Вы тут

Вучымся з... бацькамі


Нямецкія выдаўцы, якія працуюць у галіне вучэбнай літаратуры, не так даўно прыйшлі да высновы, што ў вучэбным працэсе для забеспячэння актыўнай сумеснай працы вучня і бацькоў стандартнага набору падручнікаў, дапаможнікаў і сшыткаў недастаткова. Каб быць бліжэй да дзяцей, разумець, чым яны займаюцца ў школе, клапатлівыя мамы і таты хочуць калі не дапамагаць дзецям выконваць хатнія заданні, то хаця б «быць у тэме», абмяркоўваць цікавыя факты, паўтараць адметныя моманты, вывучаныя падчас урокаў. Але падручнікам для гэтых мэтаў карыстацца нельга: дзеці і так знаёмыя з яго зместам. Кніга для настаўнікаў таксама не дапаможа: бацькам яна можа здацца надта складанай і грувасткай, бо прапаноўвае менавіта прафесійныя методыкі па працы з матэрыялам.

29-22

29-22

 

Так і з'явілася рашэнне спецыялістаў па вучэбнай літаратуры: распрацаваць кнігі для бацькоў — адмысловы тып дапаможнікаў, якія дапамогуць дарослым узнавіць свае школьныя веды і пазнаёмяць са зместам падручнікаў іх дзяцей, а таксама прапануюць рашэнні для супрацы па замацаванні і паглыбленні вывучанага на ўроках матэрыялу.

Думаецца, што айчынным выдаўцам варта таксама задумацца пра падрыхтоўку такіх кніг. Прыклад запатрабаванасці «дапаможнікаў для бацькоў» на нямецкім рынку можа стаць важным стымулам. Зрэшты, нельга сцвярджаць, што ў беларускіх кнігарнях зусім няма выданняў, якія могуць зацікавіць як дзяцей, так і старэйшых. Яны прыгожыя, яркія, цікавыя, захапляльныя, пазнавальныя. За такой кнігай можна з прыемнасцю правесці цёплы сямейны вечар, ды і шмат новага даведацца. Звернем увагу на адну з іх.

Пачытаем па-англійску?

Так, сапраўдным «хітом» выдавецтва «Мастацкая літаратура» сёлета стала кніга «Англійская мова: слова за словам». Творчы тандэм паэткі Алены Церашковай, мастачкі Вольгі Раманюк і дызайнеркі Настассі Капульцэвіч спрацаваў на «дзясятку», і мы атрымалі прыгожую кнігу з прывабнымі і цёплымі малюнкамі, якую і проста цікава пачытаць, і ў той жа час гэта выдатны дапаможнік па англійскай мове. З выданнем могуць працаваць нават тыя бацькі і бабулі з дзядулямі, якія не проста забыліся на ўсе англійскія словы ды граматычныя правілы, але і вывучалі ў школе ды ВНУ зусім іншую мову.

Кніга навучыць вымаўляць словы, простыя рыфмы паспрыяюць іх хуткаму запамінанню, а малюнкі замацуюць у свядомасці маленькага чытача трывалыя вобразы. «Хто сказаў, што вучыцца цяжка? Па-мойму, вучыцца — весела. Вясёламу вучню — вясёлы падручнік!» — піша ў кароценькай прадмоўцы Алена Церашкова.

Выданне пабудавана наступным чынам. Спачатку аўтарка знаёміць чытача з англійскім алфавітам, вучыць дзетак правільна называць літары гэтай пакуль чужой і незнаёмай мовы. Затым да кожнай літары прыводзіцца простае двухрадкоўе па-беларуску. Апошнія словы верша — ключавыя, яны падаюцца спачатку на беларускай, а потым на англійскай мове. Пры гэтым дзеці бачаць не толькі, як слова пішацца, але і як вымаўляецца. Патлумачу на прыкладзе вершаваных радкоў да літары S:

Я з гары качуся ўніз,

Снег віхураць лыжы — skіs [скі:з].

Такія двухрадкоўі вельмі проста запомніць, і ў выніку маленькі чытач ведае не толькі сам вершык, але і памятае слова па-англійску.

Наступны раздзел кнігі прысвечаны вельмі важнай тэме — сям'і. Як па-англійску назваць маму і тату, бабулю і дзядулю, сястру і брата, цётку, дзядзьку? Усе адказы — у гэтай кнізе. Навучацца дзеткі і называць важныя прыкметы прадметаў: тоўсты ці худзенькі, малы ці вялікі, шырокі ці вузкі:

Лясны мураш да працы звык.

Ён з выгляду слабенькі — wеаk [ўі:к].

Ды кожны ведае, што ён

Насамрэч вельмі дужы — strоng [строн:].

Адметна, што вершы Алены Церашковай не проста паспрыяюць хуткаму запамінанню слоў, але і навучаць дзетак складаць уласныя двухрадкоўі — па аналогіі. За такімі практыкаваннямі можна бавіць шмат часу як з сябрамі, так і з бацькамі

Марына Весялуха

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.