Вы тут

Што такое сапраўдныя міліцэйскія будні


Што такое сапраўдныя міліцэйскія будні, участковы інспектар Партызанскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў сталіцы Сяргей Гурэцкі даведаўся літаральна адразу, як распачаў службу. Учарашняга выпускніка Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў складанымі заданнямі ніхто не закідваў, у працу ўводзілі паступова, але жыццё само падкінула яму шанц праявіць сябе...


Сам Сяргей гэтую сітуацыю параўноўвае з тымі, якія так часта паказваюць у крымінальных фільмах. Познім студзеньскім вечарам ён пешшу вяртаўся са свайго апорнага пункта, што на вуліцы Фролікава, ва ўпраўленне. І, калі праходзіў бульвар Трактарабудаўнікоў, пачуў жаночы крык, а пасля ўбачыў як нехта адабраў у дзяўчыны сумачку і кінуўся наўцёкі.

— Я, безумоўна, крыху расхваляваўся. Сведкам падобнага я стаў упершыню, але адразу кінуўся даганяць, — згадвае Сяргей. — Рабаўніка спыніў хутка. Злачынцам аказаўся раней судзімы мясцовы жыхар. Сумачку вярнулі гаспадыні, і мне вельмі прыемна, што здолеў дапамагчы чалавеку.

Дарэчы, жаданне такім чынам садзейнічаць людзям і служыць у органах унутраных спраў у нашага суразмоўцы, не паверыце, з дзіцячага садка.

— У майго аднагрупніка бацька быў начальнікам слонімскай ДАІ. І калі ён прыходзіў па сына ў садок, я бачыў на яго форме буйны міліцэйскі жэтон, які неяк па-асабліваму ўздзейнічаў. Атрымаць такі стала маёй марай, — кажа Сяргей. — На мяне таксама вельмі ўплываў мой тата. Ён хоць і не быў праваахоўнікам, служыў у войску, прайшоў Афган, даволі часта браў мяне з сабой і паказваў ваенную тэхніку. Падобнае падабалася з дзяцінства. Так і стаў міліцыянерам.

Праца ў Партызанскім РУУС маладому лейтэнанту падабаецца. Працоўны дзень звычайна пачынаецца ў 15:00 і доўжыцца да 23 гадзін. Мясцовыя жыхары бачаць маладога хлопца ў форме, ставяцца да яго з павагай, зычаць поспехаў у працы. А некаторыя з самых удзячных тэлефанавалі Сяргею напярэдадні Новага года і віншавалі яго з надыходзячым святам.

Участак яму папаўся не крымінальны, але і на ім праблем хапае. Асабліва з аматарамі выпіць у грамадскіх месцах альбо паскандаліць са сваякамі.

— Мае жыхары — гэта пераважна пенсіянеры, — кажа Гурэцкі. — Ведаеце, я заўжды думаў, што бабулі — збольшага ціхі і спакойны народ, але ў мяне ёсць такія, з кім даволі няпроста працаваць. Асабліва пасля таго, як атрымаюць пенсію і адразу трацяць усё на выпіўку. Сярод іх ёсць адна жанчына, з якой прыходзіцца пастаянна праводзіць прафілактычную работу. Цяпер паводзіць сябе больш адэкватна, хоць на яе паступала шмат нараканняў ад суседзяў. Раней мне наогул здавалася, што прафілактыка ў сферы сямейна-бытавых скандалаў не надта ўплывае на людзей. Аднак цяпер ведаю, калі пастаянна кантактаваць з дэбашырамі, наведваць іх, плён будзе. У нашай дзейнасці вельмі дапамагаюць ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў, якія патрулююць раёны горада. Яны часта затрымліваюць аматараў спіртнога і прыводзяць іх да нас. Сярод такіх затрыманых часам сустракаюцца тыя, каго ты сам даўно шукаеш, а яго да цябе прывялі.

— Сяргей, напэўна, у кожнага чалавека ёсць мэта, якая тычыцца ягонай працы. А якая яна ў цябе?

— У будучыні мне хацелася б паспрабаваць сябе на якой-небудзь кіруючай пасадзе. Праўда, я цалкам усведамляю, што пакуль яшчэ «зялёны» і мне трэба над сабой працаваць. Таму стараюся пераймаць вопыт у свайго начальніка, у старэйшых калег. Галоўнае ў працы для мяне — заўжды заставацца чалавечным.

taras@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Галоўнае — быць чалавечным»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.