Вы тут

«Белавія» адкрывае прамыя рэйсы


Старт палётаў запланаваны на 3 красавіка. Рэйсы па маршруце Брэст — Масква (Шарамецева) — Брэст будуць выконвацца два разы на тыдзень: па серадах і суботах на паветраным судне Embraer-175 з камфартабельным салонам эканом- і бізнес-класа. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік Брэсцкага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Аляксандр Дакучыц.


Вылет з Брэста плануецца ў 16.35, прылёт у Маскву — каля 18.20. З Масквы самалёт будзе вылятаць у 13.45, у Брэст прыляціць у 15.40. Кошт білета пачынаецца ад 46 еўра. У абодва бакі паездка абыдзецца ў 85 еўра, што параўнальна з коштам паездкі па чыгунцы. Гэта самы нізкі тарыф — без багажу, толькі з ручной паклажай. Вядома, з багажом у бізнес-класе ляцець будзе даражэй. Пасажыр сам выбірае ўзровень камфорту.

Брэсцкі аэрапорт засумаваў па актыўнай рабоце. Тут не прымалі рэгулярныя рэйсы з 2019 года. Чартарнай турыстычнай праграмы не было з 2021 года. А раней самалёты з Брэста ляталі ў Турцыю, Егіпет, іншыя краіны. Аўтар гэтых радкоў некалькі гадоў таму магла ўпэўніцца на прыкладзе палёту ў Чарнагорыю, як гэта зручна — адпраўляцца ў адпачынак прама з дому, а не траціць дадатковыя дні на дарогу.

Некалі ляталі і ў Расію. Апошні рэйс у Маскву быў ажыццёўлены ў 2010 годзе расійскай авіякампаніяй. І вось цяпер камунікацыя аднаўляецца, як было заўважана, па просьбах жыхароў першага рэгіёна. Зацікаўленасць выказвалі і бізнес-супольнасць, і дзелавыя колы, і шматлікія турысты. Спецыялісты кажуць, што гэты напрамак надзвычай перспектыўны, бо з Масквы можна дабрацца фактычна ў любы пункт свету.

Як зазначыў кіраўнік філіяла «Белаэранавігацыя» Аляксандр Дакучыц, увесь гэты час аэрапорт утрымліваецца ў добрым стане, гатовы да выканання рэйсаў. Ды ён і не закрываўся, працаваў за кошт прыватных і бізнес-пералётаў.

Да новай нагрузкі падрыхтоўка не спатрэбілася. Узлётна-пасадачная паласа, рулёжная дарожка, перон — усё пасля нядаўняй рэканструкцыі. Прапускная здольнасць аэравакзала складае 200 чалавек у гадзіну. У будучым колькасць рэйсаў можа быць павялічана да чатырох, пяці ў тыдзень. Праграма разлічана на жыхароў Брэста і Брэсцкага рэгіёна, а таксама Гродзенскай вобласці, грамадзян Расіі. Аднаўляюцца ў гэтым сезоне і палёты ў Турцыю. Турыстычныя кампаніі ўжо запрашаюць на адпачынак з вылетам з Брэста ў Анталью 13 мая. У аэрапорце паведамілі, што напрамкі — Санкт-Пецярбург, Мінеральныя воды і іншыя курорты — зараз на стадыі прапрацоўкі. Але цалкам верагодна, што ўжо гэтым летам пачнуцца палёты ў названыя гарады.

На сайце кампаніі «Белавія» гэтая навіна пачынаецца словамі: «Мы ведаем. Вы чакалі».

— Сапраўды, так, — пацвердзіла мая расійская знаёмая Марына Гуранда. — Кожнае лета я выбіраю турыстычную паездку з заездам у Брэст. У ваколіцы абласнога цэнтра застаюцца дарагія мне магілы. Дарога не блізкая. З Ніжняга Ноўгарада дабіраюся ў Маскву, затым поездам еду ў Брэст. Думаю, што скарыстаюся самалётам.

— Калі гавораць, што рэйс адкрылі па просьбах жыхароў першага рэгіёна, то гэта і пра нас, — сказала жыхарка Брэста Ніна Васьковіч. — Мой унук вучыцца ў Маскве. Дачка з зяцем ездзяць туды па справах бізнесу. Цяпер з’яўляецца магчымасць эканоміць час, ажыццяўляць паездкі з большым камфортам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: З Брэста ў Маскву за гадзіну сорак пяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.