Вы тут

Углядаючыся адно ў аднаго


У Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла вечарына, прысвечаная 135-годдзю кітайскага пісьменніка Лу Сіня (1881 — 1936) і 110-годдзю з пачатку літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Удзел у імпрэзе прынялі кітайскія і беларускія студэнты, пісьменнікі, журналісты, музейныя работнікі.


З вітальным словам да прысутных звярнуўся першы сакратар Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Хунвэй. «І Лу Сінь, і Якуб Колас — пісьменнікі адной часавай прасторы, адных сацыяльных перакананняў, — заўважыў кітайскі госць, — і з вышыні сённяшняга часу хіба ж не цікава зазірнуць у іх творы, шукаючы падабенства, аднолькавыя сімвалы?.. Мне прыемна ўсведамляць, што шырыцца прастора кітайскага мастацкага слова ў Беларусі».

Вёў вечарыну лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, вядомы паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. Яго досвед у беларуска-кітайскіх мастацкіх стасунках выкліканы яшчэ і тым, што Мікалай Міхайлавіч падрыхтаваў і выдаў аўтарскую кнігу перакладаў «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая». Пра любоў да Кітая, пра ўласныя паездкі ў Паднябесную, пра знаёмства з перакладчыкам Гао Манам распавёў паэт, празаік, публіцыст і перакладчык Навум Гальпяровіч. Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў пра выдадзеныя ў «Звяздзе» кнігі кітайскіх паэтаў Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, пра тое, што ў серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая» падрыхтаваны новы зборнік. На гэты раз — вершаў Лі Хэ. У значнай ступені праект рэалізоўваецца дзякуючы руплівасці перакладчыцы Алены Раманоўскай. У кнізе — і яе пераклады, і пераклады іншых творцаў, зробленыя дзякуючы падрадкоўнікам, якія падрыхтавала з мовы арыгінала Алена Раманоўская.

Сяргей Шычко

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.