Вы тут

Як выбраць півоні?


Нягледзячы на тое, што саджаць півоні лепш за ўсё ў канцы жніўня, выбар сорту звычайна робяць у пачатку лета. Шматлікія сарты бываюць прадстаўлены ў зрэзцы, каб прасцей было зрабіць выбар.


Не мець у садзе півонь, валодаючы пры гэтым адпаведнымі ўмовамі для іх росту — добрым асвятленнем, суглінкавай глебай і ўмеранай вільготнасцю, — нават дзіўна. Хіба што ружы могуць супернічаць з півонямі па прыцягальнасці. Акрамя таго, іх нескладана даглядаць — таму смела выбірайце прыдатныя па колеры і форме сарты і восенню прыступайце да пасадкі!

Розныя і выдатныя

Дзве найбольш эфектныя групы півонь, распаўсюджаныя ў нас, — гэта травяністыя і дрэвападобныя. Лідар па папулярнасці — травяністая півоня — з'явіўся ў Еўропе яшчэ ў XІІ стагоддзі. Яна выдатна пераносіць нашу зіму з яе непрадказальнымі адлігамі і маразамі. Сакрэт устойлівасці вельмі просты: уся надземная частка травяністай півоні адмірае на зіму, а корань застаецца зімаваць у зямлі. Ён амаль не патрабуе ўкрыцця — толькі ў першы год пасля пасадкі. Па вясне зноў з'яўляюцца чырвоныя парасткі, якія растуць з пупышак аднаўлення, што знаходзяцца ў зямлі. І за лета півоня ператвараецца ў пышны куст вышынёй каля метра, упрыгожаны велізарнымі кветкамі з духмяным водарам. На адным месцы травяністыя півоні могуць добра цвісці не менш за 10 гадоў (звычайна 25—30 гадоў, але ёсць даныя, што півоня можа расці і цвісці на адным месцы без перасадкі каля 70 гадоў).

У ландшафтным дызайне таксама папулярны півоні дрэвападобныя. Яе сартоў — каля 500. Парасткі такой півоні, як можна здагадацца з назвы віду, дзервянеюць за лета і на зіму не адміраюць. Таму ўзімку яны могуць пацярпець: у халодны час года іх абавязкова трэба ахутваць яловым лапнікам, будуючы невялікі «намёт» над кустом. Куст дрэвападобнай півоні можа дасягаць паўтара-двух метраў у вышыню, хоць у нашай паласе звычайна вырастае не такім высокім.

Лепш за ўсё півоні выглядаюць у садзе на фоне дагледжанага газона. Увесну ўдалыя кампаньёны — дробнацыбульныя кветкі. Невялікія групы цюльпанаў або нарцысаў паміж кустамі півоні — таксама добрае рашэнне. Месцы з адцвілымі цыбульнымі прыкрыюцца разрослымі півонямі.

Парада: змяшчаючы цюльпаны паблізу ад півонь, не забывайце, што іх трэба штогод выкопваць і саджаць зноўку — пры гэтым важна не пашкодзіць карані і пупышкі півоні ў зямлі.

Куды і як пасадзіць

Правільна выбірайце месца пасадкі: узровень грунтовых вод не павінен быць бліжэй за 1 м. Півоням патрэбна сонечнае месца, суглінкавая глеба і добры дрэнаж. Прыцяненне ад дрэў без шкоды для цвіцення магчыма толькі ў другой палове дня — у цені півоні будуць дрэнна развівацца і слаба цвісці. Іх трэба саджаць на некаторым аддаленні ад дома (не менш за 2 метры) і вялікіх дрэў і кустоў (не менш за 1,5 метра). Выбірайце зацішнае месца. Гэта ў першую чаргу важна, каб падоўжыць цвіценне. Інакш пялёсткі кветак папросту абсыплюцца пры моцным ветры.

Рэдка калі півоні цвітуць на наступны год пасля пасадкі. Ды і вопытныя садоўнікі патрабуюць выдаляць кветкі першага года (ці нават двух першых гадоў), каб не аслабляць малады куст цвіценнем. Інакш на наступны год ён можа зусім не даць бутонаў. Затое пры правільным доглядзе ў першы год куст півоні паступова будзе ўсё больш і больш разрастацца, а з кожным наступным годам — пышней і пышней цвісці. Калі гэтага не адбываецца, значыць, пры пасадцы была дапушчана памылка: беднае цвіценне або яго поўная адсутнасць кажа пра няправільную пасадку.

Хоць кусцік півоні для пасадкі звычайна невялікі, яма для яго павінна быць памерам не меншая за 70 см глыбінёй і шырынёй! Дно запаўняецца дрэнажом, затым насыпаецца сумесь зямлі, кампосту, торфу і ўгнаенняў: 150—200 г суперфасфату. Замест суперфасфату можна выкарыстоўваць 300—400 г касцяной мукі або попелу. Добры кусцік для пасадкі павінен мець 4—5 пупышак і столькі ж каранёў. Важна, каб самая верхняя з іх была не глыбей (і не вышэй) за 3—5 см ад паверхні глебы.

Які сорт выбраць

Звярніце ўвагу на тэрміны цвіцення сартоў. Травяністыя півоні цвітуць з пачатку чэрвеня. Расцягнуць задавальненне можна за кошт пасадкі сартоў з паслядоўным тэрмінам цвіцення.

Глядзіце на абрэвіятуры пры адзначэнні сорту: РР (5—9 чэрвеня) — вельмі раннія; Р (10—14 чэрвеня) — раннія; СР (15—18 чэрвеня) — сярэдняраннія;  С (19—23 чэрвеня) — сярэднія; СП (24—28 чэрвеня) — сярэдняпознія; П (29 чэрвеня — 2 ліпеня) — познія; ПП (3—8 ліпеня) — вельмі познія.

Яшчэ адзін прынцып падзелу сартоў, важны пры выбары півонь, — па тыпе кветкі: немахровыя, японскія, анеманавідныя, паўмахровыя, махровыя.

Навізна сорту не азначае лепшую якасць — у асноўным бітва ідзе за незвычайную афарбоўку. Менавіта таму найноўшыя сарты дарагія. Старыя не горшыя.

Каб не аслабіць цвіценне

Добра палівайце півоні перад пачаткам і падчас цвіцення. Памятайце, што зразаючы кветкі для букета, вы аслабляеце куст. Таму зразайце не больш за 1/3 парасткаў з кожнага куста, каб не пазбавіць сябе выдатнага цвіцення на наступны год. Не забывайце падкормліваць кусты ўгнаеннямі (але не занадта захапляйцеся, інакш усе сілы расліна аддасць лісцю, а не кветкам). Перад зімой парасткі можна зрэзаць, толькі пасля палягання лісця ад першых замаразкаў. Трэба даць расліне магчымасць набраць як мага больш сіл перад наступным годам.

Загаловак у газеце: Час выбіраць півоні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.