Вы тут

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»


Колькасць злачынстваў у галіне незаконнага абароту наркотыкаў паступова зніжаецца, у тым ліку ўцягнутасць непаўналетніх. Аднак спецыялісты не рэкамендуюць заспакойвацца. Вельмі часта распаўсюджвальнікамі і спажыўцамі становяцца маладыя людзі з добрых сем’яў, з вышэйшай адукацыяй і без фінансавых праблем. Легкадумныя паводзіны пасля абарочваюцца вялізнымі тэрмінамі пазбаўлення волі. Прыклады, калі людзі, у якіх у жыцці было ўсё, атрымалі па два дзясяткі гадоў пазбаўлення волі, прывялі праваахоўнікі.


Асноўны акцэнт — на інтэрнэт-крамы

У 2023 годзе назіралася зніжэнне злачыннасці ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў на 20 %, у тым ліку па выяўленні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

— Мы канстатавалі скарачэнне колькасці заяў, якія паступілі ў органы ўнутраных спраў, якія датычыліся незаконнага абароту наркотыкаў, змяншэнне колькасці наркаманаў, якія знаходзяцца на ўліку, скарачэнне колькасці асоб, якіх дастаўлялі ва ўстановы аховы здароўя з перадазіроўкамі (на 10 %), смяротнасці ад перадазіроўкі наркотыкамі (на 33 %), — пералічвае начальнік аддзела па кантролі за наркотыкамі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Бяркозаў. — Таксама зменшылася колькасць навучэнцаў і студэнтаў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці, і ўцягнутасць у незаконны абарот наркотыкаў непаўналетніх (на 32 %). Падобная сітуацыя і з раней асуджанымі, што абумоўлена правядзеннем маштабнай прафілактычнай работы.

Летась сталічнымі аператыўнікамі было выяўлена 16 каналаў пастаўкі наркотыкаў у Беларусь (усе яны з Расіі), 27 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных для вырошчвання наркаўтрымлівальных раслін, адна лабараторыя па вырабе псіхатропных рэчываў. Таксама спынена дзейнасць 11 інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў (у 2022-м іх было 8).

— Асноўны акцэнт мы робім на рабоце ў гэтым кірунку, паколькі такая структура наркабізнесу як інтэрнэт-магазіны са сваёй іерархіяй прысутнічаюць на тэрыторыі нашай краіны. Мы імкнёмся ліквідаваць магазін, каб ён не ўцягваў моладзь у супрацьпраўную дзейнасць, — падкрэсліў Кірыл Бяркозаў.

За мінулы год у сталіцы было канфіскавана 230 кг псіхатропных рэчываў і наркатычных сродкаў, што амаль у пяць разоў больш у параўнанні з 2022 годам. У 60 % выпадкаў пераважалі наркотыкі сінтэтычнага паходжання — альфа-PVP, мефедрон, на другім месцы — наркотыкі расліннага паходжання — гашыш, марыхуана. Кірыл Бяркозаў дадаў, што ў сталіцы рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па адпрацоўцы месцаў масавага адпачынку моладзі. Разам з аператыўнікамі ў іх удзельнічае кінолаг з сабакам. На дыскатэках, у начных клубах і іншых установах летась выяўлена 46 злачынстваў. Гэтая работа працягваецца і сёлета.

Сярэдняя працягласць работы закладчыка — 2-3 месяцы

З развіццём у сталіцы сістэмы відэаназірання, а таксама павышэння пільнасці грамадзян збыт наркотыкаў змяшчаецца за межы Мінскай кальцавой аўтадарогі. Аднак улічваючы, што насельніцтва Мінска плацежаздольнае, сюды сцякаецца вялікая колькасць збытчыкаў.

Збыт наркотыкаў цягам апошніх гадоў у 95 % выпадкаў ажыццяўляецца праз інтэрнэт.

— Як правіла, вярбоўка непаўналетніх адбываецца праз розныя месенджары, сацыяльныя сеткі. Некаторыя крамы не хаваюць, што трэба будзе раскладваць забаронены тавар, а некаторыя завуаліравана прапануюць раскладваць легальны тавар, пры гэтым абяцаючы добры заробак. Але і ў такім выпадку ўсе разумеюць, што гэта ўцягванне ў збыт наркотыкаў, — адзначае прадстаўнік сталічнай міліцыі.

Для таго каб уладкавацца кур’ёрам, перавозчыкам, закладчыкам у такія крамы, трэба прайсці працэдуру ідэнтыфікацыі асобы. Малады чалавек фатаграфуецца з вокладкай пашпарта, і толькі пасля гэтага крама прапануе яму работу на пэўных умовах.

— Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі. Але, як правіла, сярэдняя працягласць работы закладчыка-мінёра — 2-3 месяцы, і, як правіла, усе яны затрымліваюцца, — адзначае Кірыл Бяркозаў.

Ён нагадаў, што адказнасць у Беларусі за ўдзел у незаконным абароце наркотыкаў наступае з 14 гадоў, максімальнае пакаранне — да 25 гадоў пазбаўлення волі.

У прафілактычнай рабоце, акрамя міліцыі, задзейнічаны медыцынскія і установы адукацыі, служба працы і сацыяльнай абароны. І гэта дае свой вынік: у апошнія гады менш выяўляецца злачынстваў з удзелам непаўналетніх.

Органы ўнутраных спраў таксама праводзяць прафілактычную работу, пачынаючы ад выступленняў ва ўстановах адукацыі да сустрэч у працоўных калектывах. Бо выхаванне ў дзіця навыкаў супрацьстаяць прапановам незаконнага абароту наркотыкаў найперш залежыць ад бацькоў.

Два гады таму пры падтрымцы Мінгарвыканкама ў цэнтры бяспекі МНС на вуліцы Олешава, 2 у Мінску была адкрыта антынаркатычная пляцоўка. Толькі летась яе наведала 14 тысяч дзяцей і падлеткаў. Яна складаецца з двух блокаў, першы — сітуацыя ў начным клубе, другі — гісторыя асуджанага. Гэта 3D mappіng — мадэль, дзе наведвальнік візуальна трапляе ў пэўную сітуацыю і яму ў даступнай форме расказваецца пра наступствы і адказнасць.

На повадзе ў «куратараў»

Як удакладніў начальнік аддзела лінейнага працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску Аляксей Даўжонак, кожнае чацвёртае злачынства, якое здзяйсняецца ў Беларусі ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, здзяйсняецца ў Мінску. У 2023 годзе ўзбуджана 1055 крымінальных спраў, што на 24 % менш, чым у 2022 годзе. Непаўналетнія здзейснілі 12 злачынстваў, раней судзімыя — 131, асобы ў стане алкагольнага ап’янення — 32, наркатычнага ап’янення — 231, жанчыны — 52, непрацоўныя і навучэнцы — 352.

Летась следчыя падраздзяленні Мінска ўнеслі 238 прадстаўленняў у розныя арганізацыі па месцы работы і вучобы асоб, якія здзейснілі злачынствы. Па выніках разгляду пяць службовых асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

— Найчасцей да збыту наркотыкаў прыцягваюць людзей маладога ўзросту — ад 20 да 30 гадоў, а таксама непаўналетніх. Ім абяцаюць лёгкі заробак, сродкі канспірацыі, лёгкія грошы: атрымлівай вялікі аб’ём наркотыкаў, фасуй па маленькіх пакетах, раскладвай. Такія асобы ўстанаўліваюцца даволі аператыўна, ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, — адзначыў Аляксей Даўжонак. — Аналізуючы асобы правапарушальнікаў, мы прыходзім да высновы, што гэта маладыя людзі з добрых сем’яў, якія не маюць праблем з законам, у іх ёсць грошы, але разам з тым яны паддаюцца на такі лёгкі дадатковы заробак і ідуць на повадзе ў куратараў інтэрнэт-крамаў.

У якасці прыкладу прадстаўнік Следчага камітэта прывёў крымінальную справу, па якой абвінавачана 20-гадовая жыхарка сталіцы. Яна паддалася на ўгаворы адміністратараў наркашопа, скінула фота свайго пашпарта, запісала відэа, прайшла выпрабавальныя іспыты і атрымала заданне на буйную партыю наркотыкаў. Яе неабходна было забраць дадому, расфасаваць і раскласці на дробныя дозы. Забіраючы дадзены «клад», яна заўважыла, што на яе звярнулі ўвагу маладыя людзі, спалохалася, выкінула і наркотыкі, і тэлефон.

— Але «куратары» на яе выйшлі, сталі пагражаць, у тым ліку і «спортыкамі», якія яе могуць знайсці і прычыніць фізічныя пакуты. І скідвалі відэа такіх распраў у адносінах да іншых закладчыкаў. Дзяўчына падпарадкавалася, ранейшую партыю наркотыкаў не знайшла, але атрымала новае заданне: забрала яшчэ адну буйную партыю, расфасавала і падчас закладкі больш дробных доз была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, — расказаў Аляксей Даўжонак.

Самы небяспечны — метадон

У 2023 годзе крымінальных спраў, якія пацягнулі смерць, было 32 (годам раней — 46). Сярод загінулых 29 мужчын і чатыры жанчыны. Смерць наступала як ад метадону, так і ад камбінаванага атручвання, калі сумесна ўжываліся і іншыя наркотыкі.

— Адказнасць у такім выпадку нясе асоба, якая збыла рэчыва загінуламу, яна наступае па частцы 5 артыкула 328, дзе максімальнае пакаранне — да 25 гадоў пазбаўлення волі, — нагадаў Аляксей Даўжонак.

Нядаўна скончана расследаванне ў адносінах пяці ўдзельнікаў арганізаванай групы, якія пад кіраўніцтвам «куратара» ажыццяўлялі незаконную дзейнасць. Паводле прыгавору суда, ім прызначаны тэрміны ад 12 да 18 гадоў.

Таксама вынесены прыгавор па справе незаконнага абароту метадону ў буйным памеры, што пацягнула смерць па неасцярожнасці двух чалавек. Адміністратарам інтэрнэт-крамы вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 21 і 23 гады, а таксама буйным штрафам у 1000 базавых велічынь і маральнай кампенсацыяй на карысць маці аднаго з загінулых у памеры 50 тысяч рублёў.

— Скончана крымінальная справа ў адносінах маладога чалавека, ураджэнца Мінска, які працаваў у Маскве ў сферы ІT. У Беларусь ён прыязджаў, каб патраціць заробленыя грошы. У знятую кватэру запрасіў пяцярых знаёмых, маладыя людзі сумесна праводзілі час, ужывалі алкаголь, і абвінавачаны прапанаваў метадон, які загадзя набыў. Ён высыпаў рэчыва ў агульную талерку і ўсе яго ўжывалі, у тым ліку 26-гадовая дзяўчына. Пасля ўжывання некаторыя пакінулі кватэру, засталося двое маладых людзей і гэтая дзяўчына. Ёй стала дрэнна, яна пачала крычаць і бегаць. Адзін з хлопцаў спалохаўся і пакінуў кватэру, другі не звяртаў увагі, пакуль яна не страціла прытомнасць. Ён выклікаў «хуткую» і стараўся аказаць дапамогу, але дзяўчына загінула. Абвінавачваны, вярнуўшыся, пастараўся прыбраць сляды, але яны былі сабраны, і заведзена крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, якое пагражае абвінавачванаму, — 25 гадоў, — прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксей Даўжонак.

Як западозрыць ужыванне?

Ёсць некалькі прыкмет, па якіх можна зрабіць высновы, што блізкі ўжывае наркотыкі.

— Варта паглядзець тэлефон вашага дзіця: якія сайты наведвае, якія праграмы маюцца. Звярнуць увагу, ці ёсць ў яго банкаўскія карты на іншых людзей, ці ёсць у тэлефоне фотаздымкі ўчасткаў мясцовасці. Калі ў доме з’явіліся электронныя вагі, зіп-пакеты, пальчаткі, гэта сведчыць, што дзіця ўцягнута ў незаконны абарот наркотыкаў, — адзначыў Кірыл Бяркозаў.

Насцярожыць павінны і перамены ў знешнім выглядзе.

— Найперш, пашыраныя ці звужаныя зрэнкі, бледнасць скурных покрываў, праблема са сном і апетытам. Калі падлетак пачынае блытаць час сну і няспання, доўга спіць днём, можна западозрыць, што ён ужывае наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы, — дадае дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-хімік упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па горадзе Мінску, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Вольга Вяргун. — Характэрна пагаршэнне знешняга выгляду — чалавек перастае даглядаць сябе, рэдка пераапранаецца. І, вядома, змены ў паводзінах. Гэта і агрэсіўнасць, непрызнанне нормаў паводзінаў. Таксама характэрна павелічэнне расходаў, падлетак раптам пачынае прасіць наяўныя сродкі на неабгрунтаваныя пакупкі. Калі ў доме ўзнікаюць падазроныя прадметы — кубачкі, пакецікі, таксама варта насцярожыцца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.