Вы тут

Калінкавіцкі раён гатовы прапанаваць новае працоўнае месца кожнаму


Раён знаходзіцца ў цэнтры Гомельскай вобласці. Замежжа недалёка, Мінск таксама — размяшчэнне спрыяе развіццю тэрыторыі, але і адцягвае кадры. Старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Іван ПІЛІПЕЦ расказаў, чым мясцовыя ўлады зацікаўліваюць жыхароў заставацца на малой радзіме.


— Каб людзі не з'язджалі, неабходна даць ім магчымасць працаваць. Колькі новых працоўных месцаў створана апошнім часам?

— Летась у эканоміку раёна было інвеставана 75 млн рублёў і створана 194 працоўныя месцы. Гэта на 54 больш, чым планавалася. За першы квартал 2017 года аб'ём інвестыцый склаў 22 млн рублёў, створана 61 працоўнае месца. Людзей уладкоўваем і на новыя, і на дзеючыя прадпрыемствы. Вядома, хацелася б адкрыць і буйную вытворчасць — мы прапаноўваем пад яе плошчы, але пакуль пакупнікоў не знайшлі.

У мінулым годзе больш за 50% створаных месцаў былі ў галіне гандлю. Узровень беспрацоўя на 1 мая 2017 года склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Год таму на 307 беспрацоўных было 264 вакансіі. Цяпер сітуацыя змянілася. У нас зарэгістраваны 264 беспрацоўныя, і ім прапанавана 278 працоўных месцаў. Пачынаючы са студзеня мы правялі восем міні-кірмашоў вакансій у сельсаветах і адзін буйны — у раённым цэнтры. На ім прысутнічала 28 арганізацый, гатовых наняць новых супрацоўнікаў. Грамадзяне маглі пакінуць сваё рэзюмэ і атрымаць інфармацыю аб вакантных пасадах. Мы таксама прапаноўвалі кансультацыі па юрыдычных пытаннях у адкрыцці сваёй справы і па арганізацыі навучання па запатрабаваных прафесіях.

— І многія адважваюцца адкрыць свой бізнес?

— У Калінкавіцкам раёне 1279 суб'ектаў малога бізнесу, з іх — 950 індывідуальных прадпрымальнікаў. Летась было зарэгістравана 145 новых ІП і 15 юрыдычных асоб. Пераважна яны з'явіліся ў сферы паслуг і гандлі. Напрыклад, «КСТСтрой» займаецца будаўніцтвам, і, дарэчы, на ім было створана 22 новыя працоўныя месцы. Развіццё малога бізнесу — перспектыўна для раёна. Мы можам даць пад яго маёмасць, якая цяпер выкарыстоўваецца неэфектыўна. Сёлета мы прадалі ізаляванае памяшканне ў горадзе, якое амаль дзесяць гадоў не эксплуатавалася. Аб'ект пасля рэканструкцыі плануецца выкарыстоўваць пад сферу паслуг, стварыць там 15 працоўных месцаў. Увогуле летась мы прадалі аб'ектаў на 140 000 рублёў. Вопыт паказвае, што людзям гэта цікава, калі прапанаваць добрыя ўмовы. Прадпрыемства «Усходні пекар» у 2015-м набыло будынак у былым вайсковым гарадку Бабровічы і пераехала туды з Мінскай вобласці. Сёлета заснавальнік арганізаваў у адрамантаваным будынку вытворчасць хлебабулачных вырабаў, створана шэсць працоўных месцаў.

— Пра што пытаюцца жыхары раёна падчас прамых тэлефонных ліній?

— Часам нашы грамадзяне пытаюцца пра выдзяленне зямельных участкаў. Мы прадалі больш за сто аб'ектаў нерухомасці ў раёне пад розныя мэты. У кагосьці атрымалася вядзенне бізнесу, у кагосьці не. Тут ужо залежыць ад гаспадара. З пачатку гэтага года па прамых тэлефонных лініях нам паступіў 41 зварот. У асноўным людзі цікавяцца прыборкай вуліц, рамонтам жыллёвага фонду, дарожнага пакрыцця, часам пытаюць пра разлікі за жыллёва-камунальныя паслугі і аплату за здадзенае малако. Большасць пытанняў вырашаем аператыўна.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Працы больш, чым ахвотных

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.