У Нацыянальнай акадэміі навук традыцыйна назвалі топ-10 вынікаў працы за 2017 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. У выніковы спіс увайшлі найлепшыя работы айчынных вучоных з розных інстытутаў.
Сярод тых, хто трапіў у дзясятку, — калектыў Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі, які займаўся фундаментальнымі даследаваннямі і распрацоўкай малагабарытнага мабільнага суперкамп'ютара, прызначанага для апрацоўкі вялікіх масіваў даных і рашэння задач высокадакладнага мадэлявання і праектавання. Вельмі высока была ацэненая і работа аўтарскага калектыву НПЦ па матэрыялазнаўстве па распрацоўцы і сінтэзе кампазіцыйных і нанаструктурных магнітных матэрыялаў, якія забяспечваюць высокія функцыянальныя ЗВЧ-характарыстыкі і абарону вырабаў мікраэлектронікі ад дэстабілізавальнага вонкавага ўздзеяння.
Навукоўцы з Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі трапілі ў топ за стварэнне метадаў і праграм разліку аптычных сячэнняў атамных ядраў з гарантаванай дакладнасцю, што прымяняюцца пры вырашэнні навуковых і інжынерных задач атамнай энергетыкі. Калектыў Інстытута біяарганічнай хіміі НАН — за ўстанаўленне малекулярнага механізма падаўлення імунітэту чалавека мікабактэрыямі Mусоbасtеrіum tubеrсulоsіs з мэтай стварэння супрацьтуберкулезных прэпаратаў новага пакалення. Яшчэ адзін калектыў з Інстытута біяарганічнай хіміі быў уключаны ў топ за выяўленне новага ўніверсальнага індыкатара антыаксідантнага патэнцыялу для дыягностыкі ўстойлівасці чалавека да акісляльнага стрэсу.
Самую высокую ацэнку атрымаў і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Сяргей Федаровіч — за ўстанаўленне механізма парушэнняў сінаптычнай перадачы ў нейронах у жывёл пры гіпаксіі, карэкцыя якіх дазваляе абараніць мозг ад пашкоджанняў пры ішэмічным інсульце.
За выяўленне і інактывацыю генаў рэгуляцыі біясінтэзу антымікробных метабалітаў у бактэрый, што дазваляе стварыць сродкі абароны раслін новага пакалення, адзначаны калектыў аўтараў Інстытута мікрабіялогіі. Навукоўцы Інстытута глебазнаўства і аграхіміі стварылі мікробную кампазіцыю, якая спалучае ўласцівасці біяўгнаення, рэгулятара росту і біяфунгіцыду.
У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі распрацавалі метадалогію канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварылі першы поўны беларускі лінгвістычны даведнік.
У лік пераможцаў увайшлі таксама і навукоўцы Інстытута гісторыі НАН — за адкрыццё на Палессі ўнікальных для сусветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў, а таксама раскрыццё працэсу фарміравання і развіцця раннеславянскай супольнасці на тэрыторыі Беларусі.
Узнагароджанне пераможцаў будзе прымеркавана да Дня беларускай навукі, які адзначаецца ў канцы студзеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?