Вы тут

Чым небяспечны стрэптакок?


У кожнага інфекцыйнага захворвання ёсць узбуджальнікі — патагенныя або ўмоўна-патагенныя мікраарганізмы. Першыя трапляюць у арганізм звонку, другія належаць да натуральнай мікрафлоры і актывізуюцца толькі пры спрыяльных для размнажэння ўмовах.


Фота з адкрытых крыніц

З мільярда бактэрый, якія існуюць у свеце, стрэптакокі вельмі папулярныя. Яны ўспрымаюць чалавека як сваё навакольнае асяроддзе і рэзервуар для жыцця. Стрэптакокі часта называюць адной з самых небяспечных бактэрый. Яны могуць выклікаць шэраг захворванняў: фарынгіт, пнеўманію, шкарлятыну, інфекцыі скуры, эндакардыт (запаленне ўнутранай абалонкі сэрца) і іншыя. Але асноўная іх небяспека менавіта ў здольнасці выклікаць другасныя формы стрэптакокавай інфекцыі ў выглядзе токсіка-септычных захворванняў і запускаць аўтаімунныя рэакцыі, якія правакуюць складаныя захворванні: рэўматызм, цяжкае захворванне нырак, такое як гламеруланефрыт, васкуліты. Пра тое, як своечасова вызначыць і пазбавіцца ад небяспечных бактэрый, спыталі ў дзіцячага кардыярэўматолага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, урача ўльтрагукавой дыягностыкі 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Святланы Лапіцкай.

— Святлана Аляксандраўна, стрэптакок — адна з тых бактэрый, з якой чалавек жыве пастаянна?

— У працэсе эвалюцыі ў чалавека са стрэптакокам склалася даволі цеснае «сужыцельства», і таму інфекцыі дадзенай групы шырока распаўсюджаныя як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. 

У норме бактэрыі засяляюць слізістыя абалонкі і скуру чалавека, пастаянна прысутнічаюць у ротавай поласці, насаглотцы, тоўстым кішэчніку, похве. Доўгі час стрэптакокавая інфекцыя можа прысутнічаць латэнтна, ніяк сябе не праяўляючы, — такі стан называецца бактэрыяносьбіцтва, і ён можа працягвацца да аднаго года.

— Якія захворванні найчасцей выклікае стрэптакок?

— Стрэптакокавая інфекцыя — гэта група інфекцыйных захворванняў, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца розныя віды стрэптакока. Гэтыя патагенныя мікраарганізмы пашкоджваюць у асноўным дыхальныя шляхі і скуру чалавека.

Аднак трэба сказаць, што не ўсе стрэптакокі небяспечныя. Стрэптакокавыя інфекцыі ўзнікаюць пераважна пад уздзеяннем β-гемалітычнага стрэптакока групы А. Ён сустракаецца паўсюдна, перадаецца пераважна паветрана-кропельным, а таксама кантактным (праз прадметы, цацкі, поціскі рукі) і харчовым шляхамі. Гэты мікраарганізм хутка размнажаецца ў малацэ, тварагу, смятане, салодкіх крэмах.

Стрэптакокі ўстойлівыя да награвання, замарожвання, захоўваюцца некалькі тыдняў і нават месяцаў у засохлых біялагічных вадкасцях чалавека. Але затое яны лёгка гінуць пад дзеяннем сродкаў дэзынфекцыі. Так што апрацоўка рук дэзынфіцыруючымі сродкамі ніколі не будзе лішняй.

— Як гэтай інфекцыяй можна заразіцца?

— Крыніцай інфекцыі для навакольных з’яўляецца хворы чалавек.

Пік захворвання прыпадае на халодную пару года. Галоўным чынам, гэта першасныя формы стрэптакокавай інфекцыі, якія ўзнікаюць у месцы ўкаранення мікроба: паражэнне ЛОР-органаў, напрыклад глотачных міндалін (танзіліт), глоткі (фарынгіт) ці вуха (атыт), а таксама паражэнне скуры ў выглядзе стрэптадэрміі (імпетыга), рожы і шкарлятыны. Усе гэтыя захворванні добра паддаюцца лячэнню антыбіётыкамі.

Асноўная небяспека стрэптакока заключаецца ў яго здольнасці выклікаць другасныя формы стрэптакокавай інфекцыі ў выглядзе токсіка-септычных захворванняў, такіх як метатанзілярны і перытанзілярны абсцэсы, флегмоны, менінгіты, септычныя ўскладненні.

Але і яны яшчэ не самае горшае, што можа здарыцца пры працяглым кантакце са стрэптакокамі. Гэтыя мікраарганізмы ўяўляюць асаблівую небяспеку для здароўя, бо вылучаюць таксіны, якія паражаюць органы чалавека і здольныя запускаць аўтаімунныя рэакцыі, што правакуюць цяжкія захворванні, — рэўматызм, гламеруланефрыт, васкуліты.

— Чаму і чым стрэптакок небяспечны для сэрца?

— Пры аўтаімунных працэсах імунітэт атакуе ўласныя клеткі сэрца і сасудаў з-за таго, што ў некаторых штамаў стрэптакока ёсць агульныя антыгенныя субстанцыі (своеасаблівыя пазнакі для распазнавання сваіх і чужых клетак) з тканкай сэрца і сасудаў. У выніку імунітэт чалавека памылкова пачынае знішчаць уласныя тканкі. Так узнікаюць аўтаімунныя захворванні, такія як вострая рэўматычная ліхаманка, гламеруланефрыт, васкуліты.

А калі ўлічыць, што слізістая абалонка верхніх дыхальных шляхоў і міндалін мае непасрэдную сувязь па лімфатычных шляхах з абалонкамі сэрца, то рызыка пашкоджання сэрца ў выглядзе вострай рэўматычнай ліхаманкі або хранічнай міякардыядыстрафіі даволі вялікая.

Ёсць і іншыя небяспекі. У выніку пападання стрэптакока ў арганізм пацыента пачынаецца актыўная выпрацоўка мноства небяспечных ферментаў. Яны правакуюць інтаксікацыю, выклікаюць парушэнне функцыянавання ўсіх структур. 

У першую чаргу ў вялікай колькасці сінтэзуецца стрэпталізін О. Гэтае рэчыва растварае клетачныя мембраны эрытрацытаў (чырвоных крывяных цельцаў), разбурае форменныя структуры і правакуе дэфіцыт кіслароду ў тканках арганізма, што вельмі негатыўна адбіваецца на агульным стане здароўя. Супраць гэтага ферменту арганізм выпрацоўвае ахоўныя антыцелы (антыстрэпталізін О або скарочана — АСЛО) і па іх узроўні ў крыві можна меркаваць аб характары паталагічнага працэсу.

— Раскажыце падрабязней пра захворванні, небяспечныя для сэрца, — вострую рэўматычную ліхаманку і міякардыядыстрафію.

— Вострая рэўматычная ліхаманка — цяжкае захворванне з паражэннем не толькі сэрца, але і суставаў, якое прыводзіць да пароку сэрца і ў радзе выпадкаў — да інвалідызацыі. Аднак каб развілася гэта захворванне, патрэбна асаблівая індывідуальная гіперімунная (з залішнім запаленнем) рэакцыя арганізма на антыгены стрэптакока. І гэта вызначаецца спадчыннай схільнасцю. Таксама неабходны механізм працяглага ўтрымання стрэптакока групы А. А ён з’яўляецца толькі ў дзяцей 4–5 гадоў і старэй: пры паўторных сустрэчах са стрэптакокам на слізістых абалонках насаглоткі з’яўляюцца рэцэптары — спецыяльныя «пасадачныя пляцоўкі» для фіксацыі стрэптакока. Таму дзеці да 4—5-гадовага ўзросту не схільныя да захворвання на рэўматызм.

Хранічная стрэптакокавая інфекцыя — хранічны танзіліт, хранічны адэнаідыт, хранічны атыт, нават банальны карыес — зусім не бяскрыўдная для арганізма. Гэтыя захворванні таксама часта прыводзяць да пашкоджання сэрца — танзілагеннай міякардыядыстрафіі. Пры гэтым могуць з’яўляцца болі ў вобласці сэрца, парушэнні рытму і праводнасці на электракардыяграме (ЭКГ), змены на УГД сэрца.

Таму ўсе дзеці з хранічнай стрэптакокавай інфекцыяй павінны, акрамя назірання ў ЛОР-урача, мінімум раз на год рабіць ЭКГ, УГД сэрца і кансультавацца ў кардыярэўматолага. Пацыенты з высокімі паказчыкамі антыстрэпталізіну О павінны пракансультавацца ў кардыярэўматолага з прычыны неабходнасці медыкаментознай прафілактыкі вострай рэўматычнай ліхаманкі. А пасля вострых танзілітаў абавязковы запіс ЭКГ, у шэрагу выпадкаў — УГД сэрца з наступнай кансультацыяй кардыярэўматолага.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ад фарынгіту да запалення абалонкі сэрца

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.