Вы тут

Ці браць мужа ў радзільню?


Калі я абмовілася пра тэму, на якую збіраюся пісаць, муж паморшчыўся: «Узялі моду мужыкоў на роды цягаць. Не наша гэта справа». Я паспрабавала была прывесці довады «за», але ён толькі адмахнуўся. І сапраўды, роды заўсёды лічыліся чыста жаночай справай, і мужчыны мала праяўлялі да гэтага цікавасці. Яшчэ гадоў дзесяць таму нават выраз «партнёрскія роды» гучаў чужародна, а з'ява была даволі рэдкая. Сёння прысутнасць мужчыны ў радзільнай зале не выклікае здзіўлення, хоць пытанне наконт гэтай неабходнасці застаецца адкрытым. Адны жанчыны лічаць, што нельга траўмаваць мужчыну, другія настойваюць, што муж павінен на свае вочы ўбачыць, як нялёгка даюцца дзеці. Вопытам сумесных родаў падзяліліся маладыя бацькі Таццяна і Уладзімір Ролевы.


Паўгода таму ў сям'і Уладзіміра і Таццяны з'явіўся доўгачаканы сыночак. Даведаўшыся пра цяжарнасць, яны адразу вырашылі, што будуць «нараджаць разам». «Я не хадзіла вакол мужа з угаворамі, — успамінае Таццяна. — На сваю прапанову пачула адразу: «Добра, я пайду з табой!» Але мы ўсё ж дамовіліся, што калі Валодзя падчас родаў раптам захоча выйсці, то ён можа гэта зрабіць. Але ў яго такога жадання не ўзнікла».

Сёння Тані здаецца, што яна не справілася б без падтрымкі мужа. Яна нават не магла ўявіць, што будзе так балюча... «Абязбольвальныя прэпараты на мой арганізм не падзейнічалі. І страшна ўявіць, што я магла на 5 гадзін застацца сам-насам з гэтымі пакутамі. Муж вельмі падтрымліваў, дапамагаў. Мяне ўвесь час мучыла смага, і ён мачыў мне вусны сурвэткай. Я сціскала яму рукі ад болю, а ён усё спакойна трываў, падбадзёрваў. Трэба валодаць неверагодна моцнымі нервамі, каб назіраць боль дарагога чалавека. Не кожны зможа гэта вытрываць. Я крыху разгубілася, усё, чаму вучылася на курсах, на імгненне вылецела з галавы. Муж нагадваў, як трэба правільна дыхаць. Гэта такое шчасце, што ён быў са мной побач!»

Уладзімір застаўся з Таняй і калі пачаліся роды. А ўзяўшы на рукі свайго нованароджанага сыночка, зразумеў, што ўсе выпрабаванні вартыя гэтага шчаслівага моманту. «Я адчуваю да мужа неверагоднае пачуццё падзякі, — дзеліцца Таццяна. — Ён мне таксама дзякаваў пасля родаў за магчымасць убачыць, як з'явілася на свет наша дзіця. Пасля таго дня мы яшчэ больш з'ядналіся, сталі раднейшымі адно аднаму. Упэўнена, што і на другія роды мы абавязкова пайшлі б разам».

* * *

Ці бяспечныя партнёрскія роды для сямейных адносін? Пра гэта і іншае мы пагутарылі з акушэрам-гінеколагам 5-й мінскай клінічнай бальніцы, кіраўніком «Сямейнай акадэміі здароўя» Дзіянай МАРДАС.

— Курсы па падрыхтоўцы да нараджэння малога карыстаюцца вялікім попытам, і будучыя таты на іх зусім не рэдкія госці. На занятках паводзяць сябе нават больш актыўна, чым мамы: задаюць пытанні, удакладняюць, канспектуюць. У «Сямейнай акадэміі здароўя» мы праводзім фотасесіі на занятках. Вельмі кранальна, калі тата раздрукоўвае здымкі, каб захаваць у альбоме ўспаміны пра тое, як ён рыхтаваўся да гэтай доўгачаканай падзеі. Пасля сумеснага навучання ў будучых бацькоў з'яўляецца ўпэўненасць, што яны з усім справяцца. Жанчына пазірае на мужа з павагай і гонарам.

Што тычыцца курса «Партнёрскія роды», то ён праводзіцца ў многіх радзільнях. Для тых, хто плануе нараджаць з партнёрам, гэтая падрыхтоўка абавязковая. У дзень «ікс» пары прыязджаюць разам. Дарэчы, кожны тыдзень у нашым раддоме адбываюцца мінімум адны партнёрскія роды, бывае і 2—3.

— Ці варта ўгаворваць мужа, калі ён не згаджаецца ісці разам?

— Ні ў якім разе. Гэтае рашэнне трэба прымаць удваіх. Растлумачце мужу, чаму вы хочаце, каб ён прысутнічаў. Калі ён згодны — выдатна, калі не, лепш пакіньце гэтую ідэю. Зусім нармальна не жадаць парных родаў. Бывае так, што мужчына настойвае, а жанчына супраць. Паўтараю, павінна быць толькі агульнае жаданне.

Чым рэальна можа дапамагчы мужчына ў родах?

— Перш за ўсё ён кантралюе сітуацыю,
падлічвае схваткі. Сочыць, каб жанчына правільна дыхала, робіць ёй расслабляльны масаж, аблягчае болевыя адчуванні з дапамогай спецыяльных рэлаксуючых тэхнік. Усяму гэтаму пары навучаюцца на курсах. І, натуральна, маральная падтрымка ад роднага чалавека для жанчыны ў родах асабліва важная.

— Ці заўсёды мужчына прысутнічае ў радзільнай зале?

— Партнёрскія роды могуць праходзіць па двух сцэнарыях. Першы — калі муж знаходзіцца толькі ў перадродавай. Першага крыку немаўляці ён чакае пад дзвярыма. Неўзабаве тату дазваляюць зайсці і ўзяць малога на рукі. Гэты варыянт найбольш распаўсюджаны.

Другі варыянт — гэта прысутнасць і ў радзільнай зале ў тым ліку. Але мужчына падчас родаў знаходзіцца за галавой жанчыны. Бывае, што татам у гэтым выпадку нават давяраюць перарэзаць пупавіну.

— Ці могуць партнёрскія роды адбіцца негатыўна на сямейных адносінах?

— Гэта можа здарыцца толькі ў тым выпадку, калі хто-небудзь з партнёраў першапачаткова быў не гатовы. Так, напрыклад, жанчына спадзявалася на падтрымку мужа, а ён ад убачанага разгубіўся, нават прытомнасць страціў. Яна пачынае за яго хвалявацца, што ў такой сітуацыі ёй на шкоду. Праз гэта жанчына можа расчаравацца ў партнёры, маўляў, не апраўдаў надзеі. Плюс сам працэс родаў можа выклікаць у маральна непадрыхтаванага мужчыны непрыемныя адчуванні, надоўга запомніцца і выклікаць дрэнныя ўспаміны ў далейшым. Таму, калі жанчына ведае аб моцнай уражлівасці свайго мужа або яна не ўпэўнена ў яго вытрымцы, лепш не рызыкаваць. Не той выпадак, калі можна праводзіць эксперыменты.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота Наталлі Даўматовіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.