Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра перамогі беларускіх гімнастаў, прызавыя месцы гімнастак, крытычнае становішча ў футболе і хакеі.


1. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі, на жаль, працягнулі вельмі непрыемна здзіўляць сваіх прыхільнікаў у матчах кваліфікацыі чэмпіянату свету—2018. Пасля нічыёй з Люксембургам у Барысаве, якая ўспрымалася як прыкрае непаразуменне, яны прайгралі на яго полі. Адзіны гол забіў Даніэль дэ Мота, госці спрабавалі даволі нязграбна адыграцца, але вынік не змяніўся. Гэта ўжо другое паражэнне беларусаў ад Люксембурга ў 10 праведзеных сустрэчах, першае здарылася з такім жа лікам у кастрычніку 2007 года ў Гомелі.

А ў мінулую нядзелю каманду Ігара Крывушэнкі на «Барысаў-арэне» ўжо не абыграла, а літаральна знішчыла каманда Швецыі — 0:4. Толькі ў стартавыя 15 хвілін беларусы гулялі як роўныя, а затым здарыліся недарэчныя памылкі ў абароне, вынікам якіх сталі тры галы ў вароты Сяргея Чэрніка. Апошні гол у матчы быў забіты на 84-й хвіліне з пенальці.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка назваў індывідуальныя памылкі футбалістаў адзінай прычынай паражэння.

— ...Дапускаць такія памылкі дасведчаным гульцам недазваляльна. Я разумею, калі маладыя хлопцы ў ДЮСШ... Але тут я проста зразумець не магу. Бяздарныя памылкі здзейснілі ў абароне... Тут справа ў індывідуальных памылках, толькі ў індывідуальных памылках.

Таксама галоўны трэнер зборнай адзначыў, што змены ў складзе ў матчах з французамі і галандцамі «будуць адназначна: такое трываць нельга. Ёсць пэўны давер да людзей, але, калі яны яго не апраўдваюць, калі яны плююць проста, такое дараваць нельга».

Ну, а зборная Люксембурга ў той жа дзень у матчы супраць каманды Францыі на яе полі паднесла яшчэ адзін сюрпрыз — нулявую нічыю з лідарам нашай групы А. 103 гады люксембуржцы гулялі з французамі без нічыіх і тым больш перамог. І самае зневажальнае тое, што гэтая нічыя дазволіла Люксембургу сысці з апошняга месца, адаслаўшы туды менавіта зборную Беларусі, на якім яна, хутчэй за ўсё, можа і завяршыць гэты адборачны турнір.

Таксама свой дамашні матч у адборачным турніры да ЧЕ-2019 прайгралі футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21). На полі ў Барысаве яны саступілі камандзе Грэцыі з лікам 0:2.


2. На чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы, які прайшоў у італьянскім Пезара, наша Кацярына Галкіна заваявала сярэбраную ўзнагароду ў практыкаванні з булавамі. Лепш беларускі сваю кампазіцыю выканала толькі расіянка Дзіна Аверына, бронзавым прызёрам у гэтым відзе стала яе сястра-блізняк Арына Аверына. Для Галкінай сярэбраны медаль — першая індывідуальная ўзнагарода на чэмпіянатах свету.

Яшчэ адна беларуская гімнастка Марыя Трубач заваявала бронзавую ўзнагароду на Сусветнай універсіядзе ў Тайбэі. У фінальным практыкаванні з мячом беларуска паказала трэці вынік. Скарбонка беларускай студэнцкай зборнай у Тайбэі склала дзевяць узнагарод: тры залатыя, чатыры сярэбраныя і дзве бронзавыя. На вышэйшую прыступку п'едэстала гонару ўзнімалася Ірына Жук, двойчы заваяваў залатыя медалі Ілья Шымановіч. Сярэбраныя ўзнагароды ў Эльвіры Герман, Ганны Малышчык, Паўла Барэйшы і Дар'і Навумавай, бронза ў Ганны Бажко і Марыі Трубач.


3. Хакеісты «Дынама-Мінск» пачалі першую выязную серыю рэгулярнага чэмпіянату КХЛ з паражэння ад «Слована» з лікам 2:4. У другім гасцявым матчы з маскоўскім «Спартаком» беларуская каманда не прапусціла, але і не забіла ў асноўны час і авертайме, але буліты зноў не прынеслі камандзе Гордзі Дуйера перамогі: 0:1 — «зубры» пацярпелі пятае паражэнне запар, набралі толькі два ачкі і займаюць апошні радок у турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. У юбілейным, 10-м сезоне КХЛ, «Дынама-Мінск» праводзіць найгоршы старт у сваёй гісторыі.

Таксама па булітах свае выязныя матчы прайграў у Лізе чэмпіёнаў гродзенскі «Нёман». Спачатку швейцарскаму «Цугу» з лікам 2:3, а потым і аўстрыйскай «Вене Кэпіталз» — 4:5.


4. На адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе наша Аляксандра Сасновіч (88 нумар сусветнага рэйтынгу) згуляла два матчы. У першым яна перамагла амерыканку Джулію Басеруп (115) з лікам 6:2, 6:2 па партыях, а вось у другім матчы саступіла аўстралійцы Эшлі Барці (43) — 1:6, 6:7 (7:9). Мужчыны наогул выбылі ў першым крузе: Максім Мірны і паляк Марцін Маткоўскі прайгралі амерыканскаму дуэту Тэйлар Фрытц/Рэйлі Апелка — 6:7 (5:7), 4:6, а Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Касцілья саступілі італьянска-французскаму тандэму Андрэас Сепі/Адрыян Манарына — 3:6, 6:7 (3:7).


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў першым туры SЕHА-лігі драматычна саступіў у гасцях славацкаму «Татрану». Чэмпіёны Беларусі на апошняй хвіліне дапусцілі прыкрую памылку, і «Татран» забіў пераможны мяч за некалькі секунд да канца матча — 24:23 на карысць гаспадароў.

Загаловак у газеце: Перамогі толькі ў гімнастыцы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.