Вы тут

Заможныя беларусы для падарожжаў найчасцей выбіраюць Вялікабрытанію


Спецыялісты падлічылі, што летась нашы суайчыннікі з грашыма пабывалі ў 115 краінах свету. Сярод самых папулярных — Расія і Вялікабрытанія, але сустракаюцца і экзатычныя напрамкі, накшталт Каба-Вердэ, Сінгапура і Макаа. Пра гэта нам паведамілі ў адным з беларускіх банкаў, дзе спасылаюцца на маркетынгавае даследаванне замежных транзакцый з выкарыстаннем прэміум-картак (Gold, Platіnum, Іnfіnіte).


Увогуле, нашы людзі ў апошнія гады сталі значна часцей плаціць банкаўскімі карткамі як унутры краіны, так і за мяжой. Уладальнікі прэміяльных картак трапілі ў лік самых актыўных прыхільнікаў безнаяўных плацяжоў. Напрыклад, эксперты аднаго з банкаў сабралі інфармацыю пра тое, у якіх краінах за мінулы год ажыццяўляліся транзакцыі з дапамогай прэміум-картак.

Ад Расіі да Латвіі

Самай папулярнай краінай для мясцовых багацеяў прадказальна апынулася Расія — на яе прыходзіцца пятая частка ўсіх транзакцый уладальнікаў «голдавых» картак. Другое месца займае Вялікабрытанія, у якой праходзіць 15% замежных аперацый з удзелам беларускіх прэміум-картак. На трэцім месцы — Польшча з 10% замежных транзакцый.

У топ-5 самых-самых краін таксама ўвайшлі Літва і ЗША. Акрамя таго, забяспечаныя беларусы часта карыстаюцца прэміум-карткамі ў Люксембургу. Папулярнымі напрамкамі для падарожжаў з'яўляюцца таксама Італія і Іспанія. За імі ідзе Украіна, а апошняе месца ў першай дзесятцы заняла Латвія.

Кітай, Бразілія і Барбадас

І хоць часцей за ўсё беларусы расплачваюцца прэміум-карткамі ў Еўропе, наведваюць яны і азіяцкія краіны, у тым ліку ААЭ, Казахстан, Кітай і Індыю. Значна радзей нашы заможныя землякі падарожнічаюць па Афрыцы (Егіпет не ўвайшоў нават у 30-ку), нячаста іх сустрэнеш і ў краінах Паўднёвай Амерыкі, дзе нашым людзям больш за ўсё імпануе Бразілія. Сярод экзатычных краін спецыялісты адзначаюць Каба-Вердэ, Макаа, Сінгапур, Кубу і Ямайку. Беларусаў з дастаткам таксама прыцягваюць карлікавыя дзяржавы, у тым ліку Ватыкан, Манака, Андора, Ліхтэнштэйн, Маўрыкій і Барбадас.

Без наяўных, увогуле

«Геаграфія падарожжаў уладальнікаў «залатых» картак вельмі шырокая — ад Бразіліі да Нарвегіі. Паказальна, што ў спісе самых папулярных краін апынуліся няблізкія нам па адлегласці Вялікабрытанія, ЗША і Люксембург, — адзначае куратар партнёрскай праграмы Golden Alfa Анастасія Пятровіч. — Пры гэтым колькасць замежных транзакцый пастаянна расце, бо людзі аддаюць перавагу браць у паездку картку і не рызыкаваць вялікай сумай папяровых грошай. Акрамя таго, трымальнік прэміяльнай карткі мае шэраг пераваг. Прыярытэтны доступ у VІP-залы аэрапортаў, асабісты кансьерж-сэрвіс, медыцынская і юрыдычная падтрымка дазваляюць адчуваць сябе больш упэўнена нават у самым экзатычным падарожжы».

Таксама банкаўскія аналітыкі паведамляюць пра тое, з якімі запытамі часцей за ўсё звяртаюцца ў кансьерж-службу. Высветлілася, што часта ўладальнікі прэміум-картак просяць забраніраваць нумар у гатэлі, замовіць білет на самалёт і дапамагчы ўзяць напракат аўтамабіль за мяжой. Сярод незвычайных просьбаў — зняць апартаменты ў французскім замку, выбраць пінжак, знайсці ўрача ўначы або разбудзіць раніцай.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: З «залатым пластыкам» і ў Барбадасе як дома

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.