Вы тут

Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў


Беларусь гатова разглядаць любыя новыя ідэі і праекты з іх боку. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.


Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка прыцягнуў увагу да некаторых аспектаў так званай эканамічнай дыпламатыі. «Беларусь вельмі зацікаўлена ў пашырэнні замежных гандлёва-эканамічных сувязяў», — падкрэсліў беларускі лідар. «Мы нацэлены як на ўмацаванне ўзаемавыгадных кантактаў з традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі, так і на асваенне новых рынкаў для дыверсіфікацыі не толькі нашага экспарту, але і ўсіх нашых адносін», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, гэта з'яўляецца асновай стабільнасці эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян. «Балазе, што і ў Еўрасаюзе, і ў Злучаных Штатах Амерыкі разгледзелі нашу міралюбівую палітыку, вывучылі яе і зрабілі выснову, што з Беларуссю трэба не проста супрацоўнічаць, а выкарыстоўваць Беларусь так, каб у нашым рэгіёне быў мір і парадак. Мы ў гэтым напрамку гатовы працаваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёны Гіб, Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь разлічвае на актывізацыю сувязяў з Вялікабрытаніяй. «Нам трэба пераадолець нейкую псіхалагічную мяжу ў нашых адносінах, паглядзець, можа быць, новымі вачыма адзін на аднаго і знайсці тыя пазітыўныя напрамкі, па якіх мы абавязкова павінны супрацоўнічаць», — сказаў ён.

Звяртаючыся да пасла Аўстрыі ў Беларусі Бернда Аляксандра Баерля, беларускі лідар адзначыў, што нацыянальным інтарэсам Беларусі адпавядаюць пазітыўныя дынамічныя адносіны з Аўстрыяй. Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што адкрыццё пасольства ў Мінску надасць адчувальны імпульс узаемавыгадным кантактам у гандлёва-эканамічнай і крэдытна-інвестыцыйнай сферах. Звяртаючыся да пасла Швейцарскай Канфедэрацыі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Андрэя Мотыля, Прэзідэнт адзначыў: «Наша зацікаўленасць у больш шырокай прысутнасці швейцарскага бізнесу ў Беларусі застаецца нязменнай». На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, нягледзячы на стабільныя кантакты са Швейцарскай Канфедэрацыяй, існуе велізарны нерэалізаваны патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння, які патрабуе прыняцця дадатковых намаганняў.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Албаніі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Арбена Газіёні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў гатоўнасць Беларусі да актыўнага супрацоўніцтва з Албаніяй не толькі ў сферах культуры, навукі і адукацыі, але і ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Паводле яго слоў, перспектыўным бачыцца ўсталяванне кааперацыі паміж дзелавымі коламі дзвюх краін.

Вітаючы новага пасла Індыі ў Беларусі Панкаджа Саксена, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разлічвае на істотную актывізацыю гандлёва-эканамічнага партнёрства. Ён адзначыў высокую выніковасць нядаўняга візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь. Беларускі лідар выказаў надзею, што новы пасол Індыі прыкладзе максімум намаганняў да напаўнення дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні канкрэтнымі справамі. На яго думку, яшчэ адной важнай задачай з'яўляецца рэалізацыя падпісанай падчас візіту на вышэйшым узроўні дарожнай карты беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.

«Развіццё ўсебаковых адносін з Венесуэлай з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нашай знешняй палітыкі ў Лацінскай Амерыцы», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Хасэ Багіяна Перычы. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць нашай краіны прыняць з візітам Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура паводле дамоўленасці падчас сустрэчы ў Маскве ў маі 2015 года, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. «Што б ні адбывалася сёння ў сяброўскай і блізкай нам Венесуэле, вы павінны быць цвёрда ўпэўнены: мы непахісна будзем прытрымлівацца таго курсу, які мы вызначылі разам з камандантэ Чавесам».

У якасці перспектыўнага партнёра ў Паўднёвай Амерыцы Беларусь разглядае і Перу. Беларуская тэхніка добра знаёмая перуанскім спажыўцам з часоў СССР, яна адрозніваецца аптымальнымі суадносінамі цаны і якасці. «Мы гатовыя пастаўляць у Перу шырокую гаму машынабудаўнічай прадукцыі і высокатэхналагічнага абсталявання», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Беларусь таксама гатова купляць і прадукцыю з Перу, у тым ліку для паставак у іншыя дзяржавы.

Прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ПАР у Беларусі па сумяшчальніцтве Намасонта Марыі Сібанда — Тусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь дастаткова эфектыўна развівае супрацоўніцтва з дзяржавамі поўдня Афрыкі, перш за ўсё з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Паводле яго слоў, рэалізуецца шэраг перспектыўных праектаў, якія тычацца паставак высакаякаснай беларускай тэхнікі. Акрамя таго, прапрацоўваюцца іншыя кірункі ўзаемадзеяння. Беларускі лідар пацвердзіў запрашэнне Прэзідэнту Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Джэйкабу Зуму наведаць з візітам Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для Беларусі важна знаходзіць новых партнёраў у Афрыцы. Ён выказаў упэўненасць, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сьера-Леонэ ў Беларусі па сумяшчальніцтве Ямбасу Джон Сар Франсіс будзе ўсяляк садзейнічаць асваенню патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва. Прымаючы даверчыя граматы пасла КНДР у рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Кім Хён Чжуна, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў нацэленасць Беларусі на развіццё ўзаемавыгадных адносін ва ўсіх сферах.

Звяртаючыся да паслоў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для плённага выканання іх дыпламатычнай місіі ў Беларусі будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы. «Вельмі важна, каб падчас свайго знаходжання тут вы змаглі знайсці новыя магчымасці, быць можа, новыя фарматы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і прыўнесці канструктыўныя ідэі ў нашу сумесную працу», — сказаў беларускі лідар. «Перакананы, што наш дыялог з дзяржавамі, якія вы прадстаўляеце, будзе пастаянна развівацца на аснове ўзаемаразумення, партнёрства і сяброўства», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што гэты год у Беларусі аб'яўлены Годам культуры, і гэтая сфера на працягу дванаццаці месяцаў будзе насычана разнастайнымі мерапрыемствамі. Прэзідэнт выказаў надзею, што дыпламаты знойдуць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю, яе прыродай, кліматам, культурнай спадчынай, гісторыяй.

Загаловак у газеце: На аснове ўзаемаразумення і сяброўства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.