Вы тут

Савецкія танкісты змагаліся з немцамі ў Мінску 3 ліпеня 1941 года


3 ліпеня 1941 года савецкія танкісты бязлітасна грамілі ворага ў акупаваным Мінску.

10 студзеня 1964 года ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паступіў ліст ад былога франтавіка-танкіста, майстра тэхкантролю Мінскага маторнага завода Дзмітрыя Малько. Коратка расказаўшы пра сябе, ён хацеў знайсці каго-небудзь з тых, з кім давялося прыняць бой 3 ліпеня 1941-га на вуліцах ужо сёмы дзень акупаванага ворагам Мінска.


Экраніраваныя танкі Т-28 на Краснай плошчы. Масква, 7 лістапада 1940 года.

Пры гэтым толькі адзін паслужны спіс Дзмітрыя Малько чаго варты! У 1938 годзе ў ліку савецкіх добраахвотнікаў ён змагаўся з мяцежнікамі-франкістамі ў рэспубліканскай Іспаніі, затым, у 1939-м, з японцамі на рацэ Халхін-Гол, удзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь і ў савецка-фінляндскай вайне. З першых дзён Вялікай Айчыннай на фронце.

Гісторыя пра танк, які даў бой гітлераўцам у занятай імі беларускай сталіцы, прагучала па радыё і тэлебачанні, была апублікавана ў СМІ, атрымала вялікі рэзананс. Пошук удзельнікаў бою пачалі вучні мінскай 40-й школы. Загаварылі сведкі. Высветлілася, што ў экіпаж Т-28 уваходзілі: камандзір (вежавы стралок) маёр Васечкін, механік-кіроўца старшы сяржант звыштэрміновай службы Дзмітрый Малько, а таксама курсанты — зараджальшчык Фёдар Навумаў, кулямётчык правай вежы Мікалай Педан, кулямётчык левай вежы Сяргей (прозвішча не ўстаноўлена), кулямётчык тыльнага кулямёта Аляксандр Рачыцкі.

Вось што пісаў у сваім лісце ў музей удзельнік тых падзей: «...Маёр (Васечкін. — Аўт.) у гутарцы сказаў, што калі б было, дзе дастаць снарады, то тады мы б прабіваліся па Магілёўскай шашы да Барысава. Я сказаў, што боепрыпасы можна дастаць на складзе, дзе раней знаходзілася кавалерыйская часць. Там мы сапраўды набралі снарадаў і патронаў для кулямётаў, пагрузіўшы ўсё гэта ў танк. Прыкладна 2 ліпеня мы вырашылі прарывацца па Маскоўскай шашы. Выехалі з лесу і ўехалі ў Мінск да 3-й гарадской бальніцы па вуліцы Леніна...»

Згодна з дакладамі акупацыйнага камандавання, успамінамі ўдзельнікаў і відавочцаў падзеі, экіпажу Т-28 адразу пашанцавала ў тым, што на шашы ў той час ім не трапіліся рэгулярныя часці ворага.

Таму спачатку з'яўленне савецкага танка ў акупаваным Мінску вялікага ажыятажу ў нацыстаў не выклікала. Трафейнай тэхнікі ў вермахце ўжо хапала.

Да вуліцы Леніна танк паспеў «засвяціцца» каля будынка лікёра-гарэлачнага завода, дзе акупанты, якія нічога не падазравалі, загружалі ў аўтамашыны спіртное, скарыстацца якім ім ужо не давялося. Кінжальным агнём з вежавай гарматы і кулямётаў экіпаж Т-28 знішчыў два грузавікі, бронетранспарцёр, больш як 20 салдат і афіцэраў вермахта і рушыў далей.

Акупанты не разумелі, што адбываецца. Скарыстаўшыся гэтым, Т-28 бесперашкодна пераадолеў Свіслач па драўляным мосце і апынуўся ў раёне рынку, адкуль насустрач яму ўпэўнена і бесклапотна, быццам па зямлі «тысячагадовага» трэцяга рэйха, рухалася калона матацыклістаў з роты Рудольфа Хале. Дзмітрый Малько па камандзе маёра Васечкіна адразу накіраваў танк у гэтую калону, перамолваючы на сваім шляху матацыклы разам з іх экіпажамі. Фашысты, якія разбягаліся ў паніцы, траплялі пад агонь вежавай гарматы і кулямётаў. Праз лічаныя хвіліны большая частка роты Хале была знішчана.

На вуліцы Савецкай танкісты адкрылі шквальны агонь па групе салдат, якія сабраліся каля тэатра. Рухаючыся далей па вуліцы Пралетарскай (цяпер Янкі Купалы), запоўненай жывой сілай і тэхнікай ворага, Т-28 на поўным хаду ўехаў у гэтае зборышча, душачы акупантаў, і расстрэльваючы іх з вежавай гарматы і кулямётаў.

Той самы танк Т-28.

Не спыняючы кругавы агонь, танк змог даехаць да гарадскога парка (цяпер імя М. Горкага), дзе яго ўжо чакалі. Прагрымеў стрэл з нямецкай 37-міліметровай супрацьтанкавай гарматы, які прыйшоўся па лабавой брані Т-28, якая, на дзіва, вытрымала прамое пападанне снарада. Другога ўжо не было. Маёр Васечкін трапнымі стрэламі гэтую гармату навекі «супакоіў».

Камандзір разумеў, што трэба прарывацца да Маскоўскай шашы. «Мы даехалі да развілкі каля Камароўскага рынка, насупраць будынка юрыдычнай школы, — успамінаў Дзмітрый Малько. — З боку былых могілак па нас адкрылі агонь фашысты. Правы задні бензабак быў прабіты снарадам. Танк ахапіла полымя. Я, як механік-кіроўца, па камандзе афіцэра выбраўся з танка цераз люк, быў лёгка паранены ў галаву і цераз плот перабраўся ў суседні двор. Я заўважыў, што афіцэр з вежы вылез, а ўслед за ім таксама яшчэ два чалавекі, якія адразу ж былі забіты фашыстамі. Афіцэр працягваў страляць з пісталета, адыходзячы ў сховішча за домам па правым баку Савецкай вуліцы. Лёс яго і астатніх курсантаў мне невядомы...»

Пасля таго апошняга бою мясцовая жыхарка Любоў Кірэева пахавала маёра Васечкіна і курсанта Аляксандра Рачыцкага, якія да апошняга патрона адстрэльваліся ад гітлераўцаў. Другі курсант па імені Сяргей, магчыма, зажыва згарэў у танку альбо быў імгненна забіты.

Танкістам, якія засталіся ў жывых, вайна падрыхтавала розныя лёсы. Дзмітрый Малько, які цудам выбраўся з Мінска, больш за тры тыдні прабіраўся разам з групай байцоў і камандзіраў, якія выходзілі з акружэння, па тылах праціўніка. Нарэшце яны выйшлі да сваіх недалёка ад горада Рослаўля Смаленскай вобласці. Тут Малько чакала «шчырая размова» з асабістамі, якіх цікавіла — куды ж «падзеўся» яго танк. Але ўсё абышлося. Танкісты на фронце былі патрэбныя. Потым Малько з годнасцю ваяваў у танкавых часцях пад Масквой і Сталінградам, вызваляў Украіну, затым Беларусь, у тым ліку Мінск. Вялікую Перамогу сустрэў ва Усходняй Прусіі старшым лейтэнантам, намеснікам камандзіра танкавай роты.

Фёдар Навумаў быў выратаваны мясцовымі жыхарамі, потым сышоў у лес. Ваяваў у партызанскім атрадзе. У 1943 годзе быў цяжка паранены і вывезены з акупаванай Беларусі ў тыл. Мікалай Педан, пакінуўшы танк, быў узяты гітлераўцамі ў палон, прайшоў чатырохгадовыя пакуты канцлагераў, быў вызвалены ў 1945-м, працягнуў службу ў войску і дэмабілізаваўся ў 1946 годзе. Вядома, што ў сярэдзіне 1960-х Малько, Навумаў і Педан сустрэліся ў Мінску.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 верасня 1966 года за баявыя заслугі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Дзмітрый Іванавіч Малько быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Шкада, што і ў XXІ стагоддзі няма хоць бы памятнага знака, які б увекавечыў усё здзейсненае танкістамі, іх апошні бой 3 ліпеня 1941 года ў раёне Камароўскага рынку, калі Мінск ужо тыдзень знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, а да яго доўгачаканага вызвалення 3 ліпеня 1944-га заставалася — дзень у дзень — яшчэ доўгія тры гады.

Мікалай СМІРНОЎ

Ад аўтара: У публікацыі выкарыстаны дакументальныя матэрыялы, прадастаўленыя Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Загаловак у газеце: Легендарны экіпаж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.