Вы тут

Як заканатворцы могуць дапамагчы інтэграцыі?


У адзіночку ў сучасным глабалізаваным свеце не выстаіш. Таму, каб больш паспяхова развівацца, краіны мусяць інтэгравацца з іншымі, суадносячы ўласныя эканамічныя, заканадаўчыя працэсы з краінамі-партнёрамі. Для Беларусі, сярод іншых аб'яднанняў, ключавымі выступаюць Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, а таксама Еўразійскі эканамічны саюз. Але і тут не абыходзіцца без хібаў рознага плану, у тым ліку заканадаўчых. Якім чынам іх варта ліквідаваць?


Ала БОДАК, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— Падчас адкрыцця другой сесіі Савета Рэспублікі, акрамя асноўных задач, якія і без таго закладзены ў плане работы камісіі, Міхаіл Мясніковіч агучыў тыя, на якія варта скіраваць увагу. Адна з іх — уніфікацыя і гарманізацыя ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Задача ўсіх структур Саюзнай дзяржавы і асабліва яе Парламенцкага сходу — гэта збліжэнне нацыянальных заканадаўстваў у мэтах стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і ўраўнаважанне правоў грамадзян Беларусі і Расіі. Сэнс уніфікацыі і гарманізацыі заключаецца ў тым, каб нацыянальныя заканадаўствы мелі максімальна падобныя падыходы да прававога рэгулявання. У нашых суб'ектаў гаспадарання яшчэ з савецкіх часоў засталіся эканамічныя, асабістыя сувязі. Для таго каб ім было прасцей працаваць на сумесным рынку, трэба пастаянна збліжаць заканадаўчую базу. Гэта датычыцца і прызнання адукацыйных дакументаў, у тым ліку ў сферы вышэйшай адукацыі і навуковай сферы, і рэалізацыі права на ахову здароўя. Я з'яўляюся намеснікам старшыні Камісіі па заканадаўстве і рэгламенце Саюза Беларусі і Расіі, і для нас важна выпрацаваць такі механізм, які б стаў універсальным для любой сферы і эфектыўна працаваў.

Што датычыцца Еўразійскага эканамічнага саюза, то тут гаворка ідзе ўжо пра пяць удзельнікаў аб'яднання. У ім няма парламенцкага вымярэння, але ёсць хібы ў заканадаўстве, якія яшчэ належыць выправіць. Сумесна з Саветам Міністраў, які адказвае за дадзены кірунак, мы будзем садзейнічаць гэтай рабоце.

Трэба зазначыць, што такая праца праводзіцца не з чыстага ліста, а вядзецца нашай камісіяй даўно.

Таксама адным з важных для нас кірункаў з'яўляецца садзейнічанне стварэнню больш камфортных умоў для вядзення бізнесу. Адзін з членаў Савета Рэспублікі бярэ ўдзел у рабочай групе па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу, якая створана распараджэннем Прэзідэнта. З нашым удзелам ён прадставіў пісьмовыя прапановы, якія ўжо былі ўнесены ў частцы ўдасканалення інвестыцыйнай дзейнасці, занятасці насельніцтва, аптымізацыі юрыдычнай адказнасці ў сферы бізнесу. Гэта аптымізацыя мер адказнасці за шэраг эканамічных злачынстваў, увядзенне адміністрацыйнай прэюдыцыі ў дачыненні да тых учынкаў, якія сёння з'яўляюцца эканамічнымі злачынствамі, перавод іх у разрад адміністрацыйных правапарушэнняў. Мы прапануем прыдаць новы характар норме Крымінальнага кодэкса, якая кажа пра тое, што эканамічна абгрунтаваная рызыка з'яўляецца падставай для вызвалення ад крымінальнай адказнасці. Норма павінна рэальна працаваць. Меры юрыдычнай, крымінальнай, адміністрацыйнай адказнасці варта паляпшаць нараўне з мерамі па лібералізацыі парадку вядзення бізнесу. Гэта трэба рабіць адначасова.


Рыгор БЫСЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Задачай камісіі з'яўляецца далейшае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку з краінамі дальняй дугі, такімі як, напрыклад, Кітай, Іран і іншыя. На нядаўнім пасяджэнні камісіі мы абмяркоўвалі перспектыву бязвізавага рэжыму з Аргенцінай. У нас ужо створана дэпутацкая група па падрыхтоўцы гэтага пытання, чакаецца, што аргенцінскія калегі ў хуткім часе таксама сфарміруюць групу з членаў парламента і пачнецца прадметны абмен інфармацыяй. Таксама на парадку дня застаецца выпрацоўка дакументаў па ўдакладненні дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза.


Алег РУМО, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Мы вельмі спадзяёмся, што Еўразійскі эканамічны саюз нарэшце пачне прыносіць карысць нашай краіне, што ўсе дамоўленасці, якія былі дасягнуты, будуць рэалізаваны. Мы пазбавімся ад абмежаванняў і будзем сапраўды на роўных гандляваць з нашымі партнёрамі. Акрамя таго, мы спадзяёмся, што кантакты ў гуманітарнай сферы яшчэ больш умацуюцца і разаўюцца, таму што гэта таксама вельмі важны складальнік любога міжнароднага супрацоўніцтва. Я маю на ўвазе ўсё: ад культуры, навукі, аховы здароўя, адукацыі і да асабістых, чыста чалавечых кантактаў. Менавіта таму дапрацоўкі патрабуе заканадаўчая база ЕАЭС, над чым мы і будзем працаваць.


Ніна ЖАЛЯЗНОВА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— У членаў камісіі ёсць свае вытворчыя аб'екты і сферы дзейнасці, і кожны будзе працаваць у сваёй сферы ў рамках інвестыцый. Я, як кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства, вывучаю гэта пытанне ў сваім кірунку. Трэба думаць, якія павінны прыйсці інвестыцыі, каб правільна выкарыстоўваць пэўны рэсурс. Да патэнцыйнага інвестара трэба ставіцца вельмі ўважліва: адна справа, калі ён проста набывае абсталяванне, але іншая — калі навязвае сваю тэхналогію. Ці заўсёды яна адпавядае таму, што хочам мы для сваёй зямлі? Таму мы вельмі ўважліва прапрацуем менавіта аспект інвестыцый.

Загаловак у газеце: У дапамогу інтэграцыйным працэсам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.