Вы тут

Медыцынскі работнік прайшла дзве тысячы кіламетраў за паўгода


Лілія Мудрак, як і некалькі дзясяткаў работнікаў Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, стала ўдзельніцай праекта «Пешшу на работу». Менавіта яе вынік аказаўся самы высокі сярод калег. А кіламетры «накруціла», ідучы па горадзе, ды яшчэ потым, шпацыруючы па лясных і паркавых зонах. Аб хадзьбе і не толькі наша гутарка з прадстаўнікамі паліклінікі, дзе здаровы лад жыцця прапагандуюць іншым і самі яго трымаюцца.


Фітнес па-гродзенску

Пешаходны праект у медыцынскай установе пачаўся сем гадоў таму. За гэты час яго прыхільнікамі сталі сотні работнікаў паліклінікі. З кожным годам азарт нарастае. Летась за перамогу ў конкурсе спаборнічалі амаль пяцьдзясят чалавек, якія адмовіліся ад грамадскага і асабістага транспарту на перыяд з красавіка да кастрычніка. Праўда, самі ўдзельнікі не трымаюцца гэтых рамак. Яны гатовы хадзіць увесь год, нягледзячы на сезон, што з поспехам і робяць. Але ўмовы конкурсу вызначылі менавіта такі перыяд.

— Каб стаць удзельнікам, неабходна зарэгістравацца ў прафкаме, — паясняе яго старшыня Наталля Янкоўская. — Арганізатары пры дапамозе фітнес-браслетаў альбо спецыяльнага дадатку на тэлефоне фіксуюць дасягненні кожнага пешахода за кожны месяц. Па іх выніках самых актыўных заахвочваем грашовымі прэміямі. Пераможцы сезона атрымліваюць дыпломы і абанементы ў басейн.

Наталля ў свой час стала першапраходцам праекта. А пачала хадзіць, каб пабыць сам-насам са сваімі думкамі, успамінамі, разважаннямі. За гэты час можна штосьці прааналізаваць, зрабіць высновы, прыйсці да вырашэння некаторых пытанняў, нават памарыць аб чым-небудзь. Другім фактарам стала жаданне пазбавіцца лішняй вагі. Сістэмныя трэніроўкі далі плён — ёй падчас першага праекта ўдалося пахудзець на 18 кілаграмаў.

Альтэрнатыва платным заняткам

Лідарам праекта за мінулы сезон стала медыцынскі рэгістратар Лілія Мудрак. Менавіта яна той самы пешаход, чый вынік аказаўся самы высокі. Магла б так і да турэцкай сталіцы дабрацца. Пераможца прайшла амаль тры мільёны крокаў ці дзве тысячы кіламетраў нават не за сем месяцаў, як прадугледжваў праект, а за паўгода.

— Я ўключылася ў праект пазней на месяц, але не спадзявалася на высокі вынік пры такім значным разрыве. І ўсё ж калегі запэўнілі, што шанцы ёсць і варта паспрабаваць. Кожны месяц адпраўляла ў прафкам справаздачы. У мяне на смартфоне бачна, колькі крокаў раблю за дзень. У сярэднім атрымліваецца шэсць-сем кіламетраў. Гэта адлегласць ад дому да работы і назад. А летам даходзіла і да 15, — паведаміла пераможца. — Такім чынам, мне ўдалося апярэдзіць усіх па выніках сезона. У маёй калегі Алены Данільчык таксама добры вынік — амаль 2,5 мільёна крокаў. Яна заняла другое месца.

Лілія Мудрак выглядае надзвычай стройнай і лёгкай. Прызналася, што важыць 66 кілаграмаў. Дзякуючы хадзьбе, скінула амаль дзесяць, бо пры руху мышачная маса мацнее, а тлушчавая памяншаецца. Да таго ж паляпшаецца настрой, бо ідзе выпрацоўка гармонаў шчасця — сератаніну і эндарфіну.

— Хадзьба для мяне — бюджэтная альтэрнатыва спорту, пры тым што не трэба вызначаць для гэтага асобны час. На работу так ці інакш, але трэба дабірацца. Дык чаму б не выкарыстаць шлях для такой карыснай справы, як хадзьба. А пры нашым гіпадынамічным складзе работы гэта найлепшы варыянт, — упэўнена субяседніца.

Яна не скідвае з разліку і азарт конкурсу. Прыемна, калі дасягаеш нейкіх вяршынь. Ды і дачка з сям’ёй падтрымала, нават даслала кветкі, каб павіншаваць з перамогай. Асабістыя дасягненні ў пэўнай ступені раскрываюць новыя магчымасці характару і дазваляюць даведацца аб уласных рэзервах. А яны, як аказалася, даволі важкія, бо ні дождж, ні завея, ні летняя спёка не спыняюць жанчыну. І хоць не аднойчы ўзнікала жаданне праехаць частку шляху на транспарце, але ніводнага разу гэтага не зрабіла. Арганізм настолькі прывык да руху, што і пасля работы яе цягне прайсціся па лесапаркавай зоне ў сваім мікрараёне.

— Вядома, перамога не самае галоўнае. Перанесены ковід даў ускладненне на сэрца, таму актыўнасць проста неабходна. Галоўная матывацыя актыўнага ладу жыцця — гэта здароўе. Добрыя вынікі ў нашым праекце — дадатковы стымул. Думаю, што сёлета буду ўдзельнічаць у чарговым праекце «Пешшу на работу», — заявіла аматарка хадзьбы.

Ровар як сродак эмоцый

Паралельна з пешаходным праходзіць праект «На работу на ровары». Летась яго ўдзельнікамі сталі парадку дзесяці работнікаў паліклінікі. У выніку паўстала пытанне ўладкавання для персаналу ўласнай велапаркоўкі. А пераможцай праекта стала медыцынскі статыстык Вольга Каліноўская. Яна праехала за сем месяцаў амаль 4,4 тысячы кіламетраў. Сесці на ровар яе прымусіў пераезд у новы мікрараён.

— Мы пераехалі ў аддалены мікрараён Альшанку, там выдатная інфраструктура для веласіпедыстаў, паўсюдна ёсць веладарожкі. А калі чатыры гады таму прыйшла на работу ў паліклініку, стала дабірацца на ровары і сюды. Шлях не блізкі, амаль 20 кіламетраў у абодва бакі. Калі прапанавалі паўдзельнічаць у праекце, з задавальненнем пагадзілася. Езджу не толькі на работу, адвячоркам выязджаем з сям’ёй у мікрараён, люблю праехаць па лесапаркавых зонах, там маляўнічая прырода, можна сустрэць розных птушак, нават дзікіх жывёлаў, — дзеліцца сваім уражаннем пераможца праекта.

Вольга робіць акцэнт на пазітыўных эмоцыях, якія суправаджаюць веласіпедыстаў. Арганізм пазбаўляецца ад картызолу — гармону стрэса, пачынае адчуваць сябе больш спакойна, ураўнаважана. Паляпшаецца і фізічны стан. Асабліва гэта датычыць вестыбулярнага апарата, які дапамагае трымаць раўнавагу, а таксама працуе брушны прэс.

Рух супраць гіпадынаміі

Здаровы лад жыцця стаў нормай у цэнтральнай гарадской паліклініцы. За кошт сродкаў прафкама супрацоўнікі ходзяць на каток, у басейн, сплаўляюцца на байдарках. Працуюць дзве групы па фітнеса — пілатэсу і танца жывата. Для гэтых мэтаў арандуецца танцавальная зала ў абласной філармоніі. Групы па інтарэсах фарміруюцца па жаданні згодна з анкетаваннем. Адным з самых папулярных відаў стала скандынаўская хадзьба, да якой далучаюцца і пацыенты паліклінікі. Асаблівую ўвагу яны звяртаюць на значкі з надпісам «Пешшу на работу», якія носяць удзельнікі праекта.

Наталля Янкоўская як урач-тэрапеўт упэўнена, што сёння, як ніколі, патрэбна фізічная актыўнасць.

— Любы рух — гэта здароўе. Што адбываецца, калі чалавек мала рухаецца? Вынікі можна бачыць і па нашай паліклініцы. Прыходзяць маладыя людзі з пазваночнымі грыжамі, іншы раз «закліньвае» так, што чалавек не можа ад болю спаць. Ставім супрацьзапаленчыя і абязбольвальныя капельніцы, паляпшаем крываток. Як правіла, хранічная цэрэбраваскулярная недастатковасць развіваецца ад пастаянна сціснутых плеч. У большасці гэта вынік таго, што чалавек шмат часу праводзіць за камп’ютарам альбо нахіліўшыся над смартфонам, а ад гэтага пакутуе шыйна-грудны аддзел пазваночнік. І такіх пацыентаў зараз да 30 працэнтаў, — засяроджвае ўвагу медыцынскі работнік.

Таму яна раіць устаць і зрабіць нейкія фізічныя практыкаванні. Рух — гэта яшчэ і трэніроўка для сасудаў, што важна для людзей ва ўзросце 60 +, бо яго адсутнасць прыводзіць да развіцця такіх захворванняў, як астэахандроз, атэрасклероз. «Рух — гэта жыццё, што даказана не адным пакаленнем, — нагадвае Наталля Янкоўская, — а ногі — гэта другое сэрца. Яны рухавік нашага арганізма і павінны выконваць гэту функцыю пастаянна». Застаецца толькі прыслухацца да гэтай слушнай парады.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і герояў публікацыі

Загаловак у газеце: Працоўны дзень... з пешай прагулкі

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.