Вы тут

У Навагрудку можна пажыць у нумары, у якім спыняўся Уладзімір Высоцкі


Легендарны спявак і акцёр наведваў Навагрудчыну ў 1969 годзе, падчас здымак фільма па раманах Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Ён спыняўся ў мясцовым гатэлі ў нумары 320 (цяпер гэта нумар 322). Зусім нядаўна гэтыя пакоі адкрыліся як тэматычныя, прысвечаныя спеваку.


— Уладзімір Высоцкі — вядомая асоба, таму вырашана было зрабіць у гатэлі яго пакой, — адзначае дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, які ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці. — На той час гэта быў адзіны нумар люкс у гатэлі, на два пакоі. Цяпер у спальні размяшчаюцца фотаздымкі з партрэтамі Высоцкага, а ў першым пакоі на сцяне зроблены фотакалаж з яго выявамі ў розных ролях, фрагментамі яго розных вершаў.

У пакоі стаіць ранейшы тэлефонны апарат і прайгравальнік пласцінак. У колішнім выглядзе захаваўся і санвузел — тая самая блакітная, прадаўгаватая плітка ляжыць на падлозе. Усё вытрымана ў стылістыцы 1970-х гадоў.

«Людзі на Навагрудчыне захоўваюць выразкі з газет, прысвечаныя Высоцкаму, яго фотаздымкі з Марынай Уладзі, якая таксама прыязджала на нашу зямлю, — адзначае спадар Мікалай. — Значыць, у іх ёсць сапраўдная цікавасць да гэтага творцы».

Пра вялікую сімпатыю Мікалая Гайбы да творчай асобы акцёра і паэта асабліва сведчыць той факт, што ў 1983 годзе, будучы ў войску, ён уласнаручна на машынцы ў пяці экзэмплярах перадрукаваў кнігу Высоцкага «Нерв». Яна выйшла ў 1982 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Современник» і на той час была рэдкасцю. Захоўвае яе ў сваёй калекцыі ён і па сённяшні дзень. Таксама ў спадара Мікалая маецца кніга перакладаў вершаў Высоцкага на беларускую мову, пра якую мала хто ведае.

Нумар Уладзіміра Высоцкага ў навагрудскім гатэлі не будзе проста мемарыяльным. У яго можна засяляцца. І ўжо знайшліся ахвотныя, якія жадаюць спецыяльна прыехаць, каб пажыць у такіх адмысловых пакоях. Пакуль што кошт на гэты нумар застаецца такім жа, як і на аналагічныя нумары.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Навагрудскі раён

Фота novgazeta.by

Загаловак у газеце: Паслухаць пласцінку і...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.