У пытаннях захавання прыроды няма простых адказаў. Нашаму грамадству трэба вучыцца, як жыць з дзікімі жывёламі побач, як сябе з імі паводзіць і як да іх ставіцца. На жаль, але ў інфармацыйнай прасторы распаўсюджваецца шмат неаб'ектыўнай інфармацыі, фэйкаў і домыслаў, звязаных з дзікімі жывёлінамі. У першую чаргу апошнія могуць быць небяспечныя для чалавека як пераносчыкі шаленства, і ў гэтым плане дробныя куніцы і лісіцы — больш небяспечныя, чым буйныя мядзведзі, сустрэча з якімі для чалавека — вялікая рэдкасць. Такую думку выказаў на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел ГЕШТАЎТ.
Ён канстатаваў, што буйныя драпежнікі заўсёды выклікаюць спрэчкі. Адны ўстаюць на іх абарону, іншыя выступаюць за рэгуляванне колькасці. Ёсць і радыкальная група, прадстаўнікі якой лічаць, што ў Беларусі ў прынцыпе не павінна быць папуляцыі драпежнікаў.
— Але ў гэтым пытанні патрабуецца ўзважаны падыход. Буйныя драпежнікі неабходныя для здаровага функцыянавання экасістэмы, для захавання біяразнастайнасці. Без ваўка, бурага мядзведзя, рысі нашы прыродныя ландшафты будуць непаўнавартасныя, — падкрэслівае Павел Гештаўт. — Паляўнічыя зацікаўленыя, у першую чаргу, у здабычы капытных, таму хочуць рэгуляваць колькасць драпежнікаў, з якімі ім даводзіцца канкурыраваць. Але драпежнікі існавалі ва ўсе часы, і гэта не прыводзіла да дэградацыі папуляцыі капытных...
Воўк, напрыклад, з'яўляецца паляўнічым відам. І, нягледзячы на пераслед чалавека, яго папуляцыя застаецца стабільнай. Выпадкі нападу ваўкоў на сельскагаспадарчых жывёл адзінкавыя, і яны вырашаюцца ў аператыўным парадку. Выпадкі нападу на чалавека ўнікальныя. Некалькі гадоў таму ў Стаўбцоўскім раёне воўк, хворы на шаленства, напаў на жанчыну і прычыніў ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні. Выпадкаў нападу рысі на людзей, на сельскагаспадарчых жывёл не зафіксавана. Тым не менш на лакальным узроўні рысь можа аказваць уплыў на папуляцыю каштоўных паляўнічых відаў, што не спадабаецца аматарам палявання.
Што датычыцца бурага мядзведзя, то гэта жывёліна ўключана не толькі ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь — ахоўваецца ў шэрагу краін Еўропы. Разам з тым у Харватыі, Славеніі, Славакіі, Румыніі, нягледзячы на ахоўны статус гэтай жывёліны, дазволена паляванне на мядзведзя ў мэтах рэгулявання іх колькасці і ліквідавання праблемных асобін. Нават у Расіі, нягледзячы на тую акалічнасць, што мядзведзь з'яўляецца паляўнічым відам, колькасць канфліктных сітуацый з чалавекам дастаткова высокая, драпежнікі часам наносяць вялікую шкоду, у шэрагу рэгіёнаў мядзведзь таксама ўключаны ў Чырвоную кнігу, напрыклад, у Маскоўскай,Тульскай, Разанскай, Калужскай абласцях.
«Важна разумець, што мядзведзь актыўна рассяляецца, маладыя жывёліны займаюць сваю тэрыторыю, у час шлюбнага перыяду актыўна перасоўваюцца. У сярэднім за суткі мядзведзь можа пераадольваць адлегласці да 80 кіламетраў. Ён пераходзіць дарогі, адкрытыя ландшафты, яго могуць бачыць побач з населенымі пунктамі, — тлумачыць спецыяліст. — Жыхары могуць бачыць аднаго і таго ж мядзведзя, але ў страху вочы вялікія... У эпоху смартфонаў усе такія сустрэчы фіксуюцца і праз сацыяльныя сеткі імкліва распаўсюджваюцца. Насамрэч, жывёлін, якія пражываюць аседла, вельмі цяжка ўбачыць, яны вядуць схаваны лад жыцця, і ў лепшым выпадку можна сустрэць толькі прадукты іх жыццядзейнасці.
Сусветны вопыт сведчыць, што колькасць канфліктных сітуацый з мядзведзем залежыць, напрыклад, ад асаблівасцяў года і колькасці корму ў прыродным асяроддзі пражывання. Замежнымі вучонымі праводзіліся даследаванні канфліктных сітуацый, якія адбыліся па ўсім свеце з мядзведзямі з 2000 да 2015 года. Было, у прыватнасці, устаноўлена, што няма розніцы ў колькасці нападаў мядзведзяў у краінах, дзе дазволена паляванне на іх, і краінах, дзе такое паляванне забаронена».
У асяроддзі паляўнічых раз-пораз гучаць прапановы аб выключэнні некаторых відаў жывёл з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь і адкрыцці на іх палявання.
— Мядзведзь уключаны ў спіс рэдкіх жывёл і жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — канстатуе намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Беларусі Пётр НІКАЛАЕНКА. — Спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ацэньвалі колькасць папуляцыі мядзведзяў у нашай краіне на канец 2022 года ў 700 асобін. Пры гэтым у 2021 годзе налічвалася 580 асобін. 73 працэнты беларускай папуляцыі мядзведзяў сканцэнтравана ў Віцебскай вобласці, 23 працэнты — у Мінскай. На 60 працэнтах тэрыторый пражывання, дзе былі заўважаны бурыя драпежнікі, назіраліся самкі з медзведзянятамі, што сведчыць аб размнажэнні жывёл.
Рысь таксама ўнесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На падставе аналізу ацэнкі колькасці рысі і прасторавага яе распаўсюджвання ў Беларусі вучонымі НАН устаноўлена, што на пачатку 2022 года ў Беларусі пражывала 900 асобін рысі. «Але фактычная колькасць рысі, якая склалася на тэрыторыі краіны, не гарантуе дэмаграфічную стабільнасць віду, — падкрэслівае Пётр Нікалаенка. — У 2021 годзе налічвалася 1007 асобін рысі, пры гэтым была адзначана адмоўная дынаміка ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, якая характарызавалася адносна невялікай колькасцю гэтага віду. У 2022 годзе адзначаны станоўчы трэнд: на канец года колькасць рысі дасягнула 1134 асобін, гэта 75 працэнтаў ад экалагічнага патэнцыялу яе колькасці. Нават нягледзячы на павелічэнне папуляцыі, колькасць рысі ўсё роўна не дасягнула аптымальных значэнняў і яе выключэнне з Чырвонай кнігі — заўчаснае. Па ацэнках вучоных, для дасягнення экалагічнага патэнцыялу, а гэта 1520 асобін, патрабуецца яшчэ некалькі гадоў. Акадэміяй навук плануецца на аснове выкананых даследаванняў да 2025 года падрыхтаваць макет пятага выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, пытанне аб змяненні статусу або захаванні дзеючага статусу па мядзведзю і рысі, магчыма будзе вырашана праз два гады... У 2024 годзе будзе праведзены ўлік колькасці гэтых драпежнікаў у адпаведнасці з нядаўнімі распрацоўкамі».
Сяргей РАСОЛЬКА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.