сем'ямі, на якім, напрыклад, мясцовыя жыхары Пётр і Дар'я Шыбко занялі трэцяе месца. А пасля разам з трохгадовай дачкой Настассяй яны прыйшлі глядзець выступленне «Бяседы». Як і на папярэднім канцэрце, публіка прымала гасцей цёпла, дэманструючы сваю любоў (спявалі разам і нават падтанцоўвалі некаторыя). І зноў мелодыі гучалі адна за адной, яднаючы людзей, якія радаваліся свайму святу. Побач танцавалі маладыя дзяўчаты, дзеці... Паўтары гадзіны праляцелі вельмі хутка...

Трэба прызнацца, трэба сказаць:

рады былі сюды завітаць,

І з пачуццём, разам спяём тое,

што хочам вам пажадаць:

Мы вам жадаем, каб да вашых хат

Сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат.

І каб было вам на ўсім вяку

Лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку...

Песня сціхае, артысты развітваюцца з гледачамі. Паступова сцэна і зала апусцелі, і я цікаўлюся ў салісткі «Бяседы» Юліі Саўчанкі, што адчувае яна пасля такіх канцэртаў.

«Гледачы падтрымліваюць, не шкадуюць эмоцый, і гэта для нас стымул яшчэ больш працаваць і радаваць нашу публіку сваёй творчасцю», — адказала яна.

P.S. Застаецца толькі нагадаць, што магчымасць трапіць на канцэрт ансамбля народнай музыкі яшчэ ёсць — 3, 4 і 10 кастрычніка «Бяседа» запрашае ўсіх прыхільнікаў на сустрэчу ў Брэсце, Століне і Мінску. А тыя, хто не трапіць на канцэрт, можа сачыць за падзеямі гастрольнага тура на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.