Вы тут

Сяргей Новікаў, начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: «Ні ў адным законе такога паняцця — «крыўдна» — няма»,


або Пра адказнасць, дайвераў і браканьерскія сеткі.

Днямі адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргеем Новікавым. Пытанні, адрасаваныя кіраўніку ведамства, дэманстравалі шчырую зацікаўленасць грамадзян у пытаннях аховы прыроды. Многія з іх тычыліся выкарыстання водных рэсурсаў. Прычым, часам людзі, якія тэлефанавалі, не толькі заяўлялі аб праблеме, але і выступалі з цікавымі прапановамі. Прапануем увазе чытачоў найбольш цікавыя моманты гутаркі.

19-38

— Добры дзень, Сяргей Віктаравіч! Па новых правілах дайверам дазволена лавіць у многіх вадаёмах, нават у дробных рачулках. Я лічу, што гэта як пусціць ваўка ў кашару — усіх авечак парэжа. Так і яны — усю рэпрадуктыўную рыбу знішчаць! Мне яна не патрэбна — я за дзяцей і ўнукаў перажываю.

Генадзь Іосіфавіч, Астравецкі раён

— Мы гэтую сітуацыю бачым. У сувязі з тым, што сёлета шматлікія вадаёмы абмялелі і доступ да рэсурсаў стаў адкрытым, як ніколі, Дзяржінспекцыя звярнулася да Мінпрыроды з прапановай — увесці забарону на падводнае паляванне, хоць бы часова. На жаль, нас пакуль не пачулі. Але скаргі ад людзей паступаюць рэгулярна, і мы гэтую працу будзем працягваць.

— Я і паляўнічы, і рыбак. У нас вакол горада ў дыяметры 50 кіламетраў усе вадаёмы арандаваныя. Водазабор устанавіў цану — 70 тысяч за суткі. А калі я не хачу цэлыя суткі рыбачыць? І яшчэ — ёсць такое паняцце, як абарыгенная рыба (тая, якую арандатар сам не засяляў — карась, акунь, плотка, лінь і г.д). Дык чаму я павінен плаціць за яе вылаў?

Сяргей Віктаравіч, г. Баранавічы

— Якую вызначаць цану за рыбалоўную пуцёўку — гэта справа арандатара. Калі ён убачыць, што на гэтых умовах людзі рыбачыць у яго не хочуць, сам вымушаны будзе цану знізіць ці яшчэ неяк адрэгуляваць. А што датычыцца абарыгеннай рыбы — думка цікавая, можна браць на заметку.

— Гадоў дзесяць таму нам дазвалялі нарыхтоўваць дровы ў хмызняку каля вёскі, а цяпер забаранілі. Самае блізкае лясніцтва — за 30 кіламетраў, а мне ўжо 76 гадоў.

Яўген Мікалаевіч, вёска Галінова Глыбоцкага раёна

— Такіх пажылых людзей, як вы, супрацоўнікі лясніцтва павінны забяспечваць дровамі. Самім секчы нічога не трэба. Разабрацца дапаможам — з вамі звяжуцца на працягу некалькіх дзён.

— Я — фермер, займаюся авечкагадоўляй. Як на бяду — побач паляўнічыя ўгоддзі. Паляўнічыя сабакі мне некалькі авечак зарэзалі. Звяртаўся ў міліцыю, там пакуль разбіраліся — ужо ўсе тэрміны скончыліся. Падкажыце, як мне вярнуць страты?

Пётр Кірылавіч, Брэсцкі раён

— На падставе матэрыялаў разбору звяртайцеся ў суд.

— Наш дачны пасёлак размешчаны каля возера. У апошні час на яго берагах некаторыя дачнікі пачалі будаваць лазні. Мы размаўлялі і з землеўпарадчыкамі, і з эколагамі, але канкрэтнага адказу — законна гэта ці не — так і не атрымалі. Хто можа вызначыць межы прыбярэжнай паласы, водаахоўнай зоны?

Жыхарка г. Сянно

— Для пачатку звярніцеся афіцыйна ў тую ж раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Апішыце сітуацыю, дакладна сфармулюйце вашы пытанні і запатрабуйце пісьмовага адказу. Думаю, сітуацыя вырашыцца.

19-39

— Мяне, як падводнага паляўнічага, цікавіць, чаму нельга лавіць уначы. Калі ёсць абмежаванні — 5 кілаграмаў — ці не ўсё роўна, калі я іх злаўлю? Я жыву ў вёсцы — цэлы дзень працую і толькі ўвечары магу пайсці паплаваць... І яшчэ — часта трапляю ў сеткі, хачу іх выцягнуць, але баюся: а раптам вырашаць, што я — браканьер? Можа, усё ж не лічыць гэта за парушэнне?

Падводны паляўнічы, Магілёўская вобласць

— Адказваючы на ваша першае пытанне, скажу, што парыбачыць можна і ў выхадны дзень — не бачу тут ніякіх праблем. А што тычыцца сетак, мая думка такая: калі будзе дазволена выцягваць іх нейкай асобнай катэгорыі, следам і іншыя скардзіцца пачнуць. Так мы парадак ніколі не навядзём. Лепш паведамляйце пра такія браканьерскія месцы ў мясцовую інспекцыю.

— Прыехаў я неяк на Прыпяць каля запаведніка, закінуў толькі вуду адну, яшчэ нічога не паспеў злавіць — тут з'явіліся егеры. Склалі пратакол — штрафу далі чатыры мільёны! Я ведаў, што тут платная рыбалка, але справа ж позна вечарам была. Крыўдна!

Сяргей Сямёнавіч

— Згодзен, што крыўдна. Па-чалавечы, за вуду можа і зашмат. Але ні ў адным законе такога паняцця — «крыўдна» — няма. Тым больш што вы ведалі пра незаконнасць сваіх дзеянняў.

— Вечарам ехаў з Мінска і каля Пухавіч бачыў, як паліваюць азімыя хіміяй. Як паляўнічы, не магу застацца абыякавым: які ж вялікі браканьер сельгасхімія!

Мікалай, г. Асіповічы

— У нас з вамі свае задачы, а ў сельскай гаспадаркі — свае. Відавочнай шкоды ад хіміі няма, калі рэчывы ўносяцца ў дапушчальнай канцэнтрацыі. Так, быў цяжкі перыяд, калі рэзка знізілася колькасць зайцаў, курапатак, але цяпер сітуацыя іншая. Як пацвярджэнне — уначы іх вельмі добра відаць у цеплавізар, паўтара дзясятка на адным полі можна налічыць.

— У мяне ёсць дом у вёсцы пад Шчучынам, дарога да яго праходзіць праз лес. Калі я еду туды, плануючы назаўтра пайсці папаляваць, то, вядома, вязу ў машыне стрэльбу. Ці будзе гэта лічыцца парушэннем, калі мяне спыняць па дарозе да дома ў лесе?

Аляксандр

— Вазьміце з сабой пашпарт і копіі дакументаў аб тым, што вы з'яўляецеся ўласнікам дома ў гэтай вёсцы. Тады ў інспектараў не павінна быць сумненняў, што вы — законапаслухмяны грамадзянін.

— Я — рыбалоў-аматар. І лічу, што нейкая ненармальная сітуацыя склалася па падводных паляўнічых. Гадоў 15 таму ў нас такі быў адзін, і мы глядзелі на яго, як на дзіва. А цяпер я за восень пяць разоў выязджаў на Бярэзіну, і чатыры разы мяне па абодвух бартах суправаджалі падводнікі. Судакоў потым гірляндамі выцягвалі! Адбілі жаданне ездзіць. Можа, іх абмежаваць? Хай, як і ўсе паляўнічыя, у пэўных месцах ловяць? Яшчэ хачу прапанаваць падчас нерасту прыцягваць да аховы вадаёмаў грамадскасць, міліцыю. У нас у Светлагорску, напрыклад, часць унутраных войскаў МУС ёсць — іх можна было б прыцягнуць...

Алег Яўгенавіч, Светлагорск

— Прапанову аб абмежаванні падводнікаў мы ўжо ўнеслі. Сама Дзяржінспекцыя забароны ўстанаўліваць не ўпаўнаважана, таму мы звярнуліся ў Мінпрыроды. Аднак гэтае міністэрства нашу ініцыятыву пакуль не падтрымала. Але, думаю, што мы да гэтага ўсё роўна прыйдзем. Што тычыцца нерасту — і грамадскасць, і міліцыя пастаянна дапамагаюць. У МУС і Дзяржінспекцыі ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве: яны нам падчас нерасту дапамогу аказваюць, а мы ім — падчас «Арсенала». У любым выпадку, дзякуй вам за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

— Хачу расказаць, якая сітуацыя склалася ў нас на Нёмане пасля таго, як там паставілі гідраэлектрастанцыю. Я вырас на рацэ і цяпер жыву на беразе і бачу, што рыбы стала значна менш. Лічу, што такім чынам нанесены ўрон рыбнай гаспадарцы краіны.

Уладзімір Уладзіміравіч, г. Гродна

— А хто яе палічыў — тую шкоду? Пагадзіцца з вамі не магу. Я ўпэўнены, што гэты аб'ект праходзіў экалагічную экспертызу. Калі сёння ён дапушчаны да эксплуатацыі, значыць, усе нормы прыродаахоўнага заканадаўства выкананы. У рамках нашай кампетэнцыі мы пастаянна абследуем гэтыя месцы.

— Не ведаю, ці па вашай частцы гэтае пытанне, але мяне вельмі хвалюе, што ў нашай краіне катастрафічна мала прытулкаў для бадзяжных жывёл. Праўда, у апошні час, я чуў, яны адкрываюцца — у Віцебску, у Гомелі... Чаму нельга зрабіць такія ў кожным, нават раённым, горадзе, прафінансаваць ветлякарні? Калі бачу па тэлевізары, як жывёл даглядаюць за мяжой — лечаць іх, робяць складаныя аперацыі — душа баліць. У мяне жывуць пяць кошак і кот — яны як члены сям'і. Як можна выкідаць іх на вуліцу?

Валерый Уладзіміравіч, г. Клімавічы

— Вы правільна заўважылі: справа, перш за ўсё, у людзях, якія кідаюць сваіх гадаванцаў. Гэта сведчыць аб іх безадказнасці і нізкай культуры. Бяздомныя жывёлы — праблема вялікіх гарадоў. Там у першую чаргу і ствараюць прытулкі. Усё гэта робіцца, як правіла, за кошт мясцовых бюджэтаў. Але хачу вас супакоіць — нядаўна ў нас быў на ўзгадненні праект Закона «Аб абыходжанні з жывёламі». Я яго вельмі ўважліва вывучыў, паколькі для мяне гэтая тэма таксама важная. Дык вось ён прадугледжвае і адказнасць гаспадароў за жорсткае абыходжанне з жывёламі, і чыпіраванне, і стэрылізацыю, мноства карысных новаўвядзенняў для таго, каб сітуацыя змянілася, а правільней сказаць — каб змянілася стаўленне да яе людзей.

Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.