Вы тут

Міністэрства адукацыі плануе раіцца з педагогамі і рэпетытарамі


«Глядзець на сістэму адукацыі выключна праз прызму паступлення ў ВНУ, як і ацэньваць эфектыўнасць працы педагагічнага калектыву па колькасці выпускнікоў, якія сталі студэнтамі, недапушчальна», — такую думку выказаў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, якая прайшла на базе гімназіі №1 імя Францыска Скарыны ў Мінску.


— Для мяне асабіста куды больш важна, якіх людзей мы вырасцілі? Ці падрыхтавалі іх да самастойнага дарослага жыцця? Павінна вытрымлівацца наступная формула: грамадзянін — сем'янін — прафесіянал. І калі ўсе тры складнікі ёсць у наяўнасці, значыць, школа справілася са сваёй задачай. Але менавіта выхаванне павінна стаяць на першым месцы, — дадаў міністр.

Тэмай сустрэчы, якую ініцыявала галоўнае адукацыйнае ведамства, стала абмеркаванне стварэння грамадска-кансультацыйнага савета па пытаннях адукацыі. Як зазначыў Ігар Карпенка, грамадскі савет — гэта яшчэ адна форма камунікацыі Міністэрства адукацыі з грамадскасцю: «Ён мог бы абмяркоўваць найбольш важныя сацыяльна значныя пытанні дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, маладзёжнай палітыкі, палітыкі ў галіне аховы дзяцінства, апекі і папячыцельства над непаўналетнімі».

Сярод задач, якія ставяцца перад грамадскім саветам, — аналіз практыкі прымянення нарматыўных прававых актаў і эфектыўнасці прававога рэгулявання ў згаданай сферы. Яшчэ адзін немалаважны момант — экспертыза грамадска значных праектаў дакументаў, распрацаваных Міністэрствам адукацыі. Асаблівае значэнне будзе надавацца тлумачальнай рабоце і фарміраванню пазітыўнай грамадскай думкі па пытаннях дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. Савет стане своеасаблівай пляцоўкай для вызначэння магчымых рызык, якія могуць паўстаць у сістэме адукацыі.

У яго склад увойдуць ад 20 да 25 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія знаёмыя з сістэмай адукацыі па вучобе ў школе ці ВНУ, па роду цяперашняй працы або па сваім бацькоўскім статусе: палітыкі, грамадскія дзеячы, медыйныя персоны, кіраўнікі як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, настаўнікі і рэпетытары са сталіцы і з рэгіёнаў.

Кола пытанняў, якія трэба будзе абмеркаваць у бліжэйшы час, акрэслілася вельмі хутка: гэта і прыёмная кампанія, і перакладванне бацькамі ўсёй адказнасці за выхаванне сваіх дзяцей на школу, неабходнасць удасканалення педагагічнай адукацыі...

— Калі з дзецьмі будучых настаўнікаў яшчэ вучаць працаваць, то ўзаемадзейнічанню з бацькамі, выстройванню з імі стасункаў, не вучаць. А гэта намнога складаней рабіць, асабліва сёння, у час развязанай «інфармацыйнай вайны» са школай, — выказаў свае думкі першы народны настаўнік Рэспублікі Беларусь, настаўнік фізікі з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1 Валерый БАРАШКАЎ.

Валерый Васілевіч быў першым, каго міністр адукацыі запрасіў у склад савета яшчэ як толькі ўпершыню была агучана ідэя яго стварэння.

Кіраўнік галіны таксама агучыў пытанні, на якія ён сёння спрабуе знайсці адказ.

— Я адчуваю, што ў Мінску педагогі, асабліва настаўнікі-прадметнікі, рашуча супраціўляюцца шостаму школьнаму дню.Так хто яны: педагогі або ўрокадаўцы, якія адпрацавалі свае 20 гадзін у тыдзень і пайшлі са школы? Мы ж не прымушаем усіх пагалоўна кожную суботу сядзець у школе і чакаць бацькоў. Але для іх школьная субота — часта адзіная магчымасць сустрэцца з педагогам-прадметнікам, каб падзяліцца з ім сваімі думкамі і задаць яму свае пытанні, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Хто яшчэ можа пракансультаваць бацькоў лепш, чым педагог, які бачыць поспехі і няўдачы дзіцяці штодня?

На сустрэчы была агучана прапанова запрашаць на пасяджэнні грамадскага савета таксама і вучняў, бо перш, чым штосьці за іх вырашаць, важна пачуць іх думкі і меркаванні. Але каб побач з дзецьмі не было ні дырэктараў, ні настаўнікаў з іх школ! Важна пачуць і меркаванні выпускнікоў папярэдніх гадоў, каб тыя расказалі, як іх падрыхтавала школа да дарослага жыцця і чаго ім сёння не хапае.

Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне, што ў хуткім часе будзе адпрацаваны юрыдычны статус савета і арганізацыйныя моманты. Затым адбудзецца арганізацыйны сход, які і зацвердзіць савет і яго кіруючы склад.

Ігар Карпенка паабяцаў, што Міністэрства адукацыі створыць усе неабходныя ўмовы для работы грамадска-кансультацыйнага савета па пытаннях адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Голас, што будзе пачуты

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.