Вы тут

Хто ён, студэнт года?


Крэатыўны пазітыўны выдатнік і актывіст БРСМ

— Чаго мне не хапае? Без творчасці я нібыта птушка ў клетцы. Таму сабралася і занялася спортам, танцамі, вакалам. Уся гэтая слава, папулярнасць, поспех... Я ўсяго павінна дабіцца сама. Я так вырашыла...

— Крута!

— Ну і зараз я самы актыўны студэнт універсітэта. Стараюся...

— Можа, прыйшоў час усё ж такі сустрэцца асабіста?

— Давайце... А дзе?

— Мяркуючы па тэме, на конкурсе «Студэнт года».

— На конкурсе?

— Давай у клубе Dozari. Гадзін у пяць. Нармальна?

— Так, нармальна...Тады да сустрэчы... Хто студэнт года? Я студэнт года!

Словы з песні: «Готовилась полгода на конкурс «Студент года». Людей там было много и нервы как канат. Одета стильно, строго. Дала понять с порога — на титул «Студент года» я главный кандидат. На пьедестале... и вот диплом в моих руках. На пьедестале... и вот диплом в моих руках».


Прэтэндэнты на тытул

Калі вы яшчэ не бачылі на YouTube відэаролік трэцякурсніцы з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Веранікі Кажанеўскай, то абавязкова яго знайдзіце. З'яўленне ў пачатку года на тым жа відэахосцінгу кліпа групы «Ленінград» на песню «Экспанат» дало неабсяжную прастору для пародый, жартаў і «падколак». Вы ж яго таксама бачылі? І, мабыць, не адзін раз? Таму проста грэх было не скарыстаць чужую ідэю крыху для іншай мэты. Вераніка прыдумала ў якасці сваёй відэавізіткі ролік, у якім дзяўчына збіраецца на рэспубліканскі конкурс «Студэнт года». Натуральна, што ў фінале сапраўднага конкурсу яна была ці не самай пазнавальнай персонай. «А-а-а, гэта дзяўчына з «лабутэнаў», — казалі ёй услед.

Снежаньскім вечарам у мінскім забаўляльным комплексе сабраліся дзевяць найлепшых студэнтаў, якія перамаглі ў абласных і мінскім гарадскім этапах рэспубліканскага конкурсу (па аднаму прадстаўніку ад вобласці і чатыры прадстаўнікі — ад сталіцы), і іх групы падтрымкі. Упершыню галоўнае студэнцкае свята, ідэйным натхняльнікам якога выступае БРСМ, выйшла за межы ўніверсітэцкай актавай залы і перамясцілася ў начны клуб Dozarі.

За ганаровы тытул «Студэнт года» змагаліся будучы інжынер-эканаміст, студэнтка ІV курса Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Карына ЦЯЛЮШЧАНКА, cтудэнт ІV курса фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый КУКСО, будучы ўрач, анастэзіёлаг-рэаніматолаг, шасцікурсніца Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аліна ДАНІЛЬЧАНКА, студэнтка ІІ курса Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Даяна РОШЧА, студэнт ІІ курса факультэта радыётэхнікі і электронікі БДУІР Андрэй АНДРУК, шасцікурснік медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ Яўген ТАНАНКА, курсант ІІ курса Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Кірыл ДРОЗД, чацвёртакурсніца архітэктурнага факультэта Анастасія ШПАКОЎСКАЯ і будучы лагапед з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вераніка КАЖАНЕЎСКАЯ.

Сцэна — не плавальная дарожка

Між іншым, патрабаванні да прэтэндэнтаў на гэта званне ўстаноўлены вельмі жорсткія: вучэбны сярэдні бал канкурсанта не можа быць ніжэйшым за 8 балаў! Малады чалавек ці дзяўчына павінны актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах пярвічнай арганізацыі БРСМ, студэнцкім самакіраванні, раённых, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, займацца навукова-даследчай дзейнасцю... А таксама мець здольнасці да творчага экспромту, высокую эрудыцыю, уменне весці палеміку і, самае галоўнае, — працаваць у камандзе, бо за кожным фіналістам стаіць вялікая каманда студэнтаў з яго ВНУ!

Напрыклад, «правілы гульні» ў гэтым годзе крыху змяніліся: каб зрабіць галасаванне больш празрыстым, журы выстаўляла ацэнкі з дапамогай спецыяльных таблічак пасля кожнага з конкурсаў. А «журылі» фіналістаў у гэтым годзе старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава, старшыня парламенцкай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўнік фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Чыжык, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная, адзінаццаціразовы параалімпійскі чэмпіён па плаванні Ігар Бокій і іншыя.

Ігар Бокій — пакуль сам яшчэ студэнт БДУ, і ацэньваць яму давялося такіх жа студэнтаў. У адрозненне ад спорту, дзе ўсё вырашаюць сотыя і нават тысячныя долі секунды, у падобных конкурсах даволі складана пазбавіцца ад суб'ектывізму. Славуты спартсмен прызнаўся, што сам наўрад ці выйшаў бы на сцэну. На плавальнай дарожцы ён адчувае сябе больш камфортна...

«Насустрач»... рэтракамп'ютарам

Адно з выпрабаванняў прайшло ў форме абароны канкурсантамі маладзёжнага праекта. Праект Веранікі Кажанеўскай «Art-пікнік «Яблычак» быў прысвечаны стварэнню ўмоў для сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а таксама пашырэнню валанцёрства ва ўніверсітэце. У яго рамках сіламі валанцёраў універсітэта былі арганізаваныя акцыі «Хачу дапамагчы», «Вазьмі мяне за руку», майстар-класы «Чароўная соль», «Чароўны пясок», заняткі «Давайце патанцуем», «Рэабілітацыйная гімнастыка», «Пікнік на пакрывале», конкурс фатаграфіі «Прырода і мы», канцэртная праграма «Дзяцінства без межаў» і іншыя.

Андрэй Андрук з БДУІР прэзентаваў першы ў нашай краіне музей рэтракамп'ютарнай тэхнікі, які можа стаць выдатнай візіткай для горада. Падобныя музеі ўжо ёсць у ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Нідэрландах, дзе яны ствараліся спецыялістамі вядучых універсітэтаў. Але ў краінах СНД такога музея пакуль няма.

— Зараз калекцыя, сабраная студэнтамі БДУІР, налічвае ўжо больш як 500 унікальных экспанатаў, выпушчаных у 1960—2000-я гады. Абсалютная большасць з іх знаходзіцца ў выдатным рабочым стане, — расказаў хлопец. — Памяшканне пад музей ужо адрамантаванае, практычна гатова экспазіцыя музея, завяршаецца работа над сайтам. Хутка распачнецца актыўная піяр-кампанія ў сацыяльных сетках. Зараз у нашай камандзе чатыры чалавекі: менеджар, рэканструктар-калекцыянер і дызайнер. Але нам патрабуюцца валанцёры, якія будуць сачыць за тэхнікай, а таксама экскурсаводы. Рэтракамп'ютарная тэма цікавіць шмат людзей, аднак наш музей будзе незвычайны. Вы не ўбачыце ў ім экспанатаў пад шклом і аўдыягідаў — кожны прадстаўлены экспанат зможа «самастойна» пра сябе расказаць у інтэрактыўнай форме, а пры жаданні да яго можна будзе не толькі дакрануцца, але і папрацаваць на ім ці пагуляць.

— Калі вы жадаеце быць у цэнтры музычных, спартыўных ці іншых масавых і не вельмі падзей або жадаеце арганізаваць сваё мерапрыемства, нават нефармальнае, усё, што вам трэба зрабіць, гэта спампаваць і ўстанавіць бясплатны мабільны дадатак «Насустрач», — агітаваў за свой праект будучы эканаміст-менеджар Дзмітрый Куксо. — Мабільная праграма ажывіць культурнае жыццё горада, дапаможа ўсім адшукаць аднадумцаў і знайсці сабе цікавы занятак абсалютна бясплатна. Зрабіць крок насустрач адзін аднаму. Вы зможаце распаўсюдзіць інфармацыю пра сваё мерапрыемства, сартаваць падзеі па часе і катэгорыях, праглядзець апісанне кожнай прапановы і даведацца пра яе арганізатараў.

Тэатральны эцюд і рыцарскі турнір

Адным з самых цікавых аказаўся інтэлектуальны конкурс, у якім ад фіналістаў патрабавалася праявіць эрудзіраванасць і хуткасць рэакцыі. Члены журы задавалі ім пытанні, але часу на абдумванне не было.

Карыну Цялюшчанка папрасілі прыгадаць, якімі словамі заканчваецца дзяржаўны гімн краіны і што для дзяўчыны значаць гэтыя словы. «Дзякуй вялікі за пытанне, дазвольце мне праспяваць», — адказала дзяўчына і выканала прыпеў дзяржаўнага гімна.

— Цяпер усё менш і менш людзей размаўляюць на найпрыгажэйшай беларускай мове, раскажы, якім чынам яе можна вярнуць у маладзёжны асяродак? — пацікавіліся ў Веранікі Кажанеўскай.

— Я хацела б, каб такія масавыя мерапрыемствы праводзіліся на беларускай мове, калі мы падтрымліваем сваю краіну і сваю родную мову, — адказала на рускай мове канкурсантка.

Тэлевядучы Яўген Перлін пацікавіўся ў Андрэя Андрука, як можна павялічыць колькасць падпісчыкаў у Інстаграме. А Вераніку Рошчу папрасілі прыгадаць знакамітых выпускнікоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

У творчым конкурсе студэнты дэманстравалі свае таленты ў танцах, выразным чытанні вершаў на роднай мове, выкананні народных песень нават у электроннай апрацоўцы, пераспяваўшы Shuma «Rano-Rano». Нетыповым у творчым конкурсе было выступленне курсанта Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Кірыла Дразда, які зладзіў на сцэне клуба рыцарскі турнір, а таксама Андрэя Андрука. Свой тэатральны эцюд ён прысвяціў каханню: «Памятаю, як я сядзеў на кухні і глядзеў на яе, калі яна бралася за ўборку. Не мог адарваць ад яе вачэй. Яна лавіла гэты позірк і ўсміхалася, натхнёная маёй увагай. Не проста ўсміхалася, а зіхацела, быццам бы мой позірк уключаў у ёй нейкую сакрэтную ілюмінацыю. Здавалася, гэта шчасце ніколі не скончыцца. А потым я памятаю тое імгненне, калі ўсё змянілася...» У студэнта тэхнічнай ВНУ аказаліся выдатныя артыстычныя здольнасці, ці не таму ён з'яўляецца яшчэ і ўладальнікам тытула «Містар БДУІР»?

У падарунак — вандроўка

...Дваццаціхвілінная паўза, і, нарэшце, аб'яўлены прызёры і новы ўладальнік тытула «Студэнт года». Трэцяе месца дасталося будучаму інжынеру электроннай тэхнікі Андрэю Андруку. Як прызнаўся малады чалавек, яго кумірам з'яўляецца музыкант Джэк Уайт. Ён вельмі любіць яго цытату: «Вакол ёсць так шмат людзей, якія будуць паўтараць табе, што ты не зможаш. Усё, што трэба зрабіць, дык гэта павярнуцца і сказаць ім: глядзіце». Другое месца прысудзілі «дзяўчыне з лабутэнаў», будучаму лагапеду з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вераніцы Кажанеўскай. Яна спартсменка, актывістка, валанцёр. Спявае, танцуе, іграе ў аркестры народных інструментаў. Плюс піша навуковыя артыкулы...

А перамогу ў гэты вечар святкаваў студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Куксо. Трымаючы ў руках галоўную ўзнагароду конкурсу, Дзмітрый канстатаваў, што для яго гэта не проста прызнанне, а вялікая адказнасць. «Мне цэлы год трэба будзе прадстаўляць студэнцтва Беларусі. Я пастараюся не падвесці і з гонарам несці гэта званне». Акрамя тытула, Дзмітрый Куксо атрымаў таксама падарункі ад партнёраў: турыстычную пуцёўку па маршруце Талін — Хельсінкі — Стакгольм і акустычную сістэму ад кампаніі SVEN.

Дарэчы, Дзмітрый стаў першым хлопцам, які перамог у гэтым конкурсе. Да яго пяць разоў запар перамагалі дзяўчаты. Невыпадкова сталі жартаваць: а ці не перайменаваць нам конкурс у «Студэнтку года»?

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.