Вы тут

Найбуйнейшы ў краіне самагонны цэх ліквідаваны ў Маладзечанскім раёне


Найбуйнейшы ў краіне самагонны цэх ліквідаваны ў Маладзечанскім раёне, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама. Самагонны цэх 40-гадовы непрацуючы жыхар вёскі Яхімоўшчына Маладзечанскага раёна вырашыў арганізаваць прама на падворку.


Гаспадар паставіў вытворчасць самагону на прамысловую аснову: брага «спела» ў чатырох тысячалітровых спецыяльных ёмістасцях, якія падаграваліся газавымі гарэлкамі. Для гэтага адначасова падключаліся два балоны з прапанам, аб'ём ёмістасці для кандэнсацыі спіртавых пароў складаў больш за 3 тысячы літраў, а гатовы прадукт выцякаў па чатырох змеевіках адначасова.

Дом і двор акружала высокая агароджа, іх ахоўвалі сабакі і сістэмы відэаназірання. Падчас «працэсу» дом пільнавалі яшчэ і сваякі гаспадара. Па самых сціплых ацэнках, магутнасці завода дазвалялі атрымліваць больш за 500 літраў самагону за адну гонку, а выкарыстанне газу выключала наяўнасць тыповых прыкмет самагонаварэння: дыму з коміна, сажы і паху. Адходы вытворчасці перавозіліся на свінаферму побач, якая належала ўладальніку падворку. Ферма стала прыкрыццём для самагоннага цэха: не выклікаючы падазрэнняў, мужчына спакойна купляў і прывозіў дадому буйныя партыі мукі, нібыта на корм жывёле. Каб узяць самагоншчыка з доказамі злачынства, АМАПаўцы некалькі гадзін сядзелі ў засадзе і вялі назіранне за домам. Канфіскавана 240 літраў самагону, каля 6 тон брагі і самагонны апарат.

Дарэчы

Калі гаварыць пра Маладзечанскі раён, дык, напрыклад, у чэрвені мінулага года на тэрыторыі закінутага хутара непадалёку ад вёскі Клапачы была выяўлена самагонная лінія, устаноўленая ў хляве плошчай больш за 300 квадратных метраў. Падача вады вялася са свідравіны глыбінёй больш за 70 метраў чатырма помпамі, для электразабеспячэння выкарыстоўваўся магутны генератар. Было знойдзена звыш 12 тысяч літраў брагі. У маі 2012 года на тэрыторыі вёскі Боркі завод па вытворчасці самагону быў абсталяваны ў гаспадарчых пабудовах прыватнага дома. Канфіскавана 20,6 тоны брагі і 800 літраў гатовага «прадукту». За пяць гадоў да гэтага ў лясным масіве паблізу Клачкова быў знішчаны самагонны апарат з 50 тонамі брагі...

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: І не ўбачыць дна ў таго самагону...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.