Вы тут

«Белавія» адкрыла прамы рэйс у Палангу


Да Балтыйскага мора цяпер можна дабрацца за пару гадзін: штотыдзень па нядзелях на літоўскі курорт будзе адпраўляцца самалёт з Беларусі. Квіток каштуе сувымерна з наземным транспартам, затое выйгрыш у часе — відавочны. Акрамя таго, для беларускіх падарожнікаў з'явіліся новыя магчымасці для трансферу. Карэспандэнт «Звязды» ўпэўніўся ў гэтым, злётаўшы ў Палангу самым першым рэйсам.


Трэба адзначыць, што рэйс мае статус сезоннага — самалёты «Белавія» будуць лётаць на літоўскі курорт толькі да пачатку верасня. Кошт білета ў эканом-класе ў адзін бок разам з усімі зборамі — 55 еўра, туды-назад — 99 еўра. Паводле слоў намесніка гендырэктара «Белавія» Ігара ЧАРГІНЦА, такая невысокая плата за камфортны пералёт была сфарміравана дзякуючы супрацоўніцтву з літоўскімі калегамі: па-першае, кампанія падпісала спецыяльнае пагадненне з муніцыпалітэтам Палангі, паводле якога рэйс прафінансавала Мінтранспарту краіны-суседкі, па-другое — аэрапорт курорта знізіў цэны на абслугоўванне для беларускіх самалётаў.

Дарэчы, выконваць палёты будуць пераважна Boeіng 737-500, у машыну гэтай мадэлі змяшчаецца амаль паўтары сотні пасажыраў. А вось першы палёт праходзіў на Bombardіer CRJ-200, усе 50 крэслаў якога, нягледзячы на ва ўсіх сэнсах «пілотны» статус рэйса, запоўнены.

— Гэта ўжо другі наш маршрут у Літву пасля Вільнюса, — кажа Ігар Чаргінец. — Мы разлічваем, што карыстацца ім будуць пераважна турысты, бо Паланга для беларусаў — гэта без перабольшвання «родны» курорт. Магчыма, нашы паслугі зацікавяць і бізнесменаў з абедзвюх краін, хоць мы разумеем, што для іх палёт раз на тыдзень — не вельмі зручны варыянт. Але цяперашні сезон — гэта толькі «пробны шар». Пасля мы паглядзім на вынікі і, магчыма, у наступным годзе можна будзе размаўляць пра павелічэнне частаты рэйсаў.

— Матывацыя адкрыцця рэйса простая — беларусы вельмі любяць Палангу, — лічыць камерцыйны аташэ Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Відмантас ВЕРБІЦКАС. — У кагосьці наш горад выклікае прыемныя ўспаміны аб мінулым, у іншых ён проста на слыху. Таму спадзяёмся, што шлях на курорт стане для вашых грамадзян больш зручным, а рэйс застанецца ў сетцы «Белавія» на доўгія гады. Летась Літву наведала 164 тысячы турыстаў з Беларусі, сёлета гэты паказчык павінен яшчэ больш вырасці. Безумоўна, тэмпература вады ў Балтыйскім моры не самая зручная для купання, але беларусы абавязкова знойдуць, чым сябе забавіць у Паланзе.

З'яўленнем новага маршрута задаволены і намеснік гендырэктара Нацыянальнага аэрапорта Мінск Васіль КОРНЕЎ. Новыя транзітныя магчымасці для пасажыраў з розных краін — гэта заўсёды выдатна.

Адна з пасажырак першага рэйса ў Палангу — мінчанка Кацярына. Дзяўчына ляціць на балтыйскае ўзбярэжжа ўпершыню, раней аддавала перавагу паўднёвым курортам. Але магчымасць правесці адразу тры тыдні на моры за невялікія грошы (тур «усё ўключана» каштаваў для яе 650 еўра) сыграла сваё. Акрамя гэтага, доктар рэкамендаваў балтыйскі бераг як выдатнае месца для аздараўлення. Наяўнасць прамога авіярэйса паслужыла дадатковым аргументам «за» — стаяць у памежных чэргах і падоўгу чакаць у наземным транспарце не прыйшлося.

— Паланга добрая тым, што гэта курорт на любы густ і бюджэт: тут можна знайсці як танныя апартаменты, так і «пяцізоркавыя» гасцініцы, — зазначае дырэктар турыстычнай кампаніі «Вакол свету» Марына КАНДРАШОВА. — Адшукаць занятак сабе ў гэтым горадзе могуць і аматары актыўнага адпачынку, і пенсіянеры. Кошты на туры з улікам авіяпералёту ў нас пачынаюцца ад 210 еўра на чалавека за адзін тыдзень адпачынку. Самы дарагі варыянт — двухтыднёвы візіт з пражываннем у «пяцізоркавай» гасцініцы абыдзецца ў 1100-1200 еўра на адну персону. Дарэчы, мы прапануем туры не толькі для беларусаў, але і для расіян з вылетам з Масквы або Санкт-Пецярбурга.

...Тым часам самалёт ужо на пасадачнай паласе. У паветры мы былі ўсяго 45 хвілін. Разам з «руленнем» па ўзлётна-пасадачнай і іншымі працэдурамі атрымліваецца трохі больш за гадзіну. А за шклом ілюмінатара ужо ззяе блакітам Балтыка...

Аэрапорт у Паланзе зусім невялічкі, за дзень тут прымаюць у сярэднім 5-6 самалётаў. Пасажыры аднаго буйнога борта цалкам запаўняюць яго памяшканне.

— У нас сёння сапраўдны «славянскі» дзень — мы прымаем адразу тры новыя рэйсы: раніцай быў самалёт з Масквы, цяпер вось вы, а ўвечары прыляціць борт з Кіева, — усміхаецца дырэктар аэрапорта Марыус ГЕЛЖЫНІС. — Раней каля 30% турыстаў прыязджалі ў Палангу з Расіі, але з-за палітычнай сітуацыі гэтая лічба зменшылася. Цяпер беларусы і ўкраінцы цалкам кампенсуюць зніжэнне. Дарэчы, мы можам прапанаваць турыстам з вашай краіны шэраг транзітных магчымасцяў, у тым ліку «лаўкоставых». З Палангі пяць разоў на тыдзень адпраўляюцца самалёты ў Лондан, ёсць рэйсы ў Варшаву, Капенгаген, Осла, Рыгу.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сосны на марскім беразе сталі бліжэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.