Вы тут

Цырульнік — пра сумніўную касметыку і модныя прычоскі


«Ніколі не кажы «ніколі». Я раней была ўпэўнена, што нізашто не буду ўдзельнічаць у конкурсах, не маё гэта. А бачыце, як атрымалася». Таццяна ШЫШМОЛІНА — адна з найлепшых цырульнікаў. Дзяўчына была ў складзе беларускай каманды, якая перамагла на міжнародным фестывалі прыгажосці «Неўскія берагі» ў Піцеры. Сама Таццяна прывезла з конкурсу шэсць кубкаў, не лічачы ўжо тых узнагарод, якія атрымалі яе вучні (Таццяна выкладае ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва). У перапынку паміж конкурсамі і парамі ў навучэнцаў мы распыталі майстра пра таямніцы прафесіі.


Пераможца  Таццяна ШЫШМОЛІНА.

— Як становяцца найлепшымі ў вашай сферы?

— Я вучылася на працы. І шкадую, што калісьці ў свой час не надала гэтаму ўвагі ў каледжы. Увогуле, у нас у краіне арганізуецца шмат семінараў для тых, хто хоча займацца цырульніцкім майстэрствам прафесійна. Ёсць тэарэтычныя майстар-класы, ёсць з адпрацоўкай, калі пасля лекцыі практыкуемся на манекен-галовах ці кліентах. Для развіцця варыянтаў маса. Было б жаданне.

— З практычнымі семінарамі зразумела. А што расказваюць на тэарэтычных?

— Як правіла, знаёмяць з нейкім новым касметычным прадуктам. Расказваюць пра догляд валасоў, будову воласа, псіхалогію і этыку абслугоўвання кліентаў. Плюс, у залежнасці ад таго, што прэзентуюць, нагадваюць асновы каларыстыкі ці хімзавіўкі. Таго, што ёсць у падручніках для студэнтаў, не заўсёды хапае для працы. На семінарах звяртаюць увагу на нюансы, дзеляцца напрацаванымі «фішкамі», якіх вы не знойдзеце ў сеціве. Гэтыя веды купляюцца за грошы. Чым больш майстар у сябе ўклаў, чым больш наведаў і паглядзеў, тым больш ён каштуе як прафесіянал.

— Наконт навінак. Якія сумніўныя прадукты вы сустракалі?

— Нумар адзін сярод іх — гэта шампунь для валасоў «два ў адным», напрыклад, шампунь-кандыцыянер. Таму што шампунь ачышчае валасы за кошт таго, што мае шчолачнае асяроддзе, раскрывае лускавінкі. Бальзам жа, які наносіцца пасля мыцця і закрывае лускавінкі, мае кіслае асяроддзе. Калі іх змешваць, атрымліваецца не тое і не тое. Няма белай хны і той, якая пазбаўляе колеру. Але кліент купляецца на гэту назву, бо ведае, што хна — раслінны прадукт, а значыць, карысны. А па факце белая «хна» гэтак жа псуе валасы, як і пергідроль, які выкарыстоўвалі ў 1990-я. Прадаецца вельмі шмат няякасных бытавых фарбаў для валасоў. Але людзі іх бяруць, бо прафесійныя нашмат даражэй каштуюць.

— Як праходзяць спаборніцтвы цырульнікаў?

— У кожнага конкурсу ёсць рэгламент, дзе ўсё падрабязна прапісана. Нават якая даўжыня валасоў мусіць быць да выканання работы і пасля, які іх колер дазволены, які інструмент можна выкарыстоўваць. У агульных рысах, каб пакінуць месца для творчасці, тлумачыцца, што павінна сабой уяўляць прычоска: мусіць яна адпавядаць напрамкам конкурснай моды ці быць набліжанай да той, якую можна прапанаваць кліенту ў салоне. Удзельнікі прыходзяць са сваімі падрыхтаванымі мадэлямі, у якіх павінен быць створаны цэласны вобраз — ад манікюру да макіяжу. Суддзі ацэньваюць нават, ці падыходзіць сукенка, якую надзеў канкурсант на сваю мадэль, да той прычоскі, што ён стварае. Час працы абмежаваны: 25-35 хвілін на жаночую прычоску, круціся як хочаш. На конкурсную стрыжку 40 хвілін адводзяць. У мужчынскіх цырульнікаў часу яшчэ менш. Пакуль ты працуеш, суддзі сочаць за тым, каб работа строга адпавядала рэгламенту. Напрыклад, у прычосцы не павінна быць сродкаў падтрымкі: падкладных валікаў ці каркасаў. Глядзяць, каб яна была выканана чыста, пасавала мадэлі.

— Даўно цікавіла пытанне: чаму прычоскі конкурснай моды такія дзіўныя? Яны ж абсалютна не падыходзяць для будзённага жыцця.

— Такія прычоскі — найвышэйшая праява майстэрства. Яны вельмі складаныя, дэманструюць фантазію і тэхнічнасць цырульніка. А для паўсядзённага жыцця, як правіла, падыходзяць толькі некаторыя элементы конкурснай моды. Нецікава, калі ацэньваюцца проста салонныя работы.

Та­кую скла­да­ную пры­чос­ку дзяў­чы­на ро­біць уся­го за паў­га­дзі­ны.

— Адкуль прыходзіць мода на прычоскі?

— Апошнім часам яе ствараюць топавыя стылісты. Напрыклад, расіянін Руслан Таццянін перыядычна выпускае свае калекцыі прычосак. Не менш вядомы сочынскі майстар Георгій Кот, шмат ідэй мы бяром у яго. Штосьці з навінак прэзентуецца на выставах, якія праходзяць падчас конкурсаў. Або цырульня, або касметычная фірма са сваімі стылістамі праводзіць майстар-класы.

— Якія жаночыя стрыжкі цяпер актуальныя?

— Нарэшце губляюць папулярнасць выгаленыя скроні. Цяпер мода больш скіраваная на ўкладкі і афарбоўванне. Паступова ўваходзіць у жыццё каларыраванне. Але пасмы валасоў фарбуюцца не ў яркія колеры, а ў пастэльныя — блакітны, ружовы, персікавы, бэзавы. Усё яшчэ папулярнае амбрэ (спосаб афарбоўвання, калі цёмны тон плаўна пераходзіць у светлы. — Аўт.).

— А што наконт прычосак?

— У модзе гафрэ. Дарэчы, увёў яго Руслан Таццянін. Гафрэ, памятаю, было папулярным, яшчэ калі я ў школу хадзіла. І цяпер вяртаецца зноў. Прычым цікава, што і інструмент развіваецца. Шчыпцы могуць рабіць на валасах «хвалі» рознай формы: трохвугольнай, прамавугольнай.

— Калі казаць пра хлопцаў, што ім прапануюць?

— Сыходзіць з моды андэркат (калі валасы на скронях кароткія, а на макушцы і патыліцы — даўгія), гэтыя хвасты, чубы... Хоць кок (прыўзнятыя над ілбом доўгія валасы. — Аўт.) па-ранейшаму ў модзе. Стрыжкі становяцца графічнымі, больш падобнымі да класікі. Цяпер вельмі папулярна адкрываць барбершопы — мужчынскія цырульні. Некаторыя з іх могуць нагадваць клубы.

— Што лепш: пастаянства ці эксперыменты?

— А як каму падабаецца. Мірэй Мацье, напрыклад, ходзіць з адной стрыжкай усё жыццё і добра сябе адчувае.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Са стылем у галаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.