Вы тут

У Магілёве складуць песню да 750-годдзя горада


Міжнародныя фестывалі «М@рт.кантакт», «Залаты шлягер», «Магутны Божа» ўжо даўно сталі візіткай Магілёва. Сёлета ён прымае ўдзельнікаў ІІІ нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі». У горадзе абмяркоўваюцца ідэі стварэння сучасных канцэртных пляцовак і аднаўлення гістарычнай часткі. Пра тое, якія падзеі будуць адбывацца ў культурным жыцці горада ў найбліжэйшы час і што чакаць у перспектыве, размова са старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Уладзімірам Цумаравым.


— З 2013 года ў Магілёве вядзецца маштабная рэканструкцыя мастацкага музея Бялыніцкага-Бірулі па вуліцы Ленінскай. Праектам прадугледжаны капітальны рамонт будынка, устаноўка сучаснага мультымедыйнага абсталявання, сістэмы клімат-кантролю. Магіляўчане з нецярпеннем чакаюць адкрыцця гэтага музея і вельмі хвалююцца, што рэканструкцыя можа зацягнуцца. Апошні раз агучвалася, што яна завершыцца ў 2016 годзе. Наколькі рэальна, што адкрыццё ўсё ж такі адбудзецца?

— Міністэрствам культуры прадугледжана выдзяленне 15 мільярдаў рублёў для завяршэння рэканструкцыі гэтага аб'екта. Але для таго, каб зрабіць усе неабходныя работы, трэба яшчэ каля 5 мільярдаў рублёў. У размове з міністрам Барысам Святловым ішла гаворка пра тое, што гарвыканкам гатовы ўзяць на сябе ролю арганізатара работ, звязаных з рамонтам гэтага будынка. За кошт горада будзе зроблена добраўпарадкаванне вуліцы Ленінскай, дзе знаходзіцца музей. Але трэба яшчэ знайсці фінансы, каб прывесці ў парадак тэрыторыю, якая прылягае непасрэдна да музея. У найбліжэйшы час на ўзроўні міністра культуры, абласных і гарадскіх улад мы канчаткова вызначымся з планам нашых далейшых дзеянняў.

— Нядаўна ў гарвыканкаме быў прадстаўлены архітэктурны план развіцця Магілёва, у тым ліку па аднаўленні яго гістарычнай часткі. Як гэта будзе рэалізоўвацца?

— Будуць працягвацца работы па аднаўленні паркавай зоны ў Падміколлі, на гэты аб'ект ужо ёсць праектна-каштарысная дакументацыя. Маецца рашэнне гарвыканкама па аднаўленні Свята-Пакроўскай царквы і ўзвядзенні комплексу будынкаў. Пакуль падмуркі закансерваваны і распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя. Заказчыкам праекта выступае Свята-Мікольскі жаночы манастыр. Мы спадзяёмся, што запланаванае будзе зроблена, але тут усё залежыць ад фінансавых магчымасцяў. У ходзе рэканструкцыі Пушкінскага моста мы выявілі падмурак яшчэ адной царквы. І цяпер разглядаем пытанне, каб захаваць і яго. У гэтым зацікаўлены і нашы вучоныя-гісторыкі з МДУ імя Куляшова.

— Гэты год праходзіць пад знакам культуры. Даўно вядзецца размова пра тое, што гораду не хапае сучасных пляцовак, узровень якіх мог бы дазволіць праводзіць мерапрыемствы найвышэйшага класа. Якія шанцы ў магіляўчан атрымаць такі падарунак?

— Сапраўды, Магілёву не хапае добрага канцэртнага комплексу. Дэталёвым планам развіцця Магілёва прадугледжана размяшчэнне канцэртнай залы па праспекце Міру ў раёне вуліцы Курганскай — насупраць адміністрацыі Ленінскага раёна. Яшчэ адна пляцоўка, якую мы разглядаем, — база лучнікаў. Але спачатку трэба знайсці падыходзячае памяшканне для спартсменаў. Нядрэннай магла б стаць і пляцоўка ў раёне слаламнай трасы. Варыянты ёсць, трэба толькі вызначыцца. А пасля, як бы там ні было складана, паэтапна пачнём вырабляць праектна-каштарысную дакументацыю.

Ёсць таксама эскізнае рашэнне па будаўніцтве сучаснага культурна-дзелавога гандлёвага цэнтра на пляцоўцы ў Падміколлі, непадалёк ад вуліцы Вялікая Цывільная. Ім прадугледжана ўзвядзенне цэнтральнай лесвіцы, каб жыхарам горада і яго гасцям было зручна спусціцца да гэтага цэнтра прама з плошчы Арджанікідзэ. Але гэта прапанова пакуль знаходзіцца на ўзгадненні з Міністэрствам культуры.

Зараз насупраць гарвыканкама на вуліцы Лепяшынскага вядзецца будаўніцтва культурна-дзелавога цэнтра, дзе плануецца праводзіць сур'ёзныя мерапрыемствы накшталт бізнес-форумаў. Пакуль цяжка сказаць, зможам мы там ладзіць нейкія канцэртныя мерапрыемствы або не. Праектна-каштарысная дакументацыя яшчэ ў распрацоўцы.

Але ў магіляўчан ёсць добрая магчымасць прыемна правесці час і на ранейшых пляцоўках. Сёлетні год будзе вельмі багаты на культурныя падзеі. Асаблівы акцэнт зробім на 75-годдзі абароны Магілёва. Плануецца правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Івана Шамякіна, 125-годдзю Максіма Багдановіча. Пройдуць розныя творчыя сустрэчы, форумы і гэтак далей. У рамках падрыхтоўкі горада да 750-годдзя, якое мы адзначым у наступным годзе, сёлета будзе аб'яўлены конкурс на найлепшую песню пра горад. Традыцыйна ў рамках святкавання Дня горада пройдзе карнавальнае шэсце і адбудзецца свята нацыянальных культур.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Год культуры пачалі з натхненнем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.