Вы тут

Цягнік, які не сыдзе з рэек


Сёння 23-я гадавіна бабулінага сыходу... Дзесьці каля пяці гадзін раніцы яе сэрца перастала змагацца з гэтым жыццём. Стамілася. Спачатку — бунтавала, думала, што зможа гэтае жыццё змяніць... А потым змірылася... Занадта шмат бітваў. Цяжка, калі адзін цягне ўсіх. У сям'і заўсёды ёсць адзін, які цягне па жыцці астатніх. А астатнія проста прыладжваюцца. Яны бесклапотныя і эгаістычныя. Бо ведаюць, што ёсць ЁН — «чалавек-паравоз», які ўсё твае памылкі прыме на сябе, ахоўваючы цябе. І таму ты можаш сабе дазволіць, а ЁН — не. Таму што ЁН — за вас усіх у адказе. Як у Экзюперы.


Я памятаю, у той вечар я чамусьці танчыла перад люстэркам. А раніцай мне патэлефанавалі. І невядомая медсястра на тым канцы проваду сказала: «Ваша МАМА сёння ноччу памерла...» На тым канцы проваду нават не ведалі, як яны патрапілі ў цэль, калі памыліліся ў вызначэнні сваяцтва. Але я не стала папраўляць незнаёмку, таму што бабуля сапраўды была для мяне мамай. У самым вялікім сэнсе гэтага слова.

«Чалавека-паравоза» не стала. Праз тыдзень родны брат прызначыў галоўнай жанчынай роду мяне, сказаўшы: «Бабулі няма, цяпер ты будзеш нашай мамай...» І я ўстала на гэтыя рэйкі. А ўсе астатнія прычапіліся за мной з вагонамі сваіх праблем...

У думках я часта «адкручваю» гадзіннік назад... Яшчэ толькі 15 хвілін першай. Яшчэ ёсць час. І бабуля яшчэ сядзіць на сваім бальнічным ложку і думае пра мяне. І чарговы раз «спальвае» сваё сэрца.

А ў мяне ўсё дрэнна. Поўны разрыў з «першым — былым». Я ўжо не дыхаю некалькі месяцаў. За мяне дыхае бабуля, і ёй вельмі цяжка даецца кожны ўздых, і нясцерпным болем сціскае яе сэрца...

Бабуля не спіць ужо якую ноч. Яна ведае, што заснуць нельга, таму што гэта будзе развітальны сон. Але я пра гэта яшчэ не здагадваюся. У мяне ж усё дрэнна, і я займаюся «самакапаннем», увесь час думаючы пра тое, што робіць «ён» — той, з якім у мяне «разрыў». І зусім забываю, што за мяне дыхае бабуля... Забываю, як забываюць пра бацькоў дзеці на дзіцячай пляцоўцы, калі іх доўга не клічуць дадому. А так часам хочацца, каб цябе нехта паклікаў.

...Што змянілася з таго часу, як я прыняла тваю эстафету, бабуля? Нічога. Усё гэтак жа сціскае сэрца...

Сёння вечарам я глядзела на сваю пакрыўджаную дачку Альку, якая сядзела на канапе сярод раскіданай драбязы. Яна яшчэ не разумее дарослых гульняў. І не разумее, што мы, дарослыя, увесь час дзелім, калі вакол так шмат яркіх цацак? Усім жа хопіць!.. Дзве адзінокія жанчыны ў ціхай кватэры. Жанчына — маленькая і жанчына — вялікая аднолькава пражываюць сум. Няўжо, дачушка, я перадам табе «эстафету» адзіноты? Як не хочацца... Як я хачу, каб у тваім жыцці было шмат сонца, каб у ім быў надзейны, моцны мужчына. «Цягнік», які можа павезці хоць на край свету і не сыдзе з рэек.

Чаму шчасце такое хуткабежнае, а няшчасці цягнуцца доўгай чарадой? І галоўнае, што ніхто не ўратуе. Толькі ты сам. Калі набярэшся смеласці нырнуць глыбей у гэты вір, і каб потым цябе выпхнула на прастору свабоды, дзе будзе шмат паветра і сонца! Калі атрымаецца... І ўжо няма каму дапамагаць табе дыхаць. Цяпер твая чарга дыхаць за тых, каго ты прыручыла...

Як жа хочацца пакласці галаву на твае калені, бабуля! І зноў апынуцца ў нашым садзе, на той вуліцы, якой даўно ўжо няма на карце... Дзе топіцца печка і чуваць, як рыпае снег пад нагамі рэдкіх мінакоў. Дзе паміж шклянымі рамамі на ватных падушках ляжаць яркія ёлачныя цацкі, а вокны чакаюць — калі з іх прыбяруць гэтую дэкарацыю, памыюць, і яны адкрыюцца. І нехта абавязкова цябе пакліча... Але я не маю права плакаць. Я прыняла эстафету. Лёс прызначыў мяне галоўнай жанчынай.

Ларыса КАРАСІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.