Вы тут

Хто такі нашталер?


І чым фельчар адрозніваецца ад бальвера

Старажытную і сярэднявечную гісторыю нашага краю мы ведаем у асноўным дзякуючы летапісам, што захаваліся з тых часоў. Але ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы від дакументальнага сведчання жыцця грамадства тых часоў — «метрыкі» Вялікага Княства Літоўскага. Дакументы, якія выдаваліся ад імя вялікага князя або ўпаўнаважаных ім прадстаўнікоў вярхоўных органаў улады, кіравання і суда, а таксама прыватныя дакументы, якія траплялі ў канцылярыю, старанна збіраліся ў асобныя сшыткі, сшываліся ў кніжкі, якія, уласна, і называліся метрыкамі. Захавалася больш за 600 такіх кніг! А ў іх — найкаштоўнейшая інфармацыя, якая датычыцца нашай гісторыі з ХV па ХVІІІ стагоддзе.

Самыя старыя метрыкі не захаваліся, затое засталіся іх копіі, якія прадбачліва былі створаны ў канцылярыі ў канцы ХVІ — пачатку ХVІІ стагоддзя: перапіс архіўных дакументаў пачаўся ў 1594 годзе пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Існаваў цэлы штат, які сачыў за тым, каб копіі адпавядалі арыгіналам. Дзякуючы той рабоце старажытныя крыніцы даступныя і сёння. Гэткі своеасаблівы жыццяпіс краіны, дзе можна знайсці інфармацыю нават пра традыцыі і побыт нашых продкаў.


Ар­хе­ог­раф Ва­ле­рый Мян­жын­скі.

Да нядаўняга часу пазнаёміцца з гэтымі ўнікальнымі дакументамі маглі толькі нямногія даследчыкі: большасць арыгіналаў захоўваецца ў расійскіх архівах, у нас жа ёсць толькі мікраплёнка з выявай гэтых дакументаў, якую можна праглядаць на спецыяльным апараце. Але сёння архівы становяцца даступнымі — ужо выдадзена 11 кніг метрык, 5 з іх падрыхтаваны археографам Валерыем Мянжынскім. У гутарцы даследчык, які займаецца метрыкамі ўжо больш за 30 гадоў, расказаў нямала цікавага.

— Трэба сказаць, што з метрыкамі даследчыкі працуюць ужо не адно стагоддзе, — расказвае вучоны. — Толькі раней публікатары рабілі з іх тэматычныя вытрымкі (напрыклад, з розных кніг бралі дакументы па прывілеях на зямлю, саслоўях, пэўных родах). А сёння вучоныя краін — спадкаемцаў ВКЛ вырашылі выдаваць метрыкі так, як яны захаваліся, — пакніжна, цалкам з усімі дакументамі. Мне пашчасціла ў свой час вучыцца ў аспірантуры ў Маскве, я шмат прагледзеў, стварыў уласны архіў. ВКЛ у розныя часы мела розныя памеры, нават было ад мора да мора. Таму і інфармацыя ў фаліянтах можа тычыцца тэрыторыі ажно пяці дзяржаў, якія сёння існуюць. Але я арыентуюся на тыя кнігі, у якіх больш менавіта беларускага матэрыялу. Канешне, для навукоўцаў найбольш каштоўныя самыя раннія метрыкі.

Увогуле ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Інбелкульце выказвалася ідэя стварыць цэлы інстытут, які працаваў бы толькі з метрыкамі. Гэта настолькі вялікая крыніца, што аднаму чалавеку немагчыма авалодаць ёй... Я ж вырашыў заняцца папулярызацыяй, множаннем гэтай інфармацыі. Такія кнігі не павінны выдавацца з кепскай якасцю на дрэннай паперы, бо яны могуць служыць не адно стагоддзе і для даследчыкаў у розных галінах. Дарэчы, на падрыхтоўку адной кнігі метрык трэба 5—10 гадоў. Шмат часу ідзе на тое, каб даць чытачу найбольш поўную карціну — паказаць, як стасуецца тая геаграфія з сучаснай, даць звесткі пра асоб, якія згадваюцца, расказаць, як ствараліся тэксты. На асобных старонках каментаванне займае больш месца, чым дакументы.

— Апошняя метрыка, якую вы падрыхтавалі, — збор дакументаў часоў правядзення валочнай памеры. Якую цікавую інфармацыю тут можна сустрэць?

— Кніга лакалізуецца беларускім матэрыялам, пераважна 1556—1562 гадоў. У ёй багата інфармацыі, якая тычыцца простых людзей, сялян, службоўцаў. Дарэчы, паспрыяў выхаду ў свет гэтага выдання загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар.

Тут можна даведацца пра прафесіі, якія існавалі ў той час, што за людзі абслугоўвалі двор вялікага князя. Так, стральцы выконвалі даручэнні пры двары і егерскую службу (паляванне і догляд за пушчамі). Нашталеры — страмянныя, даглядалі за коньмі. Зброю рабілі платнеры, халодную зброю — ручніцы. Пушкары абслугоўвалі гарматы. Пры двары розныя абавязкі выконвалі адверныя. Зэкгармістар рамантаваў і вырабляў гадзіннікі. Былі і фельчары, і бальверы (апошнія лячылі службовых асоб), ляснічыя, мерчыя, кухары, пекары. Каля 300 асоб абслугоўвалі княжацкі двор. Усе гэтыя службовыя людзі ў мірны час выконвалі рамесніцкія абавязкі, а ў ваенны маглі выстаўляцца як ваяры. За службу давалася зямля. З цягам часу на ёй багацелі, атрымлівалі шляхетнасць і мянялі сацыяльны статус.

— Выходзіць, што ў Сярэднявеччы простыя людзі не былі такімі ўжо беднымі...

— Дзве валокі зямлі даваліся за службу на аднаго чалавека. А ў адной сям'і і некалькі чалавек магло быць службовымі. Адна валока — больш за 21 га, добры надзел, які дазваляе сям'і пракарміцца. Можна сустрэць дакументы, у якіх пералічваецца, колькі ўсяго мелі сяляне (гэта жывёла, рэчы). Зямля дазваляла жыць бязбедна, таму і цанілася яна больш за грошы. Наогул, метрыка ўся павязана на зямлі, можна сачыць за яе рухам, як яна раздавалася, пераходзіла ад аднаго ўласніка да іншых. Часам казна была пустая, у вялікага князя не было грошай, але ўсё было карэктна, служба заўсёды ўзнагароджвалася зямлёй.

— Даследчыкі, якія пазнаёміліся з метрыкамі, адзначаюць, што ў іх можна адшукаць звесткі, звязаныя з жыццём не толькі знакамітых родаў, але і дробнай шляхты.

— Сапраўды, у метрыцы ёсць інфармацыя пра Сапегаў, Корсакаў, Храптовічаў, Нарбутаў, Валовічаў, Ільінічаў і наогул пра ўсе роды, якія на слыху. Тут прадстаўлена не толькі магнатэрыя, але і сярэдні клас. Па дробных шляхетных родах наогул можа больш не быць інфармацыі ў нейкіх іншых крыніцах. Дарэчы, я цікавіўся колькасцю шляхты. Так, па перапісе войска 1528 года шляхта выстаўляла 19 тысяч вершнікаў. А вершнікі выстаўляліся прапарцыянальна таму, колькі меў шляхціц зямлі і сялян.

— Пра што сведчыць гэта немалая лічба?

— Гэта прафесійнае войска. Краіна была гатова абараняцца. Войны ў тыя часы былі справай звычайнай. Кожны шляхціч павінен быў ці сам ехаць, ці выстаўляць узброенага вершніка. Калі ён парушаў закон, адбіралася зямля. З метрыкі бачна, што вайсковая справа ўвесь час знаходзілася пад пільным наглядам.

У метрыцы за 1556—1562 гады ёсць лісты, якія сведчаць пра вайсковую павіннасць, сярэбшчыну — падатак, які збіраўся па ўсім княстве на ваенныя патрэбы. Таксама ў гэтай кнізе я знайшоў першае ўпамінанне пра Сураж (1560 год), дзе быў узведзены замак для абароны мястэчка ад набегаў.

Пра­ца над «Мет­ры­кай» па­чы­на­ец­ца з та­кіх фо­та­ко­пій.

— Атрымліваецца, метрыка дае багата інфармацыі пра ваенную гісторыю. А наогул, якім даследчыкам яна можа быць карыснай?

— Гісторыкам, правазнаўцам, этнографам, лінгвістам, людзям, якія вывучаюць радаводы, краязнаўцам, пісьменнікам, якія пішуць гістарычныя раманы. Тут ёсць звесткі пра ўсё: якая была нерухомая маёмасць, побытавае начынне, рыштунак земляробчы і ваенны, адзенне, ежа, што сеялі і збіралі, якія былі святы, народны каляндар. Тут багата прадстаўлена канфесійнае жыццё. Расказваецца пра маёмасць касцёлаў, будаванне цэркваў. Напрыклад, ёсць інфармацыя, што сам вялікі князь ахвяраваў на будаўніцтва.

Трэба сказаць пра ўмоўны падзел метрык. Так, ёсць судовыя кнігі. У княстве праводзіліся зацяжныя судовыя пасяджэнні (па 5-6 месяцаў), дзе разбіраліся сотні, а мо і тысячы спраў ад падданых. Яны пачыналіся ад Раства і працягваліся да Тройцы або ад вясенняга Юр'я да восеньскага. Як правіла, судовая сесія адбывалася ў Вільні, Бярэсці ці Гародні. У судовых кнігах пераважна разглядаюцца зямельныя спрэчкі. З-за зямлі людзі нават ваявалі, былі забітыя і скалечаныя.

Мне асабіста больш даспадобы запісовыя кнігі. Там ёсць распараджэнні вялікага князя адносна падданых, напрыклад, аб наданні пасад, шляхецтва, пацвярджаецца права на зямлю, агульназемскія прывілеі, магдэбургскія прывілеі. Багата звестак аб вайсковых справах. Можна знайсці інфармацыю аб пасольствах, якія пасылаліся ў Маскву.

— Беларускую мову можна пазнаць у метрыках?

— Тут усё дыхае беларускай мовай, яна праглядаецца нават у дакументах, якія зроблены на лаціне. Уся канцылярыя, якая вялася на кірылічных тэкстах, абслугоўваецца старабеларускай мовай. Метрыкі — адна з асноўных крыніц для мовазнаўцаў. Так, навукоўцы пры рабоце над Беларускім гістарычным слоўнікам працавалі менавіта з метрыкамі.

— Як вы лічыце, сучасныя тэхналогіі змогуць паспрыяць вяртанню метрык ВКЛ на Беларусь, хоць бы ў тым жа адсканаваным выглядзе?

— Безумоўна, трэба ствараць электронныя архівы. Але гэта не значыць, што імі ўсе змогуць скарыстацца. Магу паказаць фотакопію дакумента на старабеларускай мове, ці зможаце яе прачытаць? Калі я пісаў дысертацыю па метрыцы, дзесьці паўгода прызвычайваўся да тэкстаў, почыркаў, вучыўся іх расчытваць. Многія дакументы падаюцца рознымі стылямі, без знакаў прыпынку, без дат. У арыгіналах некаторыя літары прапушчаны ці змешчаны над радком. Часам трэба і расследаванне праводзіць аб паходжанні асобных надпісаў — хто іх пакінуў: пісец ці чалавек, які браў кнігу ў рукі ў пазнейшых стагоддзях. У сучасных «копіях» метрык тэкст адаптаваны, даступны любому чытачу. А яшчэ ён пададзены так, каб дапамагчы даследчыкам-лінгвістам атрымаць уяўленне, якім было беларускае пісьмо ў Сярэднявеччы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіаdzіulа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

Пя­тая клі­ніч­ная баль­ні­ца за­ста­ец­ца ад­ной з ме­ду­ста­ноў Мін­ска, ку­ды шпі­та­лі­зу­юць хво­рых на COVІD-19.

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.