Вы тут

Біятланістка Дар'я Юркевіч заваявала бронзавую ўзнагароду


У індывідуальнай гонцы на 15 км у шведскім Эстэрсундзе наша спартсменка заваявала бронзавую ўзнагароду. Апярэдзіць яе змаглі толькі немка Лаура Дальмайер і францужанка Анаіс Бяскон.


Галоўным козырам Дар'і ў гэтай гонцы стала стральба. У сувязі з моцным парывістым ветрам у Эстэрсундзе многія біятланісткі ў той дзень нарабілі шмат памылак на стрэльбішчы, але беларуску такія ўмовы надвор'я не напалохалі і не перашкодзілі паказаць сябе сапраўдным прафесіяналам. Юркевіч адзіная з усіх (у гонцы ўдзельнічала 101 спартсменка) змагла абысціся без промахаў на ўсіх чатырох агнявых рубяжах, што дазволіла ёй трапіць на п'едэстал Кубка свету ўпершыню ў сваёй кар'еры.

— Яшчэ да старту гонкі паставіла перад сабой задачу — страляць без памылак. Але на справе аказалася, што гэта вельмі цяжка, таму што моцна перашкаджаў вецер. У такой сітуацыі вырашыла не спяшацца і сканцэнтравацца на агнявых рубяжах. Асабліва гэта тычылася заключнай стральбы. Ні аб якім прызавым месцы на дыстанцыі не думала. Бронзавы медаль — гэта шчаслівы шок. Узнагарода за доўгае цярпенне. Зрабіла такі сюрпрыз і сабе, і камандзе, і балельшчыкам. Не скрыю, да галоўнага старту сезона, чэмпіянату свету, буду рыхтавацца менавіта да індывідуальнай гонкі: яна атрымліваецца ў мяне лепш за ўсё, — расказала Дар'я пасля ўзнагароджання.

Нагадаем, да поспеху Дар'і Юркевіч у апошні раз беларускія біятланісты падымаліся на п'едэстал у гонках Кубка свету ў сакавіку 2015 года.

Адзначым, што 28-гадовая Дар'я Юркевіч дэбютавала на Кубку свету ў 2010 годзе, але доўгі час не магла замацавацца ў асноўным складзе. Аж да леташняга сезона Дар'я выступала пераважна на этапах Кубка ІBU і толькі зрэдку трапляла на галоўныя старты.

Для іншых беларусак індывідуальная гонка склалася не так паспяхова. Надзея Скардзіна стала 43-й, Ірына Крыўко — 46-й, Анастасія Кінунен — 72-й, Хрысціна Ільчанка — 85-й.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У нас з'явіўся «бронзавы» снайпер

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.