Вы тут

Для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні зарэгістраваліся 733 абітурыенты


Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні зарэгістраваліся 733 абітурыенты. Летась сваё права скарыстацца дадатковай магчымасцю змаглі пацвердзіць 797 чалавек, але здаць яны маглі толькі адзін прадмет.


З 2017 года ў абітурыентаў з'явілася магчымасць здаваць у рэзервовыя дні тры дысцыпліны і такім чынам не губляць цэлы год, напрыклад, па прычыне хваробы. Праўда, графік здачы экзаменаў атрымліваецца даволі шчыльны (6, 8 і 10 ліпеня). Праходзіць выпрабаванні па трох прадметах будуць 25 чалавек, а 84 абітурыенты запісаліся на тэсціраванне па двух прадметах. Найбольшая колькасць абітурыентаў будуць здаваць рускую мову (226 чалавек) і матэматыку (134 чалавекі).

Кожны зварот па дазвол удзельнічаць у ЦТ у рэзервовыя дні разглядаўся індывідуальна. Да ўважлівых прычын адносіцца хвароба, а таксама ўдзел у міжнародных спаборніцтвах... Паколькі ўступныя выпрабаванні здаюць не толькі выпускнікі школ і гімназій, але і людзі, якія працуюць, іх адсутнасць можа быць абумоўлена вытворчай неабходнасцю: чалавек знаходзіўся ў камандзіроўцы... Ёсць і чыста тэхнічныя прычыны, напрыклад затрымаўся рэйс самалёта, спазніўся прыгарадны ці міжгародні аўтобус.

А вось абітурыентам, якія не трапілі на іспыты ў асноўны дзень, бо не мелі з сабой пашпарта (захапілі, напрыклад, толькі яго копію ці пасведчанне кіроўцы), пераздачу не дазваляюць. Тое, што пашпарт «быў у пасольстве на візе», таксама не лічыцца ўважлівай прычынай. Тэрміны правядзення ўступнай кампаніі вядомыя даўно, таму трэба загадзя вызначацца, што важнейшае: паехаць на адпачынак ці атрымаць вышэйшую адукацыю. Выключэнняў нікому не робяць...

Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовыя дні вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Тры ЦТ за пяць дзён

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.