Вы тут

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага


Спартыўных поспехаў яна пачала дасягаць рана. У 2012-м, калі Ванесе было ўсяго 19, трапіла на сваю першую Алімпіяду, потым стала чэмпіёнкай свету па вольнай барацьбе, але не пабаялася пакінуць спорт, каб нарадзіць дзіця. Праблемы са здароўем, якія паставілі пад пагрозу яе спартыўную кар'еру, узніклі пасля вяртання на барцоўскі дыван, але і з імі дзяўчына справілася. Сёлета ў маі спартсменка дадала да ўжо наяўных званняў перамогу на чэмпіянаце Еўропы. У інтэрв'ю Ванеса расказвала, дзеля чаго кожны дзень пераадольвае цяжкасці і ці складана выхоўваць дзіця ў рэжыме нон-стоп.


— Давайце пачнем з вашага імя, досыць рэдкага для Беларусі...

— Яго далі мне бацькі, яны ў мяне трэнеры па спартыўнай гімнастыцы. Тата быў на зборах у Бельгіі, у той камандзе была дзяўчынка Ванеса. Яму спадабалася гэтае імя, калі прыехаў дадому, расказаў маме. Ёй яно таксама прыйшлося даспадобы, так і вырашылі мяне назваць. Чытала недзе, што «ванеса» — гэта від матылька, нейкага больш канкрэтнага значэння я не знайшла.

— Чаму вы не выбралі від спорту, якому ўсё жыццё аддалі бацькі?

— Я пачынала займацца спартыўнай гімнастыкай у мамы, потым яе звольнілі, а тата з'ехаў з Бабруйска працаваць трэнерам у Аўстралію. Таму перайшла ў іншы від спорту — барацьбу. Спачатку, вядома, не думала, што гэта перарасце ў нешта большае, чым хобі. У той час яшчэ хадзілі з сястрой на танцы, і вось якраз іх я разглядала як будучую прафесію. Але, калі пачаліся спартыўныя зборы, вядома, я ўжо не магла сабрацца і паехаць на канцэрт.

— Поспехі ў барацьбе да вас прыйшлі даволі хутка...

— У дзяцінстве ў Беларусі не прайгравала ні разу, цяпер, дарэчы, таксама. Паехала на першы чэмпіянат Еўропы сярод кадэтаў і там пацярпела паражэнне першы раз у жыцці, таму добра запомніла гэты момант. А вось калі прыехала на гэты ж турнір ужо праз год, заваявала сярэбраны медаль. Пачала атрымліваць невялікія грошы, а для чалавека ў 16 гадоў гэта нядрэнны стымул.

— Памятаеце, куды патрацілі свае першыя прызавыя?

— Купіла ноўтбук, праўда, у растэрміноўку, хацелася, каб засталіся яшчэ грошы на дробныя выдаткі, прысмакі і гэтак далей.

— У 19 гадоў вы трапілі на Алімпіяду, уражанняў было шмат?

Адзін раз пабываўшы там, заўсёды хочацца вярнуцца. Гэта асаблівыя спаборніцтвы, іх нельга параўнаць ні з чэмпіянатам свету, ні з чымсьці яшчэ. Усе найлепшыя спартсмены з усіх краін збіраюцца ў адным месцы.

У Лондане, на сваёй першай Алімпіядзе, я стала восьмай, напэўна, не хапіла вопыту. Цяпер ужо хочацца большага, спадзяюся, у мяне яшчэ будзе шанц вярнуцца з алімпійскім медалём.

— Пасля Гульняў-2012 быў чэмпіянат свету, які вы выйгралі.

Так, і гэта накладвала на мяне пэўную адказнасць і з боку балельшчыкаў, і з боку кіраўніцтва спартыўнай галіны. Да таго ж выходзіць на паядынкі стала больш складана, бо саперніцы сталі настройвацца на мяне па-іншаму. Але неўзабаве я ўсім паднесла невялікі сюрпрыз — пайшла ў дэкрэт (усміхаецца).

— Не страшна было ўпусціць поспех, да якога толькі прыйшлі?

— На той момант — не. А цяпер, ведаючы ўсё тое, праз што мне давялося прайсці, каб вярнуцца, было б страшна. Тады я ўсё бачыла ў вясёлкавых колерах, напэўна, як і большасць цяжарных. Да таго ж была вельмі маладая і нават думкі не дапускала, што не вярнуся ў вялікі спорт. Але, як высветлілася, зрабіць гэта вельмі складана, пры чым не столькі фізічна, колькі маральна, бо ў чалавека ўсё ідзе ад галавы. Я пакінула барацьбу з псіхалогіяй пераможцы, а вярнулася, калі ўсе пра мяне ўжо крыху забыліся.

— Як змянілася жыццё пасля нараджэння дзіцяці?

— Кардынальна. Вядома, трэба было цалкам перабудоўваць свой графік. Дапамагалі ўсе — і муж, і бацькі. Я пачала трэніравацца ўжо праз месяц пасля родаў, калі арганізм трохі адышоў ад стрэсу. Вядома, не па поўнай нагружала сябе (цяпер так выглядае мая зарадка), а тады здавалася, што гэта паўнавартасная трэніроўка. Месяцы праз тры пачала выходзіць на дыван і бароцца.

Цяпер часам бяру сына з сабой на трэніроўкі і зборы, ён у мяне вырас кампанейскім, лёгка знаходзіць агульную мову з маёй камандай. Савелію ўжо амаль чатыры гады. Ён, дарэчы, ведае пару прыёмчыкаў, якім навучылі хлопцы з каманды. Ужо і з мамай спрабуе бароцца (смяецца).

—- Праз год пасля вашага вяртання ўзніклі праблемы са здароўем...

— Так, са шчытападобнай залозай. Мне забаранілі трэніравацца, не кажучы ўжо пра ўдзел у спаборніцтвах. Было вельмі складана, я не ведала куды кінуцца, каго прасіць аб дапамозе. На таблетках выйсці з сітуацыі не атрымлівалася, сказалі, трэба аперыравацца. Мяне страшыў гэты варыянт, таму што я яшчэ маладая, але як далей жыць і трэніравацца без шчытавідкі? Дома ўсё роўна, вядома, трэніравалася, не сядзець жа на месцы, каб потым зноў усё пачынаць з нуля. На нейкі момант ахапіла роспач, здавалася, больш я не вытрымаю. Пазней усё ж такі вырашылі праблему з дапамогай таблетак, зараз падтрымліваю патрэбны баланс гармонаў не забароненымі ў спорце прэпаратамі.

— Дзеля чаго спартсмены ідуць на такія ахвяры, рызыкуючы самым галоўным — здароўем?

— Алімпіяда! Мне хацелася б паказаць вынік менавіта там. Пасля нараджэння дзіцяці, вядома, у галаве нешта змянілася, цяпер хочацца сябе часам пашкадаваць. Асабліва калі Савелій падыходзіць да мяне на трэніроўцы і кажа: «Мама, давай пагуляем, ну што ты ўсё трэніруешся, ты ж стомішся». Аднак кожны спартсмен разумее, што гэта патрэбна толькі яму, і нікому больш. Нас жа ніхто не прымушае рвацца, не хочаш — не рабі. Але я разумею, што, пакуль ёсць магчымасць, здароўе і ўзрост дазваляюць, — лепш зрабіць, таму што ўсё астатняе я паспею потым.

— Галоўная мэта ў спорце — алімпійскі медаль, а ў жыцці?

— Я б хацела, каб Савелій вырас годным чалавекам, а гэта перш за ўсё залежыць ад выхавання. Ад нашых адносін з мужам Міхаілам, бо дзеці ўсё заўважаюць, таму выхоўваць трэба ў першую чаргу сябе.

— Афіцыйна вы не замужам, штамп у пашпарце не мае для вас значэння?

— Пакуль на гэта проста няма часу, а наогул я б, вядома, хацела быць нявестай, зладзіць вялікае свята з гасцямі і віншаваннямі.

— Што вы больш за ўсё цэніце ў мужчыне?

— Якой бы моцнай ні была дзяўчына, побач з мужчынам заўсёды хочацца адчуваць сябе слабай, таму для мяне галоўнае — характар. Адзін з паказальных момантаў: быў час, калі мы з Мішам трэніраваліся разам, я была яшчэ зусім маленькая, але нас усё роўна ставілі ў пару. Дык вось, нават калі я ўкладвала ў барацьбу ўсе свае сілы, ён ніколі мне не паддаўся. Для мяне ён сапраўдны мужчына і апора па жыцці.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.