Вы тут

Ці можа артрыт быць звязаны з хламідыйнай інфекцыяй?


«Падкажыце, калі ласка, ці можа артрыт быць звязаны з хламідыйнай інфекцыяй?

Алеся, г. Мінск»


Тлумачыць урач-дэрматавенеролаг 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Настасся АРЛОВА:

— Пашкоджанне суставаў, якое ўзнікла пасля перанесенай інфекцыі, называецца рэактыўным артрытам. Развіваецца ён далёка не ва ўсіх. Часцей у генетычна схільных людзей, якія маюць ген HLA B27. Існуюць, напрыклад, энтэрагенныя артрыты, якія выклікаюць кішэчныя мікраарганізмы — шыгелы, іерсініі, кампілабактар і сальманелы. Ад іх аднолькава пакутуюць і мужчыны, і жанчыны. Аднак асаблівае месца займаюць артрыты ўрагенітальныя — ганакокавы і хвароба Рэйтэра. Ганакокавы сустракаецца ў 0,5—2% людзей, якія перанеслі ганарэю. Часцей у жанчын, бо інфекцыя нярэдка працякае без сімптомаў і своечасова не лечыцца. Хвароба Рэйтэра, якая пашкоджвае мочапалавую сістэму, суставы і вочы, выклікаецца хламідыяй, што перадаецца палавым шляхам. Часцей пакутуюць 20—40 гадовыя мужчыны. Першыя прыкметы захворвання развіваюцца праз 3—4 тыдні пасля заражэння венерычнай інфекцыяй: пачашчанае мочаспусканне з болем і смыленнем; пачырваненне вачэй, слёзацячэнне; боль, пачырваненне і ацёчнасць суставаў ног, рук, пазваночніка; павышэнне тэмпературы; патаўшчэнне скуры на далонях і падэшве; пашкоджванне слізістай ротавай поласці; могуць быць нават адхіленні ў рабоце сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм.

У такім выпадку патрабуецца кансультацыя рэўматолага, уролага (гінеколага) або дэрматавенеролага. Давядзецца здаць аналізы крыві (назіраецца павышэнне колькасці лейкацытаў, павелічэнне хуткасці асядання эрытрацытаў) і мачы (тут таксама будзе павышаны паказчык лейкацытаў). Урач павінен разабрацца з рэўматоідным фактарам, вызначыць антыген HLA-B27, даследаваць матэрыял слізістай урэтры або цэрвікальнага канала, паказана і рэнтгенаграма суставаў.

Галоўная мэта ў лячэнні — барацьба з хламідыёзам з дапамогай антыбактэрыяльных прэпаратаў (да 4 тыдняў без перапынку). Для змяншэння болю ў суставах прызначаюцца супрацьзапаленчыя сродкі, ін'екцыі гармонаў (да 6 месяцаў). Паказана і фізіятэрапія.

Кожны трэці пацыент вылечваецца цягам паўгода, і хвароба не з'яўляецца зноў, у іншых яна пераходзіць у хранічную форму з магчымымі рэцыдывамі, а ў 5 працэнтаў пацыентаў могуць назірацца сур'ёзныя змяненні ў суставах.

Такім чынам, пры з'яўленні частага мочаспускання, непрыемных адчуванняў ва ўрэтры неабходна тэрмінова звяртацца да ўролага, гінеколага або дэрматавенеролага. Трэба пазбягаць выпадковых палавых кантактаў, карыстацца прэзерватывам, а калі кантакт меў месца, звяртацца да ўрача для здачы аналізаў на інфекцыі.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Баляць суставы? Можа, інфекцыя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.