Вы тут

У ТОПе жыццёвых каштоўнасцяў у школьнікаў — сям'я, здароўе і адукацыя


Эмацыянальнае самаадчуванне школьніка, жыццёвыя каштоўнасці і ўстаноўкі старшакласнікаў, прычыны ўзнікнення крызісных сітуацый і многія іншыя важныя аспекты аказаліся ў цэнтры ўвагі рэспубліканскага маніторынгу, праведзенага Нацыянальным інстытутам адукацыі па заказе Міністэрства адукацыі.


Упэўненасць ці трывога?

Адным з найважнейшых паказчыкаў эмацыянальнага камфорту асобы з'яўляецца задаволенасць сабой і сваім жыццём. Як паказалі адказы старшакласнікаў, найбольш спрыяльнай для іх з'яўляецца сфера сямейных адносінаў: імі задаволены 86,4% апытаных. У крыху меншай ступені хлопцы і дзяўчаты задаволены адносінамі з аднакласнікамі і настаўнікамі (74 і 76% адказаў «задаволены»). Разважаючы аб заўтрашнім дні, большасць вучняў старшых класаў адчуваюць надзею, аптымізм (71,5%), спакой і ўпэўненасць (68,3%). У той жа час у кожнага дзясятага рэспандэнта думкі пра будучыню выклікаюць трывогу і няўпэўненасць (11,3%), а каля аднаго працэнта адказалі, што яны адчуваюць страх і адчай.

Важны фактар, які абумоўлівае стрэсаўстойлівасць асобы і эфектыўнасць пераадолення жыццёвых цяжкасцяў, — вера ва ўласныя сілы, якая дапамагае рэалізоўваць свае жыццёвыя мэты, ісці наперад, нягледзячы на абставіны. Амаль дзве трэці рэспандэнтаў (65,7%) адказалі адназначна станоўча, што яны вераць у сябе і свае сілы. 31,2% хоць і адчуваюць некаторыя сумненні, усё ж стараюцца пазітыўна ацэньваць свае магчымасці. Прыкладна столькі ж вучняў адзначылі, што для больш шчаслівага жыцця і паспяховага вырашэння праблем ім не хапае такой якасці, як упэўненасць у сабе.

«Я падумаю пра гэта заўтра»

У сілу гендарных асаблівасцяў ад няўпэўненасці ў сабе часцей церпяць дзяўчаты, юнакі ж менш схільныя прызнавацца ў сваіх недахопах, уласных праблемах і ў большай ступені вераць у сябе і ва ўласныя сілы.

Большасць старшакласнікаў бачаць сэнс жыцця чалавека, і адпаведна сэнс свайго жыцця, у дасягненні канкрэтных жыццёвых мэтаў (69,3%), што цалкам суадносіцца з агульнай прагматычнай скіраванасцю сучаснага грамадства.

Практычна дзве трэці апытаных адзначылі, што галоўнае ў іх жыцці — гэта рэалізацыя сваіх здольнасцяў і самаўдасканаленне, што на 13% больш, чым у папярэднім даследаванні. На трэцяй па папулярнасці пазіцыі знаходзяцца сацыяльна-арыентаваныя каштоўнасныя ўстаноўкі з альтруістычнай скіраванасцю: стасункі з сябрамі і імкненне прыносіць карысць і радасць навакольным адзначыла большая палова апытаных. Далей па ступені важнасці для сучасных старшакласнікаў ідуць такія жыццёвыя арыенціры, як пазнанне навакольнага свету (45,8%) і імкненне мець усё неабходнае для цікавага жыцця (32,5%). Каля 12% апытаных адказалі, што сэнс для іх заключаецца ў тым, каб жыць сёння, не задумваючыся пра заўтрашні дзень. І менш за адзін працэнт удзельнікаў пакуль не задумваліся над гэтым пытаннем.

Першае месца ў іерархіі жыццёвых каштоўнасцяў навучэнцаў займае сям'я (каля 85% апытаных). Далей ідуць такія каштоўнасці, як здароўе (73,7%) і добрая адукацыя (65,3%).

Большая палова рэспандэнтаў таксама адзначылі, што для іх вельмі важныя стасункі з сябрамі і каханне (57 і 59 працэнтаў адказаў адпаведна). Далей ідуць такія каштоўнасці, як свабода асобы, душэўнасць, дабрыня (прыблізна па 38% адказаў). Немалаважнае значэнне для сучаснага пакалення мае і матэрыяльны дабрабыт: ён з'яўляецца жыццёвым прыярытэтам для кожнага трэцяга старшакласніка і нярэдка больш важны, чым духоўнае развіццё і самапазнанне (28% адказаў).

Для пэўнай часткі навучэнцаў важныя забавы і задавальненні (каля 20% адказаў). Іншыя лічаць прыярытэтам самарэалізацыю ў творчасці і веру ў Бога (19,9% і 13,5% адпаведна). Завяршае спіс каштоўнасцяў рызыка і вострыя адчуванні (7,5% адказаў), якія могуць увасабляцца ў розных экстрэмальных забавах.

Грэх ці права чалавека?

Базавай устаноўкай, якая дапамагае пераадольваць цяжкасці і папярэджваць узнікненне крызіснага стану, думак і ўчынкаў, скіраваных на самаразбурэнне, з'яўляецца адчуванне каштоўнасці і непаўторнасці свайго ўласнага жыцця, уяўленне пра сябе, як пра ўнікальную асобу. Большасць навучэнцаў (73,5%) выказалі поўную згоду са сцверджаннем «Маё жыццё мае асаблівую каштоўнасць і сэнс, якія б я ні перажываў цяжкасці». 21% апытаных, хоць і з пэўнай доляй сумнення, таксама схіляюцца да гэтай думкі. У той жа час ёсць старшакласнікі (іх каля 5%), якія не бачаць асаблівай каштоўнасці і сэнсу ў сваім жыцці.

Устаноўку «Калі я не дасягну таго, чаго хачу, то ўсё страціць свой сэнс» схільныя раздзяліць 13% навучэнцаў. І прыблізна 3% апытаных патрабуецца кваліфікаваная псіхалагічная дапамога.

Большасць старшакласнікаў згодныя з тым, што, пазбаўляючы сябе жыцця, чалавек паддаецца ўплыву абставін, адмаўляецца змагацца. Увогуле ў адносінах да праблемы самагубства найбольш распаўсюджаныя наступныя пункты погляду: «Самазабойства — гэта праява слабасці» ці «Самазабойства недапушчальнае, гэта страшны грэх». У той жа час каля 10 працэнтаў навучэнцаў лічаць, што самазабойства — асабістае права чалавека, меркаванне, што суіцыд можа быць эфектыўным спосабам адыходу з жыцця, схільны раздзяліць 8,3% навучэнцаў.

У хлопцаў і дзяўчат пераважае аптымістычны настрой, большасць з іх упэўнены, што ў жыцці заўсёды можна знайсці пазітыўныя моманты. Аднак адказы некаторай часткі старшакласнікаў сведчаць пра наяўнасць у іх установак, уласцівых дэпрэсіўнаму ўспрыманню свету. Так, каля 17% апытаных прызналіся, што ім падабаюцца музыка і вершы, у якіх распавядаецца пра адзіноцтва чалавека, бязвыхаднасць жыцця, сыход у іншую рэчаіснасць...

На думку спецыялістаў, трывожным сімптомам, разам з іншымі праявамі дэпрэсіі і дэзадаптацыі, з'яўляецца нездаровы інтарэс да тэм, звязаных з замагільнымі светам і жыццём, які назіраецца ў 15% навучэнцаў.

Пэўную ролю ў фарміраванні падобных установак іграюць асобныя маладзёжныя субкультуры, якія культывуюць тэмы смерці, адзіноцтва і незямной рэчаіснасці. Часта гэта звязана з захапленнем акультызмам, магіяй, чаму ў многім спрыяе сучасная масавая культура.

Ускладняе дэпрэсіўны стан уласцівая падлеткаваму ўзросту схільнасць замыкацца ў сабе, нежаданне звяртацца да дарослых па дапамогу, дзяліцца сваімі перажываннямі. Каля 40% апытаных старшакласнікаў схільныя лічыць, што «наўрад ці хтосьці можа зразумець іх унутраны свет, перажыванні і пакуты».

Як сцвярджаюць псіхолагі, для прафілактыкі суіцыдальных паводзін і дэпрэсіўнага стану вялікае значэнне мае ўменне падтрымліваць пазітыўныя адносіны з навакольнымі і знаходзіць задавальненне ў стасунках з іншымі людзьмі, занятымі любімай справай. Але амаль кожны дзясяты старшакласнік сёння лічыць камп'ютарныя гульні і камунікацыю ў інтэрнэце больш цікавымі за рэальнае жыццё.

Калі хочацца збегчы з дому...

Прычын узнікнення крызісных сітуацый у жыцці маладых людзей шмат: гэта перажыванні з-за няшчаснага кахання (53% рэспандэнтаў), складаныя стасункі з равеснікамі (49,7%), праблемныя адносіны з бацькамі (47,8%), няўдачы ў вучобе (40%), спажыванне алкаголю і наркотыкаў (30,8%), страх пакарання ці ганьбы, боязь не апраўдаць чаканні бацькоў, канфлікты з настаўнікам, прыніжэнне, ціск з боку педагога...

Высветлілася, што далёка не ўсе старшакласнікі могуць расказаць бацькам пра тое, што іх хвалюе: 27% навучэнцаў адзначылі, што яны могуць толькі зрэдку абмеркаваць з імі свае праблемы. Каля васьмі працэнтаў бацькоў таксама канстатавалі, што іх дзіця вельмі рэдка дзеліцца сваімі перажываннямі. Часцей за ўсё старшакласнікі абмяркоўваюць у сям'і пытанні, звязаныя з вучобай і выбарам прафесіі, пытанні, якія датычацца іх захапленняў, узаемаадносін з аднакласнікамі і сябрамі. У той жа час толькі каля паловы апытаных адказалі, што яны могуць абмеркаваць з бацькамі пытанні сэнсу і мэтаў жыцця, яшчэ радзей старшакласнікі могуць пагутарыць з бацькамі пра ўзаемаадносіны з іншым полам, пра каштоўнасці, на якіх трэба будаваць сваё жыццё.

І вось яшчэ некалькі лічбаў для роздуму: 8% старшакласнікаў адчуваюць пастаянны страх быць пакаранымі бацькамі. Каля 13 працэнтаў увесь час баяцца асуджэння з іх боку, і больш як 5% падлеткаў адказалі, што бацькі прымяняюць у адносінах да іх фізічныя меры пакарання.

3,5 працэнта апытаных пастаянна сутыкаюцца ў сям'і з сітуацыямі, калі ім хочацца ўцячы з дому (15,4% паведамілі, што такія думкі зрэдку ў іх узнікаюць). І каля 5% апытаных сказалі, што яны не адчуваюць сябе дома ў бяспецы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Якое ж яно складанае... дарослае жыццё

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.