Вы тут

Сістэму падрыхтоўкі беларускіх хакеістаў трэба рэфармаваць


Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем.


«Мы вельмі сур'ёзна, што тычыцца канцэпцыі, тактыкі, стратэгіі хакея, прайграём заакіянскім спартсменам. Нам трэба вельмі сур'ёзна звярнуць увагу на сістэму падрыхтоўкі спартсменаў, і хакеістаў перш за ўсё, запазычваючы вопыт канадцаў і амерыканцаў — яны гуляюць зусім у іншы хакей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы і расіяне, ды і еўрапейцы пачынаюць адставаць, гуляем па-старому. Гэта тычыцца асабліва беларускага хакея».

Яшчэ адной з праблем у беларускім хакеі, на думку Прэзідэнта, з'яўляецца нізкая матываванасць гульцоў з прычыны нізкай канкурэнцыі ў камандзе. Таму вялікую ўвагу неабходна надаваць падрыхтоўцы рэзерву.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што кадры ў спорце вырашаюць усё, яны павінны бачыць усе недахопы і не ўтойваць іх. «Я ўжо даручыў сур'ёзную ўвагу звярнуць на кадры, якія сёння занятыя ў спартыўнай індустрыі, асабліва ў хакеі, таму што гэта вельмі папулярны, можна сказаць нацыянальны від спорту разам з футболам, і самы масавы», — заўважыў беларускі лідар.

«Шчыра кажучы, перад сустрэчай я задумаўся, што мы, напэўна, са сваім цяперашнім хакеем не заслугоўваем столькі ўвагі, колькі вы надаяце нашай краіне. Але ў наступныя два-тры гады — адразу гэта не робіцца — мы парадак навядзём у спорце ў цэлым і ў хакеі ў прыватнасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што яго ацэнка сітуацыі ў беларускім хакеі не звязана з няўдалым выступленнем нацыянальнай зборнай у алімпійскай кваліфікацыі 2018-га. «З майго пункту гледжання, так і павінна было здарыцца, таму што мы ж памятаем, як каманда гуляла на апошнім чэмпіянаце свету ў маі гэтага года — адскочылі ў апошнім матчы. І замест таго, каб усё лета займацца і рыхтавацца да гэтых Гульняў, яны, мабыць, на поўдні адпачывалі. Таму так і атрымалася: хто хацеў выйграць і паехаць на Алімпіяду, той выйграў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы было адзначана, што ў спорце павінны быць буйныя перамогі, тады і паражэнні будуць успрымацца зусім інакш, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. Акрамя таго, адзначыў Прэзідэнт, спартсмены павінны падыходзіць да спаборніцтваў на піку сваёй формы, каб паказваць яшчэ лепшыя вынікі, чым на этапе падрыхтоўкі да турніраў.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Беларусь гатовая зноў прыняць чэмпіянат свету па хакеі. «Як я абяцаў раней, гэта будзе самы лепшы чэмпіянат свету, таму што ў нас для гэтага ўсё ёсць. Калі мы да мінулага чэмпіянату ўсё будавалі і стваралі, то сёння для таго, каб прыняць найлепшых майстроў гэтага віду спорту, усё неабходнае ёсць. І калі будзе прынята такое рашэнне, мы годна правядзём гэты чэмпіянат свету», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Рэнэ Фазель адзначыў, што Міжнародная федэрацыя хакея сур'ёзна разглядае магчымасць правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2021-м ці 2022-м годзе, а ў беларускіх хакеістаў ёсць усе шанцы, каб падрыхтавацца да будучых турніраў і паказаць на іх добрыя вынікі.

Загаловак у газеце: Пытанні канцэпцыі, тактыкі, стратэгіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.