Вы тут

Імя Алеся Савіцкага прысвоена бібліятэцы ў яго родным Полацку


Амаль роўна год таму ў такія ж прыгожыя, поўныя маладой зеляніны і квецені дні мне давялося з групай нашых пісьменнікаў пабыць на сустрэчах з чытачамі ў родным Полацку. Разам з Алесем Ануфрыевічам Савіцкім, ганаровым грамадзянінам горада, выдатным празаікам і публіцыстам, былым адважным партызанам і франтавіком.


Па чатыры сустрэчы на дзень. З моладдзю і ветэранамі, з рабочымі і студэнтамі, з бібліятэкарамі і настаўнікамі...Твар Савіцкага свяціўся непрыхаваным натхненнем і ўзрушанасцю, радасцю ад сустрэчы з землякамі. А тыя ў сваю чаргу захапляліся эмацыйнымі выступленнямі, яго светлай думкай і жывой энергіяй у ягоныя дзевяноста гадоў. І цяжка было ўявіць, што гэта было своеасаблівым развітаннем з родным горадам, з дарагімі яму палачанамі. Бо тут прайшло яго дзяцінства і юнацтва, адсюль ён пайшоў у партызанскі атрад, каб бараніць родны край ад фашысцкіх захопнікаў.

Нешта, праўда, кальнула ў сэрца, калі на другі дзень раніцай ён пастукаўся да мяне ў нумар і прапанаваў пад'ехаць на Чырвоныя могілкі, дзе пахаваныя яго бабуля і мае бацькі. Сонца толькі-толькі ўстала над Дзвіной, а мы з кветкамі былі ўжо ля дарагіх магіл. Пра што думаў тады ён, слаўны полацкі чалавек, ужо не даведаемся ніколі. І ці ўяўляў ён, што светлым восеньскім днём частка яго праху будзе перазахавана побач з магілай, каля якой ён тады задуменна стаяў?..

Калі мы прыехалі ў Полацк з яго дачкой і ўнукам, каб пакінуць у родным горадзе яго прах, на жалобнай сустрэчы ў цэнтральнай бібліятэцы горада ўпершыню прагучала думка, каб назваць адну з кніжніц у Полацку яго светлым імем. Дзякуй, што на гэтую прапанову адгукнуліся Беларускі фонд культуры, мясцовы літаратар і краязнаўца Віктар Карасёў з літаб'яднання «Наддзвінне», і ўлады горада прынялі рашэнне прысвоіць імя Алеся Савіцкага бібліятэцы №9 і адкрыць памятную дошку на яе фасадзе.

Зноў прыгадваю тую чароўную пару пачатку лета ў мінулым годзе, калі мы хадзілі ўздоўж берага Дзвіны, падымаліся да Сафійкі, пілі ваду з крынічкі, прыкладвалі далоні да цёплага Барысавага каменя...

Разам з сяброўкай дзяцінства Нінай Уладзіміраўнай Азернікавай ён пабываў ля былой бацькоўскай хаты... Не хацелася думаць, што гэта было развітанне.

Тым больш што ў машыне, калі мы вярталіся ў Мінск, ён шчыра цешыўся, што ў горадзе будзе ўстаноўлена літаратурная прэмія яго імя, і казаў, як казаў не раз:

— Усё праходзіць, а Дзвіна застаецца. І вечна будзе Полацк, пакуль яна нясе свае воды.

Так, Дзвіна застаецца. І застаецца на яе берагах памяць пра аднаго са слаўных сыноў старажытнага Полацка. І хочацца верыць, што кожныя пакаленні палачан, прыходзячы ў бібліятэку яго імя, адкрываючы яго кнігі, учытваючыся ў роднае беларускае слова, са светлай удзячнасцю ўспомняць цудоўнага земляка, воіна, пісьменніка і патрыёта Алеся Савіцкага.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Загаловак у газеце: Удзячная памяць землякоў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.