Вы тут

У сужэнцаў Гіммельрэйхаў паўвека міліцэйскага стажу на дваіх


Алег Віктаравіч узначальвае кафедру філасофіі і ідэалагічнай работы Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Галіна Мікалаеўна — міліцыянер-канваір канвойнай групы Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце. Сыны, Мікалай і Артур, ганарацца сваімі бацькамі, якія адказна ставяцца да прафесіі. Калісьці абраўшы яе па поклічы сэрца, ніколі аб гэтым не пашкадавалі.


На Тыдні бацькоўскай любові, які доўжыцца ад Дня маці да Дня бацькі, карэспандэнты «Звязды» распыталі міліцэйскую сям’ю пра сакрэт шчаслівага шлюбу. А між іншым пазнаёміліся яны дзякуючы сваёй прафесіі. Кулуары службовай дзейнасці на цяперашні момант Алег Віктаравіч прыадкрыў не толькі журналістам, але і сваёй жонцы, дзецям. Пабываўшы ў сценах галоўнай міліцэйскай альма-матар краіны, яны паназіралі за тым, як бацька, палкоўнік міліцыі, вядзе дыялог з курсантамі, азнаёміліся з гісторыяй Акадэміі МУС — адпаведная экспазіцыя з’яўляецца гонарам навучальнай установы.

Абараняць тых, каго крыўдзяць

У кожнага з сужэнцаў Гіммельрэйхаў быў свой шлях у прафесію. Алег Віктаравіч — мінчанін, рос у шматдзетнай сям’і. Да яго ніхто пагонаў не насіў: бацька працаваў на заводзе, які спецыялізаваўся на вытворчасці інструментаў, маці — на фабрыцы мастацкіх вырабаў. З самага дзяцінства Алегу даводзілася назіраць, што ёсць розныя сем’і. У суседзяў, напрыклад, выпіваў галава сямейства: не прыносіў дахаты заробак, мог падняць руку на блізкіх. Не раз сямейныя разборкі адбывался на вачах суседскіх дзяцей. Убачанае вельмі моцна паўплывала на Алега, і яшчэ ў дзяцінстве ён вырашыў, што будзе міліцыянерам — дзеля таго, каб абараняць тых, каго крыўдзяць. 

У сваім рашэнні ні разу не засумняваўся.

— На мой выбар паўплывала і школа, — прызнаецца Алег Гіммельрэйх. — Былі вельмі моцныя настаўнікі, якія з вялікай увагай ставіліся да далейшага лёсу вучняў. Нават пасля паступлення тэлефанавалі бацькам, цікавіліся, як у нас склалася ўсё.

Свае першыя прафесійныя крокі ён рабіў з цвёрдай упэўненасцю, што справе, якую абраў, прысвеціць усё жыццё. Пасля заканчэння Мінскай спецыяльнай сярэдняй школы МУС па размеркаванні трапіў у Мінскі аддзел унутраных спраў на транспарце. Службу пачынаў участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, пасля быў начальнікам лінейнага пункта міліцыі на станцыі Пухавічы. Адказны і перспектыўны супрацоўнік хутка рухаўся па службовай лесвіцы: з верасня 2000-га да лістапада 2002 года ўзначальваў інспекцыю па справах непаўналетніх, пасля чаго стаў кіраўніком аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце.

Працягваючы дынастыю

Галіна Мікалаеўна па першай спецыяльнасці — кухар. Адвучыўшыся ў Мінску, планавала ехаць працаваць у Мурманск. Аднак у апошні момант перадумала: бацькі меркавалі, што калі дачка з’едзе на поўнач Расіі, то абавязкова выйдзе там замуж. Рэдкіх сустрэч з ёй яны не хацелі, таму ўгаварылі застацца на радзіме — білет Галіна здавала ў апошні момант, аб чым ніколі не пашкадавала.

У міліцыю, як сама прызнаецца, трапіла выпадкова. І гэта нягледзячы на тое, што ў органах унутраных спраў, у транспартнай міліцыі, служылі яе бацька і сястра. Прапанова паспрабаваць свае сілы ў гэтай прафесіі паступіла, калі аднойчы Галіна завітала на работу да сястры, якая служыла і служыць дагэтуль у Мінскім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце.

— Акурат да сястры ў кабінет зайшоў начальнік, — згадвае яна. — Пытаецца, хто я, і кажа: «Хочаш працаваць у нас?» Адразу пагадзілася.

Пасля стажыроўкі Галіна Мікалаеўна зразумела, што міліцыя — гэта абсалютна блізкая ёй сфера. На канчатковы выбар па вызначэнні далейшага шляху, безумоўна, паўплывала тое, што ў транспартнай міліцыі служылі бацька і сястра, а маці працавала на чыгунцы.

Хто дома «генерал»?

Менавіта дзякуючы службе сужэнцы Гіммельрэйхі і пазнаёміліся. Калі зімой 2005 года Галіна заступала на нясенне службы па ахове грамадскага парадку на чыгуначным вакзале станцыі «Мінск-Пасажырскі», не магла нават уявіць, што сустрэне свайго будучага мужа. У гэты дзень Алег прыбыў на вакзал з праверкай. Ён адразу звярнуў увагу на старшага сяржанта міліцыі. Правяраючаму спадабалася, што Галіна з лёгкасцю знаходзіць агульную мову з лакаматыўнымі брыгадамі, начальнікамі цягнікоў. Ды і знешне маладая дзяўчына прыйшлася яму па душы: стройная, прыгожая, інтэлігентная.

Ужо ў маі таго ж года на пероне вакзала «Мінск-Пасажырскі» Алег зрабіў Галіне прапанову выйсці за яго замуж. Дзяўчына пагадзілася. І ў той жа дзень, падчас абедзеннага перапынку, будучы ў міліцэйскай форме, яны паехалі ў аддзел ЗАГС, дзе падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. Гэтая важная падзея адбылася ў верасні 2005 года.

З розніцай у тры гады ў іх нарадзіліся сыны: Мікалай і Артур. У гэты перыяд бацька служыў часова выконваючым абавязкі начальніка Полацкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце, узначальваў аналагічнае падраздзяленне ў Барысаве. Побач з Алегам Віктаравічам заўсёды была яго сям’я.

Нягледзячы на тое што ў званні Алег Гіммельрэйх вышэйшы за жонку, дома палкоўнікам, а можа, нават і генералам, з’яўляецца Галіна Мікалаеўна. «Праўда, усё залежыць ад сітуацыі, — робіць рэмарку галава сям’і. — Калі размова ідзе пра парадак у кватэры, харчаванне, знешні выгляд усіх членаў сям’і, вядома, тут наш генерал — Галіна. Яна — выдатны кулінар, частуе нас рознымі прысмакамі. Але ў частцы дысцыпліны хлопцаў... Яны ж не заўсёды слухаюць маму... Тут даводзіцца браць усё ў свае рукі».

«Хлопчыкі і дзяўчынкі мне зайздросцілі»

Пасля дэкрэтнага адпачынку Галіна Гіммельрэйх, не вагаючыся, вярнулася на службу. Разумела, што прафесія ў яе вельмі адказная, з ненармаваным працоўным графікам, а дзеці ж яшчэ малыя, патрабуюць увагі. Аднак у іншай сферы яна сябе ніколі не бачыла.

— Памятаю, як прачынаўся раніцай, а мамы дома ўжо не было, — расказвае старэйшы сын Мікалай. — У дзіцячы садок, як правіла, вадзіў бацька. Мама ў асноўным забірала. Бывала, што рабіў гэта нехта са сваякоў. У цэлым не магу сказаць, што нам з братам не хапала бацькоўскай увагі. Так, яны шмат працавалі, але ўвесь вольны час праводзілі з намі. Мы ездзілі ў вёску, разам хадзілі па грыбы, бацька вучыў нас лавіць рыбу, плаваць. Дагэтуль у нас ёсць сямейныя традыцыі, якія аб’ядноўваюць.

Мікалай прызнаецца, што не раз адчуваў гонар за сваіх бацькоў. «Асабліва калі хтосьці з іх прыходзіў па мяне ў садок у міліцэйскай форме, — удакладняе ён. — Тады ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі мне зайздросцілі».

Па словах малодшага сына, тое, што і мама, і тата з’яўляюцца міліцыянерамі, нават карысна. «Да нас у школу часта прыходзяць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы, падчас якіх расказваюць аб негатыўных з’явах сярод непаўналетніх, — кажа Артур. — Я ўжо пра гэта ведаю: бацькі заўсёды даюць парады, як не звязацца са злачынцамі і самому не парушаць заканадаўства. Прыводзяць рэальныя прыклады, якімі я абавязкова дзялюся са сваімі аднакласнікамі».

Знаходзіць агульную мову і перадаваць вопыт

Галіна Мікалаеўна ніколі не лічыла міліцыю выключна мужчынскай прафесіяй. Яна кажа, што няма тых задач, якія не здольная выканаць жанчына. Прапаршчык міліцыі суправаджае затрыманых па адміністрацыйных і крымінальных правапарушэннях з ізалятара ў суд і наадварот. Вядома, кантынгент, з якім ёй цяпер даводзіцца працаваць, — спецыфічны.

«Трэба да кожнага знаходзіць падыход, размаўляць з любым чалавекам, — лічыць Галіна Мікалаеўна. — Некаторыя задачы мой начальнік нават не давярае калегам-мужчынам, бо ведае, што толькі я змагу знайсці выхад у канфліктнай сітуацыі або ўвогуле не дапушчу яе».

Нярэдка былыя затрыманыя сустракаюць Галіну Гіммельрэйх у горадзе, заўсёды вітаюцца. Як яна прызнаецца, на вакзале лепш увогуле не з’яўляецца — ад «Мікалаеўна, добры дзень» не будзе адбою.

Не дзіва пачуць словы прывітання ў любым шматлюдным месцы горада і для Алега Віктаравіча. На працягу дзесяці гадоў ён выкладае ў Акадэміі МУС — сваім каштоўным вопытам ужо падзяліўся не з адным пакаленнем сённяшніх супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У галоўную міліцэйскую кузню краіны Алег Гіммельрэйх прыйшоў у кастрычніку 2013 года. Пасля службы на пасадзе першага намесніка начальніка Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце — начальніка крымінальнай міліцыі паступіў у ад’юнктуру навукова-педагагічнага факультэта Акадэміі МУС. У 2016 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Сёння кандыдат юрыдычных навук, дацэнт узначальвае кафедру філасофіі і ідэалагічнай работы, выкладае дысцыпліны «Арганізацыя ідэалагічнай работы ў органах унутраных спраў» і «Філасофія». Прычым яго слухачамі з’яўляюцца як курсанты, так і дзеючыя супрацоўнікі, якія павышаюць у Акадэміі сваю кваліфікацыю.

Чалавеку, які добра знаёмы з міліцэйскай прафесіяй на «зямлі», не складана было перайсці ў навуковую дзейнасць. Ён прызнаецца, што яму вельмі падабаецца дзяліцца вопытам з будучымі і цяперашнімі супрацоўнікамі. «Гэта шырокае поле дзейнасці, — кажа ён аб навучальным працэсе. — Ты не толькі вучыш маладых людзей, але і развіваешся сам».

Што датычыцца ўласных дзяцей, то па шляху бацькоў пакуль ніхто не пайшоў. Мікалай вучыцца на трэцім курсе Мінскага радыётэхнічнага каледжа. Марыць стаць праграмістам. Артур — дзевяцікласнік. Пасля заканчэння школы плануе ісці ў армію, пасля чаго хоча паспрабаваць свае сілы ў Атрадзе міліцыі асаблівага прызначэння.

«Ніколі не цісну на сваіх дзяцей, лічу, што яны самі павінны вызначыцца, чым хочуць займацца ў жыцці, — заўважае Алег Віктаравіч. — Я цудоўна ведаю цану практычнай работы: ненармаваны працоўны дзень, работа з людзьмі, пастаянная самаадукацыя. Старэйшаму Мікалаю падабаецца працаваць з камп’ютарамі — калі ласка. Бачу, што ён па душы не міліцыянер — мяккі. А вось у малодшага сына іншы характар. Буду рады, калі ўсё, што ён плануе, спраўдзіцца. Падыходзіць да выбару будучай прафесіі варта асэнсавана. Яна павінна выбірацца не толькі як сродак заробку, а перш за ўсё па прызванні — каб на ўсё жыццё».

Словам, так, як у сужэнцаў Гіммельрэйхаў, якія шчаслівыя і ў службе, і ў сямейным жыцці. У чым сакрэт? Як яны кажуць, у адказным стаўленні да справы, якой займаешся, а таксама ў адчуванні надзейнага тылу дома.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Паўвека на дваіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.