У гэтай аварыі загінулі 22-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, яго малыя пляменнікі: двухгадовы хлопчык і трохгадовая дзяўчынка, і 16-гадовы хлопец, далёкі сваяк кіроўцы. Чатырохгадовая дзяўчынка і 15-гадовы хлопец у цяжкім стане былі дастаўлены ў райбальніцу. Пазней іх перавезлі ў Брэст.
Яшчэ днём напярэдадні выхадных невялікая вёска Рылавічы жыла клопатамі пра ўборку бульбы. 22-гадовы Аляксандр паклікаў малых пляменнікаў, дзяцей сваёй сястры, і ўзяўся падвезці іх у поле, дзе працавалі старэйшыя. У машыне ўжо быў 16-гадовы юнак. Пакатацца папрасілася і малая суседка, чатырохгадовая Алеся. Па дарозе яны падабралі 15-гадовага Мікалая, які спяшаўся на цягнік у Пінск, каб падвезці яго да чыгуначнага прыпынку «Юхнавічы». Каля гэтага прыпынку і здарылася непапраўнае. Кіроўца паехаў на чырвонае святло ў спадзяванні праскочыць. Хоць, як стала вядома пазней, машыніст саставу «Лунінец — Брэст» падаваў гукавыя сігналы, але прадухіліць аварыю не ўдалося.
— Бяда здарылася ў пятніцу вечарам, — сказаў нашаму карэспандэнту старшыня Іванаўскага раённага Савета Канстанцін ВАЎРУК. — А ў суботу ў Дастоеве павінны былі праходзіць раённыя дажынкі. Вядома, свята мы адмянілі ў знак жалобы. Работнікі Бродніцкага сельвыканкама аказвалі ўсю неабходную дапамогу ў арганізацыі пахавання. Падключыліся арганізацыі, дзе працуюць бацькі загінулых. Пахаванне адбылося ў нядзелю. Смуткуе не толькі маленькая вёска Рылавічы, смуткуе ўвесь раён.
На месца здарэння выязджалі прадстаўнікі галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата СК Рэспублікі Беларусь, следчыя абласнога і раённага СК, спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, супрацоўнікі пракуратуры і міліцыі. Заведзена крымінальная справа па факце парушэння правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой гібель чатырох чалавек па неасцярожнасці.
Святлана ЯСКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?