Вы тут

Качанава разам з членамі сакратарыята верхняй палаты парламента наведала Полацк з рабочым візітам


У пачатку тыдня Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава разам з членамі сакратарыята верхняй палаты парламента наведала Полацк з рабочым візітам. На парадку дня стаяла пытанне выхаду на фінішную прамую ў падрыхтоўцы аб'ектаў да правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.


ХІ Форум рэгіёнаў пройдзе ў канцы чэрвеня ўпершыню ў трох гарадах: Полацку, Наваполацку і Віцебску. Арганізатары маштабнага мерапрыемства — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі — ставяць перад сабой мэту не толькі ўзмацнення міжрэгіянальных сувязяў, але і знаёмства з гарадамі паўночнага рэгіёна, іх багатай гісторыяй і славутасцямі.

Старшыня верхняй палаты парламента адзначыла, што работнікі сакратарыята, якія ўзялі ўдзел у рабочай нарадзе, будуць замацаваныя за аб'ектамі, што стануць пляцоўкамі для правядзення секцый. Адказныя будуць глядзець, як вырашаюцца пытанні на месцах, узаемадзейнічаць з раённай і абласной уладамі. «Мы выйшлі на фінішную прамую, калі ўсё павінна быць адточана».

Наталля Іванаўна падкрэсліла, што трэба выкарыстоўваць кожны пагодны дзень і сонечную хвіліну, каб паспець прывесці інфраструктуру гарадоў у нармальны стан. Яна нагадала, што ў канцы сакавіка ў паўночны рэгіён прыбудзе перадавая дэлегацыя Савета Федэрацыі, каб ацаніць падрыхтаваныя аб'екты. Нягледзячы на тое што значная работа ўжо праведзена, застаюцца прабелы, якія ў зімовых умовах выправіць было немагчыма. «У Полацку трэба паправіць тратуарную плітку, звярнуць асаблівую ўвагу не толькі на добраўпарадкаванне саміх аб'ектаў для работы секцый і харчавання, але і прылеглую да іх тэрыторыю. 

З гэтага ў гасцей і будзе складацца агульнае ўражанне», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Пытанне эстэтызацыі гарадскога асяроддзя таксама было пастаўлена на кантроль. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, значная работа ў гэтым кірунку будзе праведзена да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Усебеларускага народнага сходу, але і звыш таго па меры магчымасцяў трэба ўстанавіць дадатковыя бігборды і светладыёдныя экраны з сімволікай Форуму рэгіёнаў.

Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч расказаў прысутным, на якім этапе падрыхтоўкі горад і раён знаходзяцца цяпер. Так, усе аб'екты ахоплены рамонтам, распрацаваны комплексны план работ па добраўпарадкаванні ўездаў на тэрыторыю Полаччыны. Заканчваецца конкурс на афармленне фасадаў сацыяльна значных будынкаў (іх у плане каля 70),  адказныя арганізацыі цяпер займаюцца ўкладкай пліткі на гарадской плошчы і рамонтам асфальту на дваровых тэрыторыях. Заканчваецца конкурс на выбар падрадчыка дзеля добраўпарадкавання тэрыторыі Сафійскага сабору. Адно з пытанняў, якое вырашыць у кароткія тэрміны не атрымліваецца, — рэстаўрацыя помніка Францыску Скарыне.

«Уезды ў Полацкі раён павінны быць зроблены на найвышэйшым узроўні, гэта правільна. Траса ад Віцебска да Полацка таксама павінна быць здадзена да мерапрыемства. Як мясцовая, я на свае вочы бачу, дзе трэба нешта выправіць: на праспекце Скарыны рамонту патрабуе агароджванне. Я прашу кіраўніцтва Полацка і Наваполацка зараз зрабіць усё магчымае. Аблезлых фасадаў быць не павінна, усё толькі на самым высокім узроўні», — падкрэсліла Наталля Іванаўна.

У Полацку будзе арганізавана работа пяці секцый, у суседнім Наваполацку — дзвюх і маладзёжнага форуму. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, які дагэтуль узначальваў Наваполацкі гарвыканкам, расказаў, што на форум моладзі плануюць запрасіць прадстаўнікоў васьмі гарадоў-пабрацімаў. Наталля Качанава ўнесла прапанову пашырыць геаграфію ўдзельнікаў і запрасіць у Наваполацк прадстаўнікоў іншых гарадоў — пабрацімаў Віцебскай вобласці.

Асаблівую ўвагу спікер надала падрыхтоўцы аб'ектаў абласнога ўзроўню: Сафійскага сабору і Музея беларускага кнігадрукавання. «Таксама важна вырабіць якасную сувенірную прадукцыю, каб яна выглядала цікава і яе хацелася набыць», — заўважыла яна.

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, рэклама ў горадзе таксама павінна быць актуальнай, своечасовай і размешчанай лагічна: «Полацк — калыска нашай дзяржаўнасці — на кожным кроку дыхае гісторыяй. Гэта наша турыстычная Мекка, таму яго слаўная гісторыя павінна прасочвацца паўсюдна: у афармленні фасадаў, назвах кіёскаў і аб'ектаў гандлю і харчавання».

У рамках рабочага візіту Наталля Качанава наведала Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай, у якім запланавана правядзенне трох секцый. Старшыні верхняй палаты парламента прадставілі абноўлены інтэр'ер у будынку былога езуіцкага калегіума, аўдыторыі, студэнцкую сталовую і канферэнц-залу. Рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі расказаў, што да Форуму рэгіёнаў студэнты прадэманструюць новыя распрацоўкі ў ІТ-сферы і вобласці дадатковай рэальнасці. З улікам таго што ў бягучым годзе Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення, адпаведныя інтэрактыўныя пляцоўкі ва ўніверсітэце будуць падрыхтаваны таксама. Рэктар падкрэсліў, што вучоныя ПДУ прадэманструюць распрацоўкі ў галіне малатанажнай хіміі на аснове сыравінных рэсурсаў, якія выпускае ААТ «Нафтан» у рамках работы секцыі па прамысловасці на нафтаперапрацоўчым заводзе.

Супрацоўнікі сакратарыята Савета Рэспублікі ў гэты дзень таксама наведалі аб'екты, за якімі яны замацаваныя. У далейшым будзе абмеркаваны шэраг пытанняў, звязаных з лагістыкай і размяшчэннем удзельнікаў Форуму.

Аляксандра ГВОЗДЕВА

 

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.