Вы тут

З жыцця пайшла доктар гістарычных навук Вольга Ляўко


Не стала вядомага беларускага археолага, гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, галоўнага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольгі Мікалаеўны Ляўко.


Асноўная ўвага даследчыцы была скіравана на вывучэнне пытанняў айчыннай сярэдневяковай гісторыі і археалогіі, этна- і культурагенезу славян, фарміравання і развіцця раннедзяржаўных структур, тэрытарыяльна-адміністрацыйных утварэнняў ІХ—ХVІІІ стагоддзяў. Але здабыткі гэтага вучонага вельмі цяжка ацаніць. Яе працы дазволілі больш даведацца пра багацце і асаблівасць культуры беларускіх земляў. Шмат ёю зроблена для захавання і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны. Многія населеныя пункты змаглі набыць рысы свайго гістарычнага аблічча. І, бясспрэчна, веды, здабытыя даследчыцай, яшчэ доўгі час будуць аказваць уплыў па культурнае і нават сацыяльна-эканамічнае развіццё населеных пунктаў, гісторыю якіх яна вывучала.

— Мне падаецца, што Вольга Мікалаеўна Ляўко была своеасаблівым рухавіком навуковых дасягненняў, навуковага працэсу, чалавекам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў фарміраванню гістарычнай самасвядомасці, светапогляду, захавання гістарычнай памяці, — гаворыць дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. — Яна рабіла ўсё для таго, каб гісторыка-культурная спадчына была запатрабавана не толькі ўнутры нашай краіны, але і па-за яе межамі. Сярод дзясяткаў даследаваных помнікаў археалогіі (гарадоў, замкаў, селішчаў, пахавальных помнікаў) — Віцебск, Орша, Копысь, Шклоў, Гарадок, Езярышча, Кісялі, Талачын, Арэхаўск, Смалькі і шэраг іншых населеных пунктаў. Даследаванні не мелі аналагаў у гісторыі археалагічнай навукі Беларусі. Яна першая, хто пачаў займацца культурнымі напластаваннямі ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў, позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Сёння нават вельмі цяжка ўявіць, хто мог бы зрабіць столькі, колькі Вольга Мікалаеўна. Колькі здзейснена па ахове археалагічнай спадчыны ў Віцебску, у горадзе, які яна любіла, якому аддала частку свайго навуковага жыцця падчас археалагічных даследаванняў, дзе ведала ўсю гісторыка-культурную спадчыну і працавала з людзьмі, якія павінны займацца захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны.

Варта адзначыць работу, якую Вольга Мікалаеўна зрабіла па прапагандзе гісторыі беларускай дзяржаўнасці, Полацкага княства ў першую чаргу. Полацк як калыска беларускай дзяржаўнасці раскрыўся ў многіх яе работах. Яна заўсёды старалася паказаць значнасць гэтага горада, значнасць нашай краіны тысячу гадоў таму. Калі мы рыхтавалі матэрыялы топ-5 археалагічных даследаванняў 2021 года, якраз туды аднеслі і археалагічныя работы, што ў Верхнім замку вяліся пад кіраўніцтвам Вольгі Мікалаеўны.

Важна сказаць і пра навуковы ўклад вучонай у разуменне тых гістарычных працэсаў, якія адбываліся на нашай тэрыторыі. Яе энергія была накіравана на вывучэнне пэўных аб'ектаў. Напрыклад, у 2016 годзе яе праца «Кардон — новы археалагічны комплекс эпохі вікінгаў (VІІІ—Х ст.ст) ва Усходняй Еўропе» ўвайшла ў топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі. Гэта ўнікальны помнік, звязаны са шляхам «з варагаў у грэкі». Вольга Мікалаеўна з калегамі даказала, што гэты шлях праходзіў па тэрыторыі сучаснай Беларусі і што ён быў вядомы нашмат раней, чым шлях па тэрыторыі сучаснай Смаленшчыны. Гэта велізарны ўклад у разуменне гістарычных працэсаў. Шмат Вольга Мікалаеўна зрабіла і ў вывучэнні славянскай праблематыкі і як даследчык, і як генератар ідэй.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.