Вы тут

Новае — у краязнаўчай публіцыстыцы


Нядаўна ў рады Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялі вядомага ў краіне чалавека, вядомага прадпрымальніка Міхаіла СУПРУНОВІЧА. Прынялі па секцыі публіцыстыкі за кнігу «Спяшайцеся рабіць дабро». І вось да чытача прыйшла яго новая кніга — «Новыя Навасёлкі».


Літаратар простымі словамі, шчыра і пранікліва, расказвае пра сваю родную вёску — Новыя Навасёлкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Прыгожа аформленае, выкананае на высокім мастацкім, паліграфічным узроўні выданне пабачыла свет у мінскім кніжным выдавецтве «Форум».

З прадмовы Міхаіла Супруновіча да сваёй сапраўды спавядальнай працы, якая з’яўляецца працягам яго шчырага, сардэчнага стаўлення да роднага паселішча праз дзейсныя справы, праз падтрымку жыцця ў гомельскай глыбінцы: «У сваёй кнізе ўспамінаў «Спяшайцеся рабіць дабро» (Мінск, 2021) я прывёў сведчанні з энцыклапедыі пра тое, што мая родная вёска Новыя Навасёлкі існуе з пачатку 1920-х гадоў, а размешчаныя поруч Навасёлкі (старыя), адкуль і выйшлі нашы прашчуры, вядомыя з канца XVIII стагоддзя. Аднак пасля дадатковай працы ў архівах высветлілася, што Новыя Навасёлкі былі адбудаваны ў 1939 годзе, а Навасёлкі ля рэчкі Іпа згадваюцца пад 1552 годам. Гэта стала адной з прычын, па якой я вырашыў працягнуць свае даследванні і аповяд пра нашу малую радзіму. Узіраючыся ў глыбіню стагоддзяў, бачу, што ў гісторыі гэтых вёсак, як у люстэрку, адбіты няпросты, велічавы, шматпакутны і гераічны лёс усяго беларускага народа. Гэта і вызначыла характэрныя рысы навасёлкаўцаў: адкрытасць і добразычлівасць, працалюбства і трываласць у баі з ворагам, здольнасць пераадольваць цяжкасці і спачуванне да чужой бяды. З пражытамі гадамі па-сапраўднаму думаеш і разумееш, наколькі дарагія табе бацькоўская хата, вуліца, рэчка, палеткі і лес за ваколіцай, дзе прайшлі тваё дзяцінства і юнацтва...»

Кніга «Новыя Навасёлкі» складаецца з двух асноўных раздзелаў — «Зямля і людзі» і «Другая маладосць прыходзіць да тых, хто першую збярог». Аўтар кнігі выбраў сваю ўласную манеру знаёмага і адкрытага, занатаванага ім матэрыялу пра жыццё вяскоўцаў. Як упарты даследчык-шукальнік Міхаіл Супруновіч ідзе па роднай вёсцы. Ад адной хаты да другой хаты. Нікога не мінае Міхаіл Андрэевіч. Гэта для нас, чытачоў, такое падарожжа з’яўляецца віртуальным, а публіцыст падыйшоў да кожнага дома, сустрэўся з яго насельнікамі, зазірнуў у сямейныя альбомы, спярша выслухаў, а следам і распытаў пра саміх суразмоўцаў, пра змены ў іх жыцці за апошнія дзесяцігоддзі, усё, што здолелі, яны ўспомніць, занатаваў і з жыцця іх папярэднікаў, блізкіх людзей. У кнізе нязмушана выкладаецца сацыяльна-побытавая гісторыя кожнай сям’і, а значыць разам тчэцца адзінае палатно жыцця вёскі Новыя Навасёлкі праз многія гады. «Гісторыя Новых Навасёлак, створаных у пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны, у трэцім дзесяцігоддзі новага XX стагоддзя, вырастала з гсіторыі краіны і чалавечых лёсаў, — піша Міхаіл Андрэевіч. — Уласна кажучы, жыццё нашых вяскоўцаў — і ёсць гісторыя самой вёскі. Вёскі, якой яшчэ няма і стагоддзя. Сяляне з вуліцы Сялянскай! Праўда, яшчэ пару чалавек інтэлігенцыі, выхадцаў з нашых жа сялян. У аснове ўклада жыцця — хрысціняскія каштоўнасці, сэнс і сутнасць усяго існавання. І ўсё ж, якімі б падобнымі ні былі чалавечыя лёсы, кожны — унікальны. Што ні хата, то свой непаўторны свет...»

Памагатым у нашым віртуальным падарожжы па Новых Навасёлках выступае багаты ілюстрацыйны матэрыял. Фотаздымкі суправаджаюць аўтара ва ўсіх сустрэчах з землякамі. Міхаіл Андрэевіч распытвае людзей, размаўляе з імі каля падворкаў і каля іх хат, разам ідзе па роднай вёсцы, выслухоўвае не толькі іх цяпер ужо гістарычныя згадкі, але і занатоўвае іх сённяшнія клопаты. А як цікава разглядаць старыя здымкі перадавікоў 9-й пяцігодкі (1971 — 1975) брыгады в. Новыя Навасёлкі саўгаса «Каплічы»! Адкрытыя, шчырыя твары землякоў — даярак, цялятніцы, трактарыста, шафёра, газаэлетразваршчыка і нават мужчыны-дояра. Цяпер ужо ніхто і не згадвае такую форму ідэалагаічнай, выхаваўчай працы з людзьмі. Хіба што яшчэ ў райцэнтрах і ў буйных прамысловых калектывах вісяць Дошкі гонару... А між тым, шкада. Людзям заўсёды патрэбна ацэнка іх працы...

Многія дэталі з успамінаў землякоў Міхаіла Супруновіча варта сённяшнім дзецям, школьнікам прачытаць, хаця б дзеля таго, каб паспрабаваць зразумець, які шматпакутны і доўгі шлях пройдзены беларусамі да сённяшняга дабрабыту. З успамінаў стрыечнай сястры аўтара — Марыі Іванаўны Шэлег: «...Падзеі сіроцкага дзяцінства з гадамі сціраюцца ў памяці, блытаюцца перыяды, што і за чым ішло. Жылі мы з братам Васілём пасля смерці бацькоў у дзеда Іосіфа. Але памерла бабуля Домна. І дзед узяў, як гаварылі ў той час, другую жанчыну. Яна была другой ва ўсім. Нас вызначылі ў дзіцячыя дамы. Мяне ў Даманавіцкі (здаецца, гэта была вялікая вёска Камуна), а брата, паколькі ён быў яшчэ дашкольнікам, у дзетдом у Мазыры. І так атрымалася, што нас раздзялілі з ім надоўга.

Там я вучылася. Гэта быў прыкладна 1946 год. Мы знаходзілі бульбяныя ачысткі на памыйніцы, сметніку: калі мылі, а калі і нямытымі наклеім іх на гарачыя дзверцы пячуркі-групкі, яны крыху падпякуцца і ядзім.

Памятаю, дадуць кавалак хлеба на тыдзень, пакладзеш у кішэню, а пасля шчыплеш па крошках, толькі б голад крыху заглушыць. Летам лягчэй было. Ягады, траву елі. Нацягаем сцяблін аеру, ён тоўсты, сакавіты. Так і выжывалі. Нават памятаю суп з чарвякамі, гарохавы, здаецца. Елі , а што было рабіць? Вакол бядната. Людзі з зямлянак толькі выбіраліся...»

У кнізе — і этнаграфічныя дэталі, згадкі пра вясковыя мянушкі. Вельмі цікавым падаецца расповяд вясковай настаўніцы Валянціны Аляксееўны Ус. Сталага веку жанчына не проста ўспамінае, а параўноўвае часіны, дзеліцца звычайнымі, здавалася б, фактамі, а разумееш, што праз іх мы атрымліваем крынічную, шчырую інфармацыю пра тыя ці іншыя сацыяльныя, грамадскія з’явы, пра тое, што ўплывала і працягвае ўплываць на развіццё грамадства. І ў папярэднія дзесяцігоддзі, і таксама ў сённяшнія дні.

Якраз гэта і прыцягвае ў кнізе Міхаіла Супруновіча «Новыя Навасёлкі» — спавядальнасць, шчырасць, адкрытасць яго суразмоўцаў, надзвычайнае жаданне публіцыста разгаварыць землякоў. Веданні самога аўтара і яго блізкіх людзей, проста аднавяскоўцаў паказваюць узровень грамадзянскага стаўлення да жыцця не толькі ў адной далёкай і невядомай для большасці чытачоў вёсцы на Гомельшчыне, у Калінкавіцкім раёне, а яшчэ і ўзровень стаўлення да сацыяльных, грамадска-палітычных працэсаў. У тэксце прысутнічае галоўнае — тое, што спрыяе чалавеку заставацца чалавекам.

Міхаіл Супруновіч — не просты летапісец, публіцыст-аглядальнік вясковага жыцця, ён яшчэ і дзейсны памагаты ў справе падтрымання жыцця ў Новых Навасёлках, захавання памяці пра сваю вёску-радзініцу. Літаратар пражывае аднымі клопатамі з людзьмі, з якімі ці то сам даўно знаёмы, ці то яны з’яўляюцца дзецьмі, унукамі яго даўніх суседзяў.

Можна смела, без перабольшвання, заўважыць, што створаная М. Супруновічам кніга — добры ўзор краязнаўчай публіцыстыкі, напамін многім гараджанам, што выйшлі яны з вёскі, што проста абавязаны нешта вартае зрабіць для захавання Вясковай Атлантыды, а значыць — і нашай роднай Айчыны, нашай Беларусі.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.