Вы тут

Як адказныя кантралёры і пільны падлетак дапамаглі раскрыць злачынствы


І атрымалі падзяку ад міліцыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска.

14-гадовы школьнік выпадкова знайшоў 26 кілаграмаў насвая, а дзве жанчыны-кантралёры выявілі больш за 30 выпадкаў падробкі дакументаў.


Уладзіслаў Несцер сабраўся выйсці пагуляць на двор, калі на агульным балконе заўважыў вялікую сумку. З цікаўнасці малады чалавек вырашыў у яе зазірнуць. Унутры аказалася шмат поліэтыленавых пакетаў з зялёным парашком. Падлетак адразу западозрыў нядобрае, вярнуўся дадому і неадкладна расказаў аб знаходцы бацьку. Той паведаміў пра выпадак у міліцыю.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння, канфіскавалі сумку. Зялёны парашок аказаўся некурыльнымі тытунёвымі вырабамі, прыдатнымі для жавання альбо смактання, які ў народзе атрымаў назву насвай. Агульная вага знаходкі — 26 кілаграмаў. У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што сумка належала чатыром выхадцам з Гомельскага рэгіёна, якія займаліся рэалізацыяй забароненага рэчыва ў сталіцы.

Кантралёры ДУА «Мінсктранс» Святлана Ажар і Эльвіра Зелянкевіч за год, дзякуючы сваёй назіральнасці, выявілі больш за 30 фактаў падробкі дакументаў, якія даюць права на праезд у грамадскім транспарце. Па выніках праведзеных праверак Кастрычніцкім (г. Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачатыя крымінальныя справы па арт. 380 (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, з разліку штодзённага праезду 30 асобамі, якія карыстаюцца падробленымі праязнымі білетамі, толькі на адным відзе транспарту, шкода склала б больш як 12 000 за год.

Як адзначыла сама Святлана Ажар, падробленыя дакументы — гэта галаўны боль для кантралёраў. Як правіла, з падробленымі пасведчаннямі інвалідаў ездзяць пенсіянеры, а студэнты актыўна карыстаюцца «ліпавымі» школьнымі даведкамі. Талончыкі, вядома, ніхто не падрабляе, але некаторыя спрабуюць іх выкарыстоўваць па некалькі разоў. Чаго толькі не робяць «народныя ўмельцы»: прабіўшы талончык, абразаюць электронны надпіс ці выводзяць яго хімічна, на месца, дзе ставіцца штамп, наляпляюць скотч. Але, як ні старайся, усё гэта прыкметна і, галоўнае, — з'яўляецца парушэннем закона!

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.