Тыдняў колькі таму адміністрацыя нашай Мілашоўскай базавай школы-садка запрасіла бацькоў на сход, каб абмеркаваць там адно, але вельмі балючае пытанне — аб... ліквідацыі гэтай установы.
Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райаддзела адукацыі, фінансавыя затраты на ўтрыманне школы, якую наведваюць толькі 49 вучняў і 15 выхаванцаў садка, для бюджэту, на жаль, становяцца непад'ёмнымі. Танней атрымліваецца прыдбаць дадатковы аўтобус (адзін ужо ёсць, і возіць ён вучняў з закрытай Перабродскай школы). А нашы дзеці будуць наведваць Павяцкую сярэднюю. І ў яе ж (альбо ў школы райцэнтра) абяцаюць працаўладкаваць настаўнікаў...
Усё як быццам падлічана і прадумана, час на вырашэнне іншых арганізацыйных пытанняў, звязаных з закрыццём школы, да першага верасня ёсць. Але ж людзі ўсё роўна, мякка кажучы, занепакоены: перажываюць за дзяцей (найперш — малых, выхаванцаў садка), для якіх штодзённыя аўтобусныя пераезды стануць дадатковай фізічнай і псіхалагічнай нагрузкай, перажываюць за сваю школу яшчэ і таму, што яна, наша Мілашоўская, адна з найстарэйшых у раёне. Аб яе адкрыцці сведчаць дакументы з архіва, радкі з «Памятных кніжак Віленскай губерні».
Уражваюць і адначасова здзіўляюць такія лічбы: у 1886 г. у школе (тады яна называлася народным вучылішчам) налічвалася ўсяго 16 вучняў (хлопчыкаў). І сродкі для іх навучання, для аплаты працы настаўніка і святара былі.
Школа працягвала працаваць і «за панскай Польшчай» у 1921—1939 гадах, і за «тымі», як у нас казалі, саветамі ў 1939—1941 гадах... Нават у гады вайны і ў ліхія пасляваенныя, нягледзячы ні на што, дзеці там вучыліся...
Для мяне асабіста гісторыя школы — гэта яшчэ і гісторыя сям'і. Мой дзед і мой бацька (дарэчы, яго аднакласнікам быў генерал-лейтэнант Санкоўскі, імем якога названа адна з вуліц у Баранавічах) выпускнікі нашага народнага вучылішча. У розныя часы, але менавіта тут вучыліся ўсе пяць маіх сясцёр і брат.
Я заканчваў Мілашоўскую ўжо сямігодку ў 1959-м, а з 1967-га і да выхаду на пенсію працаваў там настаўнікам фізкультуры, гісторыі і музыкі.
...Шкада школу. І не толькі яе. Не мной заўважана — гэта як правіла: пасля ліквідацыі сельскіх школ замірае жыццё ў саміх вёсках. Але ж у нас — аграгарадок Ідолта, толькі за апошнія гады тут пабудавана каля 40 так званых прэзідэнцкіх дамоў. І што будзе далей?
Альфрэд Тычко, в. Ідолта, Мёрскі раён
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».