Вы тут

На МАЗе сабралі «мега-пыласос»


Магутную машыну для прыборкі гарадскіх вулічных дарог стварылі на Мінскім аўтазаводзе. Упершыню яна была прадэманстравана на форуме WаstеTесh-2017 па кіраванні адходамі, прыродаахоўных тэхналогіях і аднаўляльнай энергетыцы, што праходзіў на мінулым тыдні ў Маскве.


Унікальная падмятальна-прыбіральная машына МАЗ-5917В2-F10 сабрана сумесна з нямецкімі партнёрамі. Яна спраўляецца практычна з любым дарожным пакрыццём, прычым за раз здольная ачысціць палатно шырынёй у 2,3 метра. «Мега-пыласос» таксама ўвільгатняе паверхню і збірае пыл. Машына атрымлівае каманды з пульта непасрэдна ў кабіне. Звонку таксама прадугледжана дадатковая панэль кіравання, якая знаходзіцца паміж кабінай і кузавам. Акрамя таго, яна гатовая да любых умоў эксплуатацыі: можа быць аднолькава эфектыўная як у паўднёвых краінах, так і ў паўночных рэгіёнах.

«Узаемадзеянне з нямецкім вытворцам дазволіла нам стварыць адну з найлепшых падмятальна-прыбіральных машын у сваім класе. З яе дапамогай можна вырашаць практычна любыя задачы па прыбіранні дарог у населеных пунктах. Тым самым мы не толькі пашыраем асартымент тэхнікі МАЗ, але і ўмацоўваем свае пазіцыі ў перспектыўных сегментах рынку спецтэхнікі», — адзначылі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода. Вядома, што новая мадэль зможа знайсці прымяненне не толькі ў Беларусі. Машыну плануецца пастаўляць у Расію і іншыя краіны СНД. Акрамя таго, яна, магчыма, зоймецца і ачысткай еўрапейскіх гарадоў.

Акрамя падмятальна-прыбіральнай машыны, МАЗ паказаў смеццявоз МАЗ-590314-N10 і каналапамывачную машыну МАЗ-4926W2-L30. Смеццявоз выпушчаны сумесна з галандскімі партнёрамі. Яго можна выкарыстоўваць для збору як дробных адходаў, так і буйнагабарытных матэрыялаў. Сярод інавацый — спецыяльная надбудова з задняй
загрузкай і вельмі магутным прэсам, здольным сціскаць любыя прадметы. Калі ў звычайным смеццявозе каэфіцыент ушчыльнення вар'іруецца ад дзвюх з паловай да шасці адзінак, то ў новай машыне можа дасягаць рэкордных сямі. Другая машына створана сумесна з дацкай кампаніяй. Яна здольная прамываць і чысціць ліўневыя і гаспадарча-бытавыя каналізацыйныя сеткі дыяметрам да 600 мм. Для прамывання выкарыстоўваецца помпа высокага ціску, якая накіроўвае ў каналізацыю струмень вады пад ціскам да 160 атмасфер. Навінкі ўжо ў хуткім часе могуць з'явіцца ў Беларусі і іншых краінах свету.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.