Вы тут

Што знойдзем у Найдзіна?


У выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі» выйшла кніга апавяданняў Васіля Найдзіна «Анюціны вочкі». Аўтар, што вядомы чытачу найперш як сатырык і гумарыст, прадставіў на чытацкі суд шэраг апавяданняў рознай танальнасці: гучаць тут не толькі вясёлыя ноты — у кнізе багата тужлівых разваг-роздумаў пра цеплыню і трываласць чалавечых стасункаў і хуткаплыннасць жыцця.


Нават апавяданне «Анюціны вочкі», якое дало назву новай кнізе, мае столькі супярэчлівых адценняў штодзённасці, што гумар у ім выглядае не як вызначальны кампанент, а як пэўны аптымістычны ракурс. Галоўныя героі — старыя людзі, што жывуць у вёсцы звыклым парадкам (гаспадарка, агарод, тэлевізар), вядуць «дыскусіі», дзе лепш садзіць агуркі і цыбулю, без нагоды сварацца і нязлосна кпяць адно з аднога. Вядома, ёсць тут і сусед, з якім галоўны герой абмяркоўвае лад жыцця шпакоў і пытанні сусветнай палітыкі… Многія рэплікі старых выклікаюць усмешку, у многіх выразах чытач пазнае або сваіх родных, або суседзяў. Няма кульмінацыі сюжэта, замест гэтага — скрушная разважлівасць старасці, калі чалавек застаецца на самоце адно з успамінамі пра любага чалавека. Карціна, створаная пісьменнікам, сапраўды кранальная: удавец Макар пасля смерці жонкі Анюты сам высаджвае на граду яе ўлюбёныя «анюціны вочкі», хаця ніколі не любіў кветак. У кнізе нямала такіх шчымлівых пасляслоўяў да супольнага жыцця, і ў асэнсаванні іх няма напружанай трагічнасці, хутчэй, мудрая сцішаная тужлівасць. Дазволіць сабе гэта можа толькі чалавек з багатым жыццёвым досведам, якому давялося назіраць багата «сюжэтаў» і перажываць іх самому.

Аднак далёка не ўсё апавяданні такія. У многіх пазнаецца адзін з самых вядомых аўтараў часопіса «Вожык», калі чытач можа папросту ад душы пасмяцца разам з аўтарам — нягледзячы на тое, што пэўная маральна-сацыяльная праблема абавязкова прысутнічае ў творы. Вядома, не магла застацца без увагі Васіля Найдзіна, які амаль усё жыццё працуе ў літаратурнай сферы, выдавецка-кніжная тэма. Напрыклад, у апавяданні «Аўтарытэтны гумар» пісьменнік-гумарыст Перчык вядзе перамовы з рэдактарам выдавецтва: надзеі на выданне кнігі ў найбліжэйшы час няма, чарга такая вялікая, што рукапіс Перчыка трапляе на паліцу з подпісам «2025». І калі ў самога аўтара і яго чытачоў смех выклікае тэкст твораў, то рэдактара пацяшае іншае: безнадзейна агромністы стос рукапісаў… Бадай, няма ніводнага пісьменніка, у творчасці якога рана ці позна не ўзнікае сатырычнага асэнсавання выдавецкага працэсу.

Спалучэнне гумару з усведамленнем чалавечай адзіноты, незваротнасці маладосці, глыбіні псіхалагічных прывязак у няпростым сямейным жыцці — адметнасць стылю Васіля Найдзіна. Ёсць нагода і пасмяяцца, і ўсур’ёз задумацца. Апавяданні прысвечаныя розным тэмам: бацькі і дзеці, сацыяльныя праблемы сучаснай вёскі, імкненне ці няўменне сужэнцаў захаваць хісткую сямейную абалонку, штучнасць папяровай офіснай іерархіі… І па-над усім — шчырае перакананне аўтара, што сапраўднае (каханне, сяброўства, адданасць, сумленнасць) усё адно пераможа. Нават калі гэта не ёсць відавочным з пункту гледжання дня сённяшняга, што звычайна ацэньваецца паводле знешніх прыкмет матэрыяльнага дабрабыту ці хуткаплыннага поспеху.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.